«Мае дзядзька і цётка ляжаць у магілах па віне ўлады». Андрэй Курэйчык згубіў з-за ковіду двух родных людзей


Андрэй Курэйчык.
Фота: RUNYweb.com

Рэжысёр Андрэй Курэйчык распавёў у відэа на сваім ютуб-канале, як ад каронавірусу памерлі ягоныя дзядзька і цётка. У іх смерці Курэйчык вінаваціць улады.

Дзядзька Курэйчыка сышоў на пачатку кастрычніка ў берасцейскай лякарні. Праз два тыдні, 15 кастрычніка, у рэанімацыі той жа лякарні не стала ягонай жонкі, якую Андрэй Курэйчык лічыў сваёй цёткай.

«Гэта была цудоўная пара, яны ў юнацтве ажаніліся і шмат дзесяцігоддзяў жылі душа ў душу», – кажа пра родных людзей рэжысёр.

Курэйчык распавядае, што сітуацыя з ковідам у Берасці жахлівая – немагчыма было нават знайсці гроб для пахавання цёткі.

«Памірае вялізная колькасць людзей. Гэта пацвярджае інфармацыю пра татальную фальсіфікацыю статыстыкі, – кажа рэжысёр. – Не спраўляецца ні сістэма аховы здароўя, ні пахавальныя бюро, як бачна. Але гэта і раней было відавочна, што ўся гэтая сістэма пабудаваная на абсалютнай хлусні. Паўтары гады таму гэтая хлусня прывяла да амаль поўнага знішчэння іміджу ўладаў, Лукашэнкі, таму што ўсе бачылі гэтую хлусню. Цяпер адбываецца роўна тое самае».

Паводле Курэйчыка, адзінае, што робіць улада ва ўмовах пандэміі – гэта хлусіць у статыстыцы.

«І потым яны могуць колькі заўгодна распавядаць, што гэта быў адзіны слушны шлях, але я па сабе буду ведаць, што мае дзядзька і цётка ляжаць у магілах з-за гэтай улады, – кажа рэжысёр. – З-за таго, што ўлада не прыняла ніякіх мераў па ўратаванні чалавечых жыццяў. Два чалавекі памерлі, а яны не павінны былі паміраць, і ў Еўропе яны б не памерлі. Яны б своечасова атрымалі б вакцыну, тэставанне, а не тады, калі ў цябе ўжо лёгкіх фактычна няма, і тады можа быць цябе так і быць правераць на ковід. А так, калі ў цябе хоць відавочныя, але першыя прыкметы, цябе нават тэставаць не будуць».

Андрэй Курэйчык заклікае не прабачаць уладам смерці беларусаў ад каронавірусу:

«Усе гэтыя смерці на сумленні цяперашняга беларускага ўраду. Па розных ацэнках Беларусь ад ковіду сёлета згубіць ад 60 да 100 тысячаў чалавек. Мая сям’я згубіла двух. У кожнага ёсць страты. Сябры, беражыце сябе. Няма ніводнай надзеі, што гэтая дзяржава, якая так ставіцца да свайго народу, акажа вам нейкую сур’ёзную дапамогу. Не разлічвайце на дзяржаву, разлічвайце толькі на сябе».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў