Крымінальная справа супраць польскіх сілавікоў, тэлефонныя размовы з Мэркель. Хроніка падзеяў на мяжы


Крымінальная справа супраць польскіх сілавікоў, хворыя на COVID-19 ковід сярод мігрантаў, тэлефонныя размовы з Мэркель і чарговыя спробы незаконнага пераходу мяжы. «Belsat» працягвае складаць хроніку падзеяў на мяжы Беларусі з Еўразвязам. Згадваем асноўныя падзеі за мінулы тыдзень.

Hавiны
Міграцыйны крызіс. Хроніка галоўных падзеяў
2021.11.17 07:30

17 лістапада. Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу ў дачыненні польскіх сілавікоў паводле арт. 128 КК РБ («Злачынства супраць бяспекі чалавецтва. Масавыя акты жорсткасці, якія здзяйсняюцца ў сувязі з расавай і этнічнай прыналежнасцю»). Паводле СК, падчас падзеяў 16 лістапада на памежным пераходзе «Брузгі – Кузніца» польскі бок выкарыстоўваў супраць мігрантаў слезацечны газ, вадамёты і святлошумавыя гранаты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ля пункту пропуску «Брузгі – Кузніца». 16 лістапада 2021 года.
Фота: Леанід Шчаглоў / БЕЛТА / TASS / Forum

Еўразвяз паведаміў пра вылучэнне € 700 000 на дапамогу мігрантам на мяжы Беларусі. Сродкі пойдуць на наданне неабходнай дапамогі, улучна з харчамі, гігіенічнымі наборамі, коўдрамі і аптэчкамі. Фінансаванне – частка агульнага ўнёску ЕЗ у Надзвычайны фонд дапамогі пры стыхійных бедствах.

У гэты ж дзень адбылася другая тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з выканальніцай абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангелай Мэркель.

Праўладны тэлеграм-канал «Пул первого» паведаміў, што Мэркель з Лукашэнкам гаварылі пра недапушчальнасць пагаршэння сітуацыі на мяжы і дамовіліся пра гуманітарную дапамогу мігрантам, а таксама вырашылі падтрымліваць кантакты.

Прэс-служба Ангелы Мэркель, у сваю чаргу, падкрэсліла, што канцлерка настойвае на неабходнасці забяспечыць гуманітарную дапамогу і магчымасць мігрантам вярнуцца на радзіму.

18 лістапада. Міністэрства абароны Польшчы паведаміла, што мігранты спрабавалі перайсці мяжу ўначы з 17 на 18 лістапада з дапамогай беларускіх сілавікоў, а менавіта – вайскоўцаў спецназу.

Паводле польскага ведамства, беларускі спецназ правёў выведку, пашкодзіў плот і прымусіў мігрантаў кідаць камяні ў польскіх вайскоўцаў, каб адцягнуць увагу. Адначасова на адлегласці некалькіх соцень метраў іншая група мігрантаў паспрабавала перайсці мяжу. Адбывалася гэта ў ваколіцах вёскі Дубічы Царкоўныя. Каля ста мігрантаў былі затрыманыя польскімі службамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты каля транспартна-лагістычнага цэнтру на беларуска-польскай мяжы. 18 лістапада 2021 года.
Фота: Максім Гучак / БЕЛТА / TASS / Forum

Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант паведаміла, што на 18 лістапада на тэрыторыі Беларусі было каля 7000 уцекачоў. З іх на мяжы – у так званым стыхійным лагеры – каля 2000 чалавек. І ад 200 да 500 чалавек застаюцца на мяжы ў іншых месцах.

Краіны «Вялікай сямёркі» асудзілі дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі для арганізацыі незаконнай міграцыі. Адпаведная заява была размешчаная на сайце брытанскага ўраду.

У гэты ж дзень быў выкананы эвакуацыйны рэйс авіякампаніі «Iraqi Airways», які забраў з Беларусі мігрантаў з Іраку. Самалёт з мігрантамі прызямліўся ў Эрбілі, дзе некаторыя пасажыры высадзіліся, а астатнія паляцелі ў Багдад.

Інфаграфіка
Дзе колькі мігрантаў на «беларускім маршруце»
2021.11.21 09:00

19 лістапада. У аднаго з мігрантаў, якія захраслі ў лагістычным цэнтры на беларуска-польскай мяжы, выявілі каронавірус. Ён у цяжкім стане ў рэанімацыі ўніверсітэцкага шпіталю Горадні.

Уначы на 19 лістапада мігранты скарысталіся драўлянымі паддонамі, каб пералезці праз калючы дрот. Спроба парушыць мяжу не ўдалася, бо польскія вайскоўцы зацягнулі паддоны да сябе. У бок польскіх сілавікоў ляцелі камяні, а тыя ў адказ ужылі газ. Пры гэтым беларускія сілавікі асляплялі палякаў зялёнымі ліхтарамі, каб дапамагчы мігрантам незаконна перайсці мяжу.

Каля 16-й гадзіны польскага часу ў ваколіцах вёскі Стажына мігранты зрабілі спробу перайсці беларуска-польскую мяжу. Пры гэтым яны закідалі польскіх паліцыянтаў і вайскоўцаў камянямі. Ніхто не пацярпеў, аднак былі пашкоджаныя два паліцэйскія фургоны. Мінуць мяжу мігранты не змаглі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты каля транспартна-лагістычнага цэнтру на беларуска-польскай мяжы. 20 лістапада 2021 года.
Фота: Сяргей Бабылёў / TASS / Forum

Некалькі спробаў сілавога прарыву мяжы былі і ў ваколіцах вёскі Дубічы Царкоўныя. Самая вялікая група налічвала каля 200 замежнікаў, у іншых было па некалькі дзясяткаў мігрантаў. Замежнікі паводзіліся агрэсіўна: кідалі камяні, петарды, выкарыстоўвалі слезацечны газ.

Агулам у пятніцу 19 лістапада польскія памежнікі зафіксавалі 195 спробаў нелегальнага мінання мяжы. Затрымалі 5 замежнікаў. 82 чалавекі будуць высланыя з Польшчы. За дапамогу мігрантам затрымалі дваіх грамадзянаў Украіны і аднаго грамадзяніна Нямеччыны.

Hавiны
Што за лагістычны цэнтр, куды пасялілі мігрантаў каля польскай мяжы
2021.11.20 07:30

20 лістапада. За содні польскія памежнікі зафіксавалі 208 спробаў незаконнага пераходу беларуска-польскай мяжы. Быў затрыманы адзін мігрант – жыхар Іраку.

У Эстоніі 20 лістапада пачалі будаваць часовую загароджу на сухапутнай мяжы з Расеяй – на паўночным усходзе каля Нарвы і на берагах ракі Піўзы, на паўднёвым усходзе. Калючым дротам узмацняюць агулам каля 40 км мяжы ў былым рэчышчы Нарвы, дзе «рызыка незаконнага мінання мяжы найбольшая». Да працы прыцягнулі 1700 рэзервістаў сілаў абароны, прызваных на вучэнні. Да 26 лістапада ў сувязі з будаўнічымі работамі забаранілі палёты самалётаў і беспілотнікаў у памежных з Расеяй раёнах.

Паводле намесніка генеральнага дырэктара Дэпартаменту паліцыі і памежнай аховы Эстоніі Эгерта Белічава, цяпер «міграцыйны ціск у Эстоніі не ўзмацняецца», але калі сітуацыя зменіцца, часовая агароджа мусіць дапамагчы перадухіліць масавае нелегальнае мінанне мяжы. Работы вядуць у паскораным тэмпе з прычыны міграцыйнага крызісу на межах Беларусі з Еўразвязам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіроўца з чарзе на памежным пераходзе «Бераставіца» на беларуска-польскай мяжы. 23 лістапада 2021 года.
Фота: Сяргей Бабылёў / TASS / Forum

21 лістапада. Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі заявіў, што Польшча абмяркоўвае больш сурʼёзныя дзеянні супраць Беларусі, улучна з закрыццём мяжы, транзітных і гандлёвых пераходаў. Гэта паспрыяе эканамічнаму ціску на рэжым Лукашэнкі, які, на думку польскага боку, вінаваты ў стварэнні міграцыйнага крызісу на мяжы з Еўразвязам.

Дэлегацыя Сусветнай арганізацыі здароўя прыбыла ў Беларусь для назірання за сітуацыяй з мігрантамі на беларуска-польскай мяжы. 21 лістапада лагер для мігрантаў у лагістычным цэнтры наведаў дырэктар у справе супрацьдзеяння надзвычайным сітуацыям Еўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ Геральд Рокеншаўб.

У гэты ж дзень польская Памежная ахова паведаміла пра чарговую спробу прарвацца праз беларуска-польскую мяжу ў раёне вёскі Дубічы Царкоўныя. Спробу ажыццяўляла група з 150 мігрантаў. Паводле польскага боку, напад на мяжу кантралявалі беларускія службы. Усяго за нядзелю, 21 лістапада, спробы перайсці беларуска-польскую мяжу рабіліся 346 разоў. 58 чалавек будуць дэпартаваныя з тэрыторыі Польшчы. Астатнія спробы былі перадухіленыя. За дапамогу ў нелегальнай міграцыі арыштаваныя 3 чалавекі: два грамадзяніны Сірыі і грамадзянін Грузіі.

22 лістапада. Начальніца Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Людміла Кеда паведаміла, што з лагістычнага цэнтру каля беларуска-польскай мяжы, у якім цяпер размяшчаюцца мігранты, шпіталізавалі каля ста чалавек з каронавіруснай інфекцыяй. Некаторыя з цяжкой формай хваробы. Сярод асноўных прычынаў шпіталізацыі Людміла Кеда вылучыла пнеўманію, захворванні лёгкіх, страўнікава-кішачнага тракту, бранхіяльную астму, цукровы дыябет, а таксама траўмы, атрыманыя на мяжы.

Але пазней у гэты ж дзень Міністэрства аховы здароўя назвала гэтую інфармацыю фэйкам. У ведамстве расказалі, што ў шпіталі Горадні лечыцца ўсяго адзін уцякач, у якога дыягнаставалі COVID-19. А 100 мігрантаў – гэта ўсе тыя, хто звярнуўся па медычную дапамогу з пачатку восені.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты збіраюцца падчас снегападу ў транспартна-лагістычным цэнтры 23 лістапада 2021 года.
Фота: KACPER PEMPEL / Reuters / Forum

Таксама ў гэты дзень адбылася тэлефонная размова паміж Святланай Ціханоўскай і Ангелай Мэркель. Палітыкі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі. Мэркель на пачатку размовы адзначыла, што «гэта добрая магчымасць паразмаўляць, бо вы былі не вельмі задаволеныя маёй размовай з Лукашэнкам».

Чытайце таксама:

ВК, belsat.eu

Стужка навінаў