За пікет з плакатам «Спыніце нелегальную міграцыю» менчука арыштавалі на 15 содняў


35-гадовага Віктара Яныша затрымалі 20 кастрычніка за адзіночны пікет з плакатам «Спыніце нелегальную міграцыю/Stop illegal migration» насупраць Міністэрства замежных справаў Беларусі.

На Яныша склалі пратакол за «несанкцыянаванае пікетаванне з мэтай выказвання свайго пратэсту па факце нязгоды з міграцыйнай палітыкай Беларусі, падчас якога знаходзіўся па адрасе вуліца Леніна, 28 і трымаў у руках ліст з надпісам «Спыніце нелегальную міграцыю«.

22 кастрычніка менчука судзілі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». На паседжанні Яныш патлумачыў, што стаў сведкам таго, як мігрант збіраўся нелегальна перасекчы мяжу, на што органы ўлады пасля скаргі Віктара ніяк не адрэагавалі. Гэта абурыла мужчыну, таму ён вырашыў выйсці з плакатам.

Суддзя суду Ленінскага раёну Юлія Шут асудзіла Віктара Яныша паводле арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі ці ўдзелу ў масавых мерапрыемствах») на 15 сутак арышту.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў