Ці з’явяцца ў Менску вуліцы Ніла Гілевіча, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна? ТБМ атрымала адказ ад уладаў


На пачатку кастрычніка бягучага году Таварыства беларускай мовы звярнулася ва ўпраўленне культуры Менскага гарвыканкаму з прапановай назваць імем Ніла Гілевіча, якому сёлета споўнілася б 90 гадоў, адну з вуліцаў у Менску.

22 кастрычніка ТБМ атрымала адказ – старшыня арганізацыі Алена Анісім выклала яго на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

«Паведамляем, што імя Ніла Гілевіча значыцца ў спісе прапанаваных арганізацыямі назваў для новых вуліц г.Менску, у ліку якіх імёны Васіля Быкава, Эдварда Вайніловіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Тадэвуша Рэйтана, Алеся Адамовіча і іншых, – гаворыцца ў адказе гарвыканкаму. – Вашая прапанова накіраваная ў камісію па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліцаў, плошчаў і іншых састаўных частак г.Менску і будзе ўлічана пры прысваенні найменняў састаўным часткам сталіцы».

Адказ падпісаны начальнікам упраўлення Уладзімірам Брэлем.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў