Сі Цзінь Пін пераабраўся на новы тэрмін, а ў кіраўніцтва Палітбюро ўвайшлі толькі ягоныя прыхільнікі


Сі Цзінь Пін працягне кіраваць Кітаем: ён быў пераабраны на пасаду генеральнага сакратара Цэнтральнага камітэту камуністычнай партыі КНР на трэці тэрмін, а ў Пастаянны камітэт Палітбюро ўвайшлі толькі лаяльныя яму людзі. Пра гэта паведамляе Reuters.

У Пекіне 22 кастрычніка завяршыў працу XX з’езд Камуністычнай партыі Кітая (КПК). На з’ездзе КПК абралі 205 чальцоў Цэнтральнага камітэту (ЦК) партыі, якія ў сваім чаргу зацвердзілі кіраўніцтва краіны на наступныя пяць гадоў.

Сі Цзінь Пін быў пераабраны на пасаду генеральнага сакратара Кампартыі. Таксама быў зацверджаны новы Пастаянны камітэт Палітбюро ЦК у складзе 7 чалавек – туды ўвайшлі толькі лаяльныя, шчыльна звязаныя з Сі Цзінь Пінам асобы.

Як адзначае Reuters, Сі Цзінь Пін захаваў пазіцыі самага магутнага кіраўніка краіны з часоў Маў Цзэ Дуна. Паводле Віллі Лама, эксперта Джэймзтаўнскі фонду, кітайскі лідар мае поўны кантроль над Палітбюро і ЦК, ніякіх стрымак і проціваг у кіраўніцтве Кітаю не будзе.

Бі-Бі-Сі называе пераабранне кітайскага лідара беспрэцэдэнтным. Да Сі Цзінь Піна, з часу Дэн Сяў Піна, у Кітаі дзейнічала абмежаванне ў два тэрміны на пасадзе генеральнага сакратара, але ў 2018 годзе яно па ініцыятыве цяперашняга лідара краіны было скасаванае.

Нагадаем, Сі Цзінь Пін прыйшоў да ўлады ў 2012 годзе і ўжо 10 гадоў застаецца нязменным лідарам Кітая. Ён з’яўляецца генеральным сакратарам ЦК КПК, старшынём Кітайскай Народнай Рэспублікі, а таксама старшынём Цэнтральнага вайсковага савету КНР.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў