Толькі дзве краіны вырашылі даваць прытулак расейцам, якія бягуць ад мабілізацыі


Пасля абвяшчэння мабілізацыі шмат якія расейцы вырашылі ўцячы за мяжу, каб не трапіць у войска. У першую чаргу едуць у краіны, куды не патрэбная віза. Шмат якія дзяржавы ніяк не вызначылі пазіцыю наконт уцекачоў, некаторыя адмовіліся прымаць тых, хто бяжыць ад мабілізацыі, і толькі Ізраіль і Нямеччына паабяцалі даць ім прытулак.

Мабілізацыя ў Навасібірску.
Фота: Kirill Kukhmar / TASS / Forum

У Берліне паведамілі, што дэзерцірства і ўхіленне ад прызыву ў войска – пераканаўчая прычына для палітычнага прытулку, піша Deutsche Welle. Пры гэтым тыя, хто бягуць ад удзелу ў вайне, атрымаць нямецкую гуманітарную візу не змогуць.

Раней Ізраіль пачаў рыхтавацца да наплыву рэпатрыянтаў з Расеі, якія ўцякаюць ад мабілізацыі. Улады габрэйскай дзяржавы даручылі авіякампаніям павялічыць колькасць рэйсаў паміж краінамі, паведамляе NEWSru.co.il.

Нямеччына – адзіная еўрапейская краіна, якая вырашыла прымаць расейцаў, што хаваюцца ад мабілізацыі.

Кіраўнік МЗС Чэхіі Ян Ліпаўскі заявіў, што ягоная краіна не будзе пускаць грамадзянаў Расеі, якія бягуць ад прызыву.

«Тыя, хто бягуць з-за таго, што не хочуць выконваць абавязак, уведзены іхнай дзяржавай, не адпавядаюць умовам для атрымання гуманітарнай візы», – сказаў дыпламат.

З падобнай заявай выступіў і міністр замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс. Ён абгрунтаваў гэтае рашэнне «меркаваннем бяспекі».

«Расея сёння гэтак жа небяспечная для Еўропы і свету, як нацысцкая Нямеччына ў мінулым стагоддзі», – напісаў міністр у Twitter.

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце адзначыла, што ейная краіна і іншыя дзяржавы не павінны ратаваць расейцаў ад мабілізацыі.

«Я б не зразумела сітуацыі, калі мы пускаем людзей у Літву з гуманітарных прычынаў толькі таму, што вайна была для іх нармальнай, калі ты бачыш яе па тэлебачанні, седзячы на канапе, і стала не нармальнай, калі твой урад і твой Шайгу запрасілі цябе ў армію», – сказала Шыманіце.

Прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас заявіла, што кожны расеец адказны за дзеянні ўласнай краіны. «Расейскія мужчыны павінны выступіць супраць вайны», – упэўненая Калас.

Разбор
Расейцы бягуць у Беларусь: наколькі вольныя гатэлі і колькі каштуюць нумары. А ў іншых краінах?
2022.09.23 13:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў