У Беларусі зноў адклалі шэраг энергетычных праектаў, у тым звязаныя з БелАЭС


Пікава-рэзервовыя крыніцы энергіі для Астравецкай атамнай электрастанцыі планавалі дабудаваць да 2021 года, потым адклалі гэта на 2022-гі, а цяпер на 2023-ці, вынікае з пастановы Савету міністраў. Рэканструяваць шэраг кацельных раздумалі.

Астравецкая БелАЭС.
Фота: Minenergo_by / Telegram

Новая пастанова Савету міністраў Беларусі ад 20 кастрычніка мяняе дзве ранейшыя, звязаныя з планамі ў энергетыцы. Змены ўносяць у план развіцця энергетычнай сферы з улікам уводу БелАЭС, а таксама ў спіс інвестыцыйных праектаў у будаўніцтве пікава-рэзервовых крыніцаў энергіі і ўсталёўцы энергакатлоў.

Адметна, што на сайце Міністэрства энергетыкі сабраныя састарэлыя версіі гэтых дакументаў: першы план ад 2016 года ўжо мянялі ў 2020-м, другі спіс карэктавалі у студзені 2022-га.

Цяпер змены такія:

  • Завяршэнне будаўніцтва пікава-рэзервовых крыніцаў энергіі на базе газатурбінавых установак адкладаюць з 2022 года на 2023 год (а раней збіраліся завершыць у 2021-м). Гэтыя ўстаноўкі патрэбныя дзеля інтэграцыі БелАЭС у Аб’яднаную энергетычную сістэму.
  • Завяршэнне будаўніцтва пікава-рэзервовых крыніцаў энергіі на Бярозаўскай і Лукомльскай ГРЭС, а таксама на менскай ЦЭЦ-5 зноў адкладаюць, ужо на 2023 год (спачатку збіраліся завершыць у 2021-м).
  • Зусім скасоўваюць рэканструкцыі кацельных у вёсках Дарапеевічы і Пучыны, на вуліцах Падлеснай і Прырэчнай у Слоніме, у  пункце мытнага афармлення «Бераставіца-2», у доме-інтэрнаце ў аграгарадку Галавічполле, на вуліцы Лётнай у Слоніме.
  • Яшчэ больш змяншаюць планавыя магутнасці кацельных у пасёлку Акцябрскі (у 2019 годзе планавалі 1,1 МВт, цяпер – 0,195 МВт), на вуліцы Вядзеніна ў Лідзе (было 1,8 МВт, стала 0,085) і ў пасёлку Гудагай (было 1 МВт, стала 0,195).

Тлумачэнняў гэтых зменаў не публікавалі. Але падобна, справа ў тым, што тэрміны ўлучэння ў сетку першага энергаблоку БелАЭС зноў перанеслі на пазамінулым тыдні. Міністэрства энергетыкі Беларусі абяцала яшчэ ў ліпені запусціць першы энергаблок БелАЭС, які застаецца ў «планавым рамонце» з 25 красавіка. Гэтага ўсё яшчэ не адбылося, але цяпер абяцаюць запусціць да канца года.

Hавiны
У контур энергаблоку трапіла тона смалы: што цяпер адбываецца на БелАЭС і чаму там пастаянна нешта ламаецца
2022.03.10 19:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў