Новыя прысуды за пратэсты-2020 у Гомлі і дзіўныя затрыманні ў Горадні. Рэпрэсіі за 23 кастрычніка


Палітычныя затрыманні, суды і рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца больш за два гады. Вось пра што стала вядома цягам аднаго дня 23 кастрычніка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Горадня, Беларусь. 6 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Суд Цэнтральнага раёну Гомля асудзіў мясцовых жыхароў Дзяніса Самкова і Сяргея Алейніка за ўдзел у акцыях пратэсту 20 верасня 2020 года, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Суд праходзіў яшчэ 8 чэрвеня, але вынікі сталі вядомыя толькі цяпер. Суддзя Сяргей Кармановіч прызнаў іх вінаватымі ў «Грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт. 342 КК РБ), прысудзіў Алейіку паўтара года пазбаўлення волі, Самкову – год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Алейнік адмовіўся прызнаць віну і тлумачыў, што парадак не парушаў, ад міліцыі не ўцякаў, а проста ішоў з масай людзей. Самкоў прызнаў віну ў поўным аб’ёме.

зона.бел
«Камбінат перапрацоўвання чалавечыны». Расказваем пра калонію № 1 у Наваполацку, дзе сядзіць Бабарыка
2022.10.23 13:00

Былога палітвязня і зноў зняволенага Юрыя Касцюка 23 кастрычніка пераводзяць з ІЧУ ў Пружанах у баранавіцкі СІЗА, піша «Берасцейская Вясна». Касцюк выйшаў на волю 6 студзеня пасля пакарання за «Знявагу дзяржаўных сімвалаў», але 15 лютага яго зноў затрымалі за ўдзел у Telegram-чаце асуджаных на «хімію». Падчас адбывання пакарання да маладзёна завіталі супрацоўнікі КДБ. Касцюка моцна збілі, было падазрэнне пра зламанне рэбраў. Супраць Касцюка пачалі крымінальную справу паводле арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»). Яму ўдалося з’ехаць у Расею, але яго затрымалі ў аэрапорце Сочы. У Расеі ён падаўся на статус уцекача, але яму адмовілі ў прытулку. Калі яго вялі на экстрадыцыю, ён парэзаў сабе жывот. 15 кастрычніка ён знік з Расеі. 17-га стала вядома, што яго экстрадавалі ў Беларусь, хоць Генеральная пракуратура Расеі забараніла экстрадыцыю, бо не пабачыла складу злачынства ў ягоных дзеяннях. У Беларусі яго вінавацяць у «Спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці».

Hавiны
Журналіста Любенчука і актывіста Міронава пачнуць судзіць 24 кастрычніка
2022.10.23 17:22

У Горадні стала вядома два дзіўныя затрыманні.

Telegram-каналы сілавікоў апублікавалі «пакаяннае відэа» затрыманага ў Горадні медыка «хуткай дапамогі» Артура Хлуса – сцвярджаюць, што ён нібыта рэгістраваўся ў плане «Перамога», а таксама ўдзельнічаў у пратэстах пасля выбараў 2020 года. Мужчыну затрымалі проста на вуліцы некалькі байцоў у вайсковай форме без апазнавальных знакаў.

Таксама ў Telegram каналы, звязаныя з сілавікамі, паведамілі пра затрыманне двух хлопцаў 14 і 15 гадоў, якія, як сцвярджаецца, згасілі Вечны агонь газіроўкай. Гэта кваліфікавалі як «Злоснае хуліганства». Сілавікі анансавалі паказальную «працэдуру заключэння пад варту» проста ў школе.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў