«Блізкім не даюць перадаць нават гігіенічных сродкаў». Сваячка затрыманага ў «справе Зельцара»


У «справе Зельцара» адбыліся масавыя затрыманні людзей больш за 3 тыдні таму: хапалі за каментары ў сацсетках ці невядома за што. Некаторыя сваякі дасюль не ведаюць, з якой нагоды іхныя блізкія столькі часу застаюцца ў зняволенні.

Мы пагутарылі з Вольгай (імя змененае з меркаванняў бяспекі), сваячкай аднаго з затрыманых, пра стан справы і ейны асабісты стан у такіх умовах. На вялікі жаль, жанчына ведае вельмі мала.

Паводле Вольгі, камунікацыі з затрыманымі, якіх змясцілі ў Жодзіна, няма аніякай:

«Ім не аддаюць перадачаў, пасылак, нават лістоў не перадаюць. Кажуць, што гэта так вырашылі праз каранцін. Калі пытаеш, калі скончыцца каранцін, адказваюць, што не ведаюць. Пытаеш, ці можна даведацца праз тэлефон. Кажуць, не, прыязджайце кожны дзень. А шмат хто з іншых гарадоў».

Hавiны
За тыдзень пытанняў у справе двайнога забойства ў Менску стала яшчэ больш
2021.10.06 20:02

Нашая суразмоўца адзначыла, што не прымаюць ніякіх перадачаў:

«Не даюць перадаць нават гігіенічных сродкаў. А там жа ёсць і жанчыны, якім патрэбныя тыя ж пракладкі. Стаўленне горш, чым да жывёлы».

Складанасці і парушэнні правоў чалавека ў гэтай справе на кожным кроку.

«Нават адвакатаў не пускаюць. А самі адвакаты пад падпіскай аб неразгалашэнні, то і ў іх нічога не можам дазнацца. Пра абскарджанне ўтрымання пад вартаю нават гаворкі няма. Было некалькі судоў аб пераглядзе меры стрымання, але яны былі закрытыя, нават родных не пускалі. Хаця ж можна падаць скаргу на ўтрыманне пад вартаю, бо гэта самае жорсткае пакаранне. Можна замяніць яго на хатні арышт ці заклад. Сярод затрыманых ёсць шмат людзей з дзецьмі, якім патрэбныя бацькі. Але суддзя сказала, што ёсць загад не пераглядаць мераў стрымання», – распавядае Вольга.

Адзінае, што вядома жанчыне, – затрыманых падазраюць у распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК) ды абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Паводле першага артыкулу максімальнае пакаранне – да 12 гадоў зняволення, паводле другога – 3 гады.

Hавiны
Гісторык: генералу Белаконеву падабаюцца метады, якія выкарыстоўвалі нацысты
2021.10.04 16:38

«Але якая можа быць абраза, калі праўладныя каналы і Азаронак наўпрост прыніжаюць людзей?! А як ваяка нейкі казаў [старшыня Пастаяннай камісіі ў справе нацыянальнай бяспекі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алег Белаконеў. – Заўвага Belsat.eu], што «трэба мачыць у сарціры ўсіх: за аднаго – 20, 100…», хіба гэта не распальванне варожасці?» – абураецца Вольга.

На кантакт работнікі турмы з роднымі таксама не ідуць.

«Родзічы не могуць даведацца, у якім стане іхныя блізкія, жывыя яны ці не. Ім нічога не кажуць. У людзей зрывы, яны ў адчаі! Адна жанчына казала, што хоча скончыць жыццё самагубствам, а адзін мужчына збіраўся ісці на плошчу, каб яго расстралялі», – дзеліцца Вольга.

Свой стан жанчына апісала так:

«Я ператварылася ў робата, п’ю таблеткі. Зʼездзіла да доктара, ён выпісаў антыдэпрэсанты. Сказаў, што сама я не дам рады».

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў