У «ДНР», «ЛНР» і акупаваных украінскіх рэгіёнах праходзяць рэферэндумы аб далучэнні да Расеі. Што пра іх вядома?


З 23 да 27 верасня ў самаабвешчаных «ЛНР», «ДНР», а таксама на акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Запарожскай вобласцяў цягам пяці дзён будуць праходзіць рэферэндумы аб далучэнні да Расеі. Што вядома? Чаму галасаванне пастанавілі зрабіць так хутка? Дзе і як яно будзе праходзіць? Як адрэагавала міжнародная супольнасць?

Перадгісторыя

19 верасня грамадская палата самаабвешчанай «ЛНР» звярнулася да кіраўніка рэгіёну Леаніда Пасечніка і да Народнай рады з ініцыятываю неадкладна правесці рэферэндум аб уваходжанні ў склад Расеі. У той жа дзень такі зварот склала і грамадская палата «ДНР» – да кіраўніка адміністрацыі Дзяніса Пушыліна і парламенту. Пушылін прапанаваў Пасечніку разам падрыхтавацца да рэферэндумаў.

Чальцы мясцовай выбарчай камісіі збіраюцца на выбарчым участку ў Данецку напярэдадні запланаванага рэферэндуму аб далучэнні «ДНР» да Расеі. 22 верасня 2022 года.
Фота: Аляксандр Ермачэнка / Reuters / Forum

20 верасня грамадскі рух «Мы разам з Расеяй» папрасіў кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Запарожскай вобласці Яўгена Баліцкага таксама як мага хутчэй правесці рэферэндум аб уваходжанні ў склад Расеі. Баліцкі заявіў, што рэферэндум аб далучэнні Запарожскай вобласці да Расеі пройдзе з 23 да 27 верасня, пра што ён падпісаў указ. Рэферэндум адбудзецца толькі на падкантрольных Расеі тэрыторыях.

У той жа дзень даты 23–27 верасня для правядзення рэферэндуму абралі «ДНР» і «ЛНР». Дэпутаты абедзвюх самаабвешчаных рэспублік адзінагалосна прынялі законы аб правядзенні галасавання.

20 верасня кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда паведаміў, што падпісаў указ аб правядзенні рэферэндуму разам з «ДНР», «ЛНР» і Запарожскаю вобласцю – з 23 да 27 верасня.

Сальда, а таксама кіраўнікі «ДНР» і «ЛНР» накіравалі Уладзіміру Пуціну лісты з просьбаю падтрымаць правядзенне рэферэндумаў і пры станоўчых выніках галасавання як мага хутчэй далучыць рэгіёны да Расеі.

Навошта Расеі рэферэндумы і чаму так хутка?

Вайна ва Украіне. Сітуацыя на дзень 22 верасня 2022 года. Інфаграфіка: Белсат

Першапачаткова верагоднаю датаю правядзення рэферэндумаў у «ДНР» і «ЛНР» называлі 4 лістапада з прыцэлам на абвяшчэнне вынікаў 7 лістапада, у дзень чарговай гадавіны бальшавіцкага перавароту ў 1917 годзе. Затым паведамлялася, што пад ціскам контрнаступлення ЗСУ Крэмль адклаў правядзенне рэферэндумаў на нявызначаны тэрмін. Актыўныя дзеянні ў легалізацыі анексіі чарговых украінскіх тэрыторыяў Масква пачала знянацку, на фоне поспехаў украінскіх войскаў у вызваленні захопленых земляў Украіны.

У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) зрабілі выснову, што контрнаступленне ЗСУ выклікае паніку ва ўплывовых асобаў з Крамля і падрывае і без таго нізкі маральны дух расейскіх вайскоўцаў са складу элітных падраздзяленняў. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць тэрміновае абмеркаванне неабходнасці неадкладна анексаваць Луганскую і Данецкую вобласці, якое адбылося 19 верасня сярод расейскіх давераных асобаў.

Аналітыка
«Прыкмета правалу Расеі»: як адрэагаваў свет на «псеўдарэферэндумы» ва Украіне і мабілізацыю ў РФ
2022.09.21 21:30

ISW паведамляе, што расейскія прапагандысты ўжо паспяшаліся назваць тое, што адбываецца ў «ЛНР» і «ДНР» крымскім сцэнаром. Гэтак, галоўная рэдактарка «Russia Today» Маргарыта Сіманян напісала, што, прызнаўшы акупаваную ўкраінскую зямлю тэрыторыяй Расеі, РФ магла б лягчэй пагражаць NATO ўдарамі ў адказ на ўкраінскія контратакі, «развязаўшы Расеі рукі ўва ўсіх адносінах». Аналітыкі інстытуту лічаць такі падыход непаслядоўным. Расейскія войскі не кантралююць усёй тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласцяў. Анексіяй заяўленых тэрыторыяў «ДНР» і «ЛНР» Расея хоча ўнікнуць іх вызвалення законнымі ўкраінскімі ўладамі і ўкраінскімі сіламі, якія працягваюць наступленне. Пры гэтым украінскія ўдары па анексаваным Расеяй Крыме ясна дэманструюць, што атакі Украіны на незаконна анексаваную Расеяй тэрыторыю не выклікаюць аўтаматычна помсты Расеі супраць NATO.

Як і дзе будзе праходзіць галасаванне

У акупаваных Запарожскай, Херсонскай вобласцях, самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» рэферэндумы пройдуць адначасова цягам пяці дзён – з 23 да 27 верасня. Цягам чатырох дзён галасаванне будзе праводзіцца па-за выбарчымі ўчасткамі – паводле месца жыхарства і ў грамадскіх месцах.

27 верасня галасаванне будзе праходзіць на выбарчых участках.

Паводле кіраўніцы ЦВК «ЛНР» Алены Краўчанкі, у так званай рэспубліцы стварылі 461 участак для галасавання. Яшчэ 181 участак адкрыюць на тэрыторыі Расеі.

На тэрыторыі «ДНР» будуць працаваць больш за 450 выбарчых участкаў, у Херсонскай вобласці – 198.

У Запарожскай вобласці падчас рэферэндуму будзе зроблены адрасны абход грамадзянаў. Хадзіць будуць «брыгады» ў складзе  чальцоў ЦВК і паліцыянтаў, якія будуць прапаноўваць жыхарам прагаласаваць. Візіты будуць адбывацца з 8:00 да 20:00. Кіраўнік рэгіёну Яўген Баліцкі растлумачыў такія захады меркаваннямі бяспекі. Тыя, хто не прагаласуе падчас такога абходу, змогуць гэта зрабіць 27 верасня на выбарчых участках з 8:00 да 16:00. Усяго на той частцы тэрыторыі Запарожскай вобласці, якую кантралююць расейскія войскі, створаныя 394 участкі, 102 месцяцца за межамі вобласці – у Расеі, Херсонскай вобласці, «ДНР» і «ЛНР».

У склад Херсонскай вобласці залучаныя Снігуроўка і Аляксандраўка Мікалаеўскай вобласці, паведаміў намеснік кіраўніка херсонскай акупацыйнай адміністрацыі Кірыла Стрэмаусаў. Іх жыхары таксама змогуць прагаласаваць на рэферэндуме.

Цэнтральная выбарчая камісія «ДНР» зацвердзіла спіс дакументаў, неабходных для ўдзелу ў рэферэндуме: пашпарт «ДНР», пасведчанне асобы афіцэра, вайсковы білет салдата і афіцэра, адрасная даведка, пашпарт Украіны з пазнакаю пра рэгістрацыю паводле месца жыхарства ў «ДНР» ці іншы дакумент, які пацвярджае асобу.

У Херсонскай вобласці можна будзе прагаласаваць нават паводле ксеракопіі пасведчання асобы, калі чалавек унесены ў спісы выбарнікаў. Паводле старшыні ЦВК акупацыйных уладаў Херсонскай вобласці Марыны Захаравай, калі выбарнік увогуле не мае дакументаў, яму трэба будзе прывесці сведкаў, якія пацвердзяць, што ён насамрэч жыве ў Херсонскай вобласці.

У «ЛНР», акупаваных Запарожскай і Херсонскай вобласцях на час правядзення рэферэндуму, з 22 да 28 верасня, у школах і каледжах абвешчаныя вакацыі. 27 верасня – выходны дзень.

Якія пытанні выносяцца на рэферэндум?

У «ДНР» пытанне ў бюлетэнях будзе гучаць так: «Ці падтрымліваеце вы ўваходжанне ДНР у склад РФ на правах суб’екту РФ?»

У «ЛНР» пытанне для галасавання сфармулявалі наступным чынам: «Вы за ўваходжанне ЛНР у склад РФ на правах суб’екту РФ?»

У Херсонскай вобласці ў бюлетэнях будзе пытанне: «Вы за выхад вобласці са складу Украіны, стварэнне Херсонскай вобласці як самастойнай дзяржавы і ўваходжанне яе ў склад РФ на правах суб’екту РФ?» Бюлетэнь будзе на дзвюх мовах – расейскай і ўкраінскай.

У Запарожскай вобласці выбарнікам прапануюць адказаць на наступнае пытанне: «Вы за выхад Запарожскай вобласці са складу Украіны, стварэнне Запарожскай вобласцю самастойнай дзяржавы і ўваходжанне яе ў склад Расейскай Федэрацыі на правах суб’екту Расейскай Федэрацыі?» Бюлетэні таксама будуць дублявацца па-ўкраінску.

Колькі чалавек возьмуць удзел у галасаванні?

У Запарожскай вобласці акупацыйныя ўлады чакаюць убачыць на галасаванні больш за 500 тысячаў чалавек. Рэферэндум пройдзе на 73 % тэрыторыі, якую кантралююць расейцы: гэта паўднёвая і цэнтральная часткі вобласці, у тым ліку гарады Мэлітопаль і Энэргадар, дзе месціцца ЗАЭС. Абласны цэнтр Запарожжа застаецца пад кантролем Кіева.

Адміністрацыя рэгіёну сцвярджае, што гатовая да рэферэндуму: закупленае тэхналагічнае абсталяванне, пераносныя і стацыянарныя скрыні для галасавання, кабінкі, сейфы для дакументацыі, пячаткі выбарчых камісіяў.

У Херсонскай вобласці для галасавання падрыхтавалі каля 750 тысяч бюлетэняў, паведаміла старшыня выбарчай камісіі Херсонскай вобласці Марына Захарава.

Кіраўнік ЦВК «ДНР» Уладзімір Высоцкі наведвае выбарчы ўчастак у Данецку. 22 верасня 2022 года.
Фота: Аляксандр Ермачэнка / Reuters / Forum

Агульная плошча тэрыторыяў, на якіх пройдзе рэферэндум, – каля 113 тысячаў квадратных кіламетраў.

Ці будзе электроннае галасаванне?

Пушылін і Баліцкі заявілі, што электроннага галасавання, пра якое спачатку вялося, не будзе. Паводле кіраўніка «ДНР», яго вырашылі не выкарыстоўваць у сувязі з кароткімі тэрмінамі на рыхтаванне і нізкім узроўнем тэхналагічнага забеспячэння.

Баліцкі зазначыў, што ягоны рэгіён «не гатовы» да электроннага галасавання.

Намеснік старшыні ЦВК Расеі Мікалай Булаеў заявіў, што ўжыванне расейскай методыкі дыстанцыйнага электроннага галасавання (ДЭГ) у «ДНР» і «ЛНР» не было б правільным, бо ДЭГ «ёсць уласнасцю іншай дзяржавы».

Не будзе онлайн-галасавання і ў Херсонскай ды Запарожскай вобласцях.

«Онлайн-галасавання не будзе, узровень дыджыталізацыі ва Украіне, шчыра, вельмі нізкі, таму ў нас няма такіх магчымасцяў, каб даць нашым выбарнікам магчымасць прагаласаваць онлайн», – паведаміла Марына Захарава.

Старшыня выбарчай камісіі Запарожскай вобласці Галіна Кацюшчанка патлумачыла немагчымасць правесці онлайн-галасаванне праблемамі з сувяззю.

«Электроннай формы галасавання не будзе, бо на сёння ў Запарожскай вобласці яшчэ нестабільна працуе сувязь, нестабільна працуе інтэрнэт. Таму пакуль гэта бессэнсоўна», – сказала Кацюшчанка і паабяцала, што наступныя выбары ў рэгіёне будуць у тым ліку і лічбавыя.

Ці будуць на рэферэндумах замежныя назіральнікі?

Старшыня ЦВК «ДНР» Уладзімір Высоцкі заявіў, што замежныя назіральнікі будуць прысутнічаць на рэферэндуме ў «ДНР», але іхнае грамадзянства паведамяць толькі пасля акрэдытацыі.

Падчас рэферэндумаў будуць забароненыя фота- і відэаздымкі «для супрацьдзеяння пагрозам варожага ўздзеяння». Фіксаваць хаду галасавання здолеюць прадстаўнікі СМІ, якія атрымаюць акрэдытацыю.

Што пасля рэферэндумаў?

У «ДНР» у выпадку далучэння да Расеі Канстытуцыю адаптуюць пад мясцовыя законы, але сцяг, герб і гімн самаабвешчанай рэспублікі не зменіцца, заявіў Пушылін.

Паводле чальца акупацыйнай адміністрацыі Запарожскай вобласці Уладзіміра Рогава, пасля рэферэндуму «ў Расеі прыбавіцца ад пяці да шасці мільёнаў новых грамадзянаў».

«У далейшым, калі пачнуць вяртацца ўцекачы, сукупнае насельніцтва новых рэгіёнаў можа вырасці да 8–9 мільёнаў чалавек», – напісаў Рогаў у сваім тэлеграм-канале.

Што кажа пра рэферэндумы Масква

Намеснік кіраўніка Савету бяспекі Расеі Дзмітрый Мядзведзеў назваў рэферэндумы на тэрыторыі Данбасу ды іншых акупаваных тэрыторыях «неабходнымі для аднаўлення гістарычнай справядлівасці».

«Яны [рэферэндумы] цалкам змяняюць вектар развіцця Расеі на дзесяцігоддзі. І не толькі нашай краіны. Паколькі пасля іх правядзення і прыняцця новых тэрыторыяў у склад Расеі геапалітычная трансфармацыя ў свеце набудзе незваротны характар», – заявіў Мядзведзеў.

Спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін паабяцаў, што палата падтрымае пастанову пра ўваход «ДНР» і «ЛНР» у склад Расеі, калі яе прымуць.

Сакратар генеральнага савету «Единой России» Андрэй Турчак заявіў, што рэферэндум аб далучэнні Данбасу ды іншых рэгіёнаў, якія кантралюе Расея, даўно наспеў, і статут гэтых тэрыторыяў трэба замацаваць юрыдычна:

«Дэ-факта Данбас і вызваленыя тэрыторыі [акупаваныя Херсонская і Запарожская вобласці. – Заўвага рэд.] – ужо Расея».

Вайсковец «ДНР» праходзіць паўз банэр на дзвярах выбарчага ўчастку ў Данецку. 22 верасня 2022 года.
Фота: Аляксандр Ермачэнка / Reuters / Forum

Што кажа Кіеў

Афіцыйны Кіеў дэманструе рашучасць працягваць абарончыя дзеянні і контрнаступленне. Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба напісаў у Twitter, што рэферэндумы 23–27 верасня – фіктыўныя:

«Ні фэйкавыя «рэферэндумы», ні гібрыдная «мабілізацыя» нічога не зменяць. Расея як была, так і застаецца дзяржавай-агрэсарам, што незаконна акупуе частку ўкраінскай зямлі. Украіна мае поўнае права вызваляць свае тэрыторыі і будзе ў далейшым вызваляць іх, што б там ні казалі ў Расеі».

Паводле прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, правядзенне рэферэндумаў будзе падставаю для Украіны выйсці з перамоваў аб урэгуляванні канфлікту з Расеяй.

Яшчэ ў пачатку верасня віцэ-прэм’ер Украіны Ірына Вэрэшчук заявіла, што за ўдзел у рэферэндумах грамадзянам Украіны будзе пагражаць турэмны тэрмін:

«Калі будзе даказаная калабарацыя ці, напрыклад, удзел у рэферэндуме, пабуджэнне да ўдзелу ў рэферэндуме, то людзі змогуць атрымаць да 12 гадоў з канфіскацыяй».

Міжнародная рэакцыя

Расейскі рынак акцыяў 20 верасня перажыў наймацнейшы абвал з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Таннелі паперы ўсіх асноўных сектараў. Абвал адбываўся на фоне навінаў пра хуткія рэферэндумы ў «ДНР» і «ЛНР», Херсонскай і Запарожскай вобласцях, паведамляе «Forbes».

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц заявіў, што правядзенне рэферэндумаў на акупаваных тэрыторыях супярэчыць міжнароднаму праву і Нямеччына не прызнае іх.

Hавiны
Еўразвяз пашырыць санкцыі супраць Расеі праз абвешчаныя рэферэндумы
2022.09.22 11:32

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон назваў рэферэндумы на Данбасе ды іншых акупаваных тэрыторыях «пародыяй» і заявіў, што яны не будуць мець юрыдычных наступстваў.

«Калі б ідэя пра рэферэндумы не была такая трагічная, яна была б смешная», – цытуе Макрона «Reuters».

ЗША ніколі не прызнаюць вынікаў рэферэндумаў, заявіў дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен на перамовах з новым кіраўніком МЗС Вялікай Брытаніі Джэймзам Клэвэрлі падчас 77-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

«Любое галасаванне, праведзенае з пісталетам ля скроні, не можа быць свабодным і справядлівым», – напісаў палітык у Twitter, падкрэсліўшы, што Вялікая Брытанія таксама ніколі не прызнае вынікаў рэферэндумаў.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг назваў рэферэндумы фіктыўнымі і нелегітымнымі:

«Міжнародная супольнасць павінна абмеркаваць гэтае абуральнае парушэнне міжнароднага права і ўмацаваць падтрыманне Украіны».

Міністры замежных справаў Еўрапейскага Звязу дамовіліся падрыхтаваць новыя санкцыі супраць Расеі і павялічыць пастаўкі зброі ва Украіну. Пра гэта паведаміў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль, піша «Reuters». Сустрэча была скліканая на фоне заявы Пуціна пра пачатак мабілізацыі. Персанальныя і сектаральныя санкцыі хочуць увесці ў дачыненні кіраўніцтва Расеі ды арганізатараў рэферэндумаў у «ДНР», «ЛНР», Херсонскай і Запарожскай вобласцях, а таксама супраць расейцаў, якія адказныя за «іншыя парушэнні міжнароднага права».

Рэкламны шчыт з надпісам «Не рэферэндуму! Заставайся ўкраінцам!» на галоўнай дарозе ў Харкаве. 22 верасня 2022 года.
Фота: Umit Bektas / Reuters / Forum

Паводле Жузэпа Бурэля, новыя санкцыі будуць уведзеныя як найхутчэй і будуць прынятыя аднадушна. Таксама паабяцаў узмацніць ваенную дапамогу Украіне.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што рэферэндумы «нічога не вартыя», а прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас сказала, што Таллін не прызнае вынікаў галасавання.

Прэзідэнт Швейцарыі Ігнац’ё Кассіс напісаў у Twitter, што падчас сустрэчы з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым на Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку заклікаў Маскву ўстрымацца ад правядзення рэферэндумаў.

Кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс адрэагаваў на намеры Крамля анексаваць акупаваныя тэрыторыі Украіны пасля псеўдарэферэндумаў.

«У 1940 годзе нелегітымны расейскі рэферэндум пачаў для маёй краіны дзесяцігоддзі тэрору, заваявання і беднасці. Гэта ўсё, што я хачу сказаць пра незаконныя расейскія рэферэндумы», – напісаў ён.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў