ААН: Беларусь і краіны Еўразвязу парушаюць правы чалавека, калі не пускаюць уцекачоў на сваю тэрыторыю


Агенцыя ААН па справах уцекачоў заклікае да неадкладных дзеянняў па ўратаванні жыццяў і перадухіленні далейшых цярпенняў у памежных раёнах паміж Беларуссю і Еўразвязам (Латвія, Літва, Польшча) пасля таго, як 21 кастрычніка стала вядома пра чарговую смерць мігранта на мяжы.

Агенцыя ААН падкрэслівае, што гэта ўжо восьмы трагічны выпадак на мяжы Беларусі і Еўразвязу, а з надыходам зімы, калі надвор’е пагоршыцца, яшчэ больш людзей будуць у небяспецы.

«Недапушчальна, каб людзі паміралі, а жыцці іншых віселі на валаску. Яны – закладнікі тупіковай сітуацыі, якую неабходна цяпер вырашыць», – заявіла рэгіянальная дырэктарка Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у Еўропе Паскаль Маро.

У заяве гаворыцца пра 32 афганскіх жанчын, мужчын і дзяцей, якія патрабуюць міжнароднай абароны і цяпер знаходзяцца на мяжы Беларусі і Еўразвязу:

«Яны знаходзяцца ў падвешаным стане на мяжы паміж Польшчай і Беларуссю з сярэдзіны жніўня ў жахлівых умовах і не могуць атрымаць прытулак і любую дапамогу з абодвух бакоў. У іх няма адпаведнага ўкрыцця і абароны ад непагадзі, а таксама няма надзейнай крыніцы ежы ці вады».

Упраўленню вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў стала вядома, што на бягучым тыдні 16 афганцаў паспрабавалі пранікнуць на тэрыторыю Польшчы, аднак былі затрыманыя і пазбаўленыя магчымасці падаць заяву аб прадстаўленні прытулку. Таксама ім было адмоўлена ў доступе да юрыдычнай дапамогі, а пазней гэтая група была перакінутая ў Беларусь, сцвярджаецца ў заяве.

Ігнараванне просьбаў мігрантаў аб атрыманні прытулку як Польшчай, так і Беларуссю – гэта парушэнне як правоў уцекачоў, так і правоў чалавека, падкрэсліваецца на сайце Агенцыя ААН па справах уцекачоў.

«Мы заклікаем Беларусь і Польшчу, якія падпісалі Канвенцыю 1951 году аб уцекачах, выконваць свае міжнародныя прававыя абавязальніцтвы і прадставіць доступ да прытулку тым, хто шукае яго ў гэтых краінах, – сказала Паскаль Маро. – Дзеянні, якія пазбаўляюць магчымасці доступу да тэрыторыі і прытулку, парушаюць правы чалавека і міжнароднае права. Людзі павінны мець магчымасць здзяйсняць свае правы там, дзе знаходзяцца, у Беларусі, ці ў Польшчы, ці ў іншых краінах ЕЗ. А гэтыя правы ўключаюць магчымасць шукаць прытулак, доступ да юрыдычнай інфармацыі і адпаведнага жытла».

22 кастрычніка стала вядома пра яшчэ адзін, ужо дзявяты, трагічны выпадак на мяжы – раніцай патруль польскай памежнай службы выявіў цела невядомага мужчыны недалёка ад беларускай мяжы каля вёскі Кусцінцы. Гэты раён уваходзіць у прымежную зону, дзе дзейнічаюць умовы надзвычайнай сітуацыі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў