За відэа «Белсату» у Фэйсбуку будуць судзіць прафсаюзнага лідара з Полацку


Старшыню кантрольна-рэвізійнай камісіі Свабоднага прафсаюзу Беларускага ў Полацку Віктара Стукава абвінавачваюць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Нагодай стаў відэаролік «Белсату», размешчаны на старонцы Стукава ў Фэйсбуку, паведамляе рэгіянальны праваабарончы сайт «Віцебская вясна».

Віктар Стукаў.
Фота: Віктар Стукаў/Facebook

Пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні на прафсаюзнага лідара склаў 13 кастрычніка супрацоўнік Полацкага РАУС Віктар Кураш. На думку міліцыі, Стукаў распаўсюджваў у інтэрнэце экстрэмісцкія матэрыялы. Абвінавачанні яму выставілі завочна, бо меркаваны правапарушальнік у аддзяленне міліцыі для складання пратаколу не прыйшоў.

«23 верасня супрацоўнікамі Полацкага РАУС устаноўлена, што Стукаў, знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы, выкарыстоўваючы прылады з выхадам у Інтэрнэт, размясціў і захоўваў у адкрытым доступе ў сацыяльнай сетцы Facebook на асабістай старонцы «Віктар Стукаў» інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», – гаворыцца ў міліцэйскім пратаколе.

Міліцыя мяркуе, што Віктар Стукаў 16 і 23 ліпеня 2021 году «у неўстаноўлены час размясціў і захоўваў да моманту выяўлення супрацоўнікамі Полацкага РАУС відэа ў сацыяльнай сетцы Facebook з лагатыпам, лічбавым вадзяным знакам «Белсат TV», чым ажыццявіў яго распаўсюд».

На думку капітана міліцыі Віктара Кураша, у дзеяннях Стукава маюцца ўсе прыкметы складу правапарушэння, якія адпавядаюць ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць»).

Дата суду пакуль не вызначаная. Калі суд прызнае датычнасць прафсаюзнага лідара да распаўсюду экстрэмісцкіх відэаматэрыялаў, то яму пагражае штраф да 870 рублёў або арышт да 15 содняў.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў