Памёр пісьменнік Юрый Станкевіч


Юрый Станкевіч.
Фота: Саюз беларускіх пісьменнікаў

22 кастрычніка на 77 годзе жыцця памёр вядомы беларускі пісьменнік Юрый Станкевіч. Ён меў хворае сэрца, ёсць звесткі, што хварэў на каронавірус.

Юрый Станкевіч (сапраўднае імя – Георгій Харытановіч) нарадзіўся 21 студзеня 1945 году ў Барысаве.

Бацька пісьменніка ў 1946 годзе быў рэпрэсаваны па 58-м артыкуле (контррэвалюцыйная дзейнасць) у Карагандзінскі папраўча-працоўны лагер. Юрый рана кінуў школу і пачаў працаваць. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, працаваў у барысаўскай аб’яднанай газеце. Пераехаў у Менск, дзе працаваў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзелу часопісу «Маладосць», загадчыкам аддзелу часопісу «Крыніца». З 1990 года – сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1988 годзе. Напісаў некалькі раманаў, шмат аповесцяў і апавяданняў, а таксама каля дзясятка п’ес і кінасцэнарыяў.

Важнейшымі кнігамі Станкевіча з’яўляюцца «Любіць ноч – права пацукоў» (2000), «Апладненне ёлупа» (2005), «Мільярд удараў» (2008), «П’яўка» (2010). Творы перакладзеныя на некалькі моваў.

У большасці сваіх твораў Станкевіч выяўляе апакаліптычную карціну рэчаіснасці, што чакае чалавецтва ў недалёкай будучыні. Таксама закранае нацыянальную тэматыку.

Двойчы намінаваны на літаратурную прэмію «Гліняны Вялес» за раман «Мільярд удараў» (2008) і раман «П’яўка» (2010).

У 2013 годзе раман «Шал» увайшоў у шорт-ліст прэміі імя Гедройца.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў