У Менску затрымалі настаўніка прыватнай школы «Смарт Скул»


У Менску затрымалі 44-гадовага настаўніка прыватнай школы «Смарт Скул», дзіцячага паэта і празаіка Дзмітрыя Юртаева (псеўданім – Змітрок Бурачок), паведамляе Reform.by.

Дзмітрый Юртаеў.
Фота: krupki.by

«Пакаяльнае» відэа з настаўнікам з’явілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў. На ім Дзмітрый Юртаеў кажа, што ў жніўні 2020 года хадзіў на акцыі, пісаў пасты ў Фэйсбуку і Укантакце. Мужчыну таксама прымусілі дэкламаваць свой верш.

У пасце з пакаяльным відэа гаворыцца, што настаўнік мае дачыненне да ўдзелу ў беспарадках, абразы службовых асобаў, распальвання варожасці.

Дзмітрый Юртаеў – сябра саюзу пісьменнікаў «Новый Современник», Беларускага літаратурнага саюзу пісьменнікаў «Полоцкая ветвь», актор тэатральна-літаратурнай майстэрні «Театр ЛитоСфера».

Супраць дырэктаркі школы «Смарт Скул» Наталлі Базанавай надоечы была заведзеная крымінальная справа паводле ч.2 арт.424 КК РБ («Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі»). Паводле Следчага камітэту, 15 верасня ў памяшканні «Смарт Скул» у Менску былі нанесеныя «цялесныя пашкоджанні малалетняй вучаніцы». Следства лічыць, што дырэктарка школы і іншыя супрацоўнікі не забяспечылі бяспеку правядзення заняткаў і кантроль за паводзінамі вучняў, спрабавалі схаваць інцыдэнт.

Здарэнне пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго, у школе «Смарт Скул» хлопчык страляў шарыкамі з цацачнага пісталету і трапіў дзяўчынцы ў вока. Лукашэнка даручыў разабрацца ў тым, што адбылося, аднак у ходзе разбіральніцтва высветлілася, што кіраўніцтва школы «на дух не ўспрымае беларускую дзяржаву». Лукашэнка даручыў увесці ліцэнзаванне ў сістэме адукацыі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў