«Той, хто павінен сядзець, будзе сядзець». Лукашэнка распавёў пра амністыю


Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Хатынь 23 верасня распавёў пра амністыю, якую ён абяцаў прымеркаваць да так званага «дня народнага адзінства» 17 верасня.

Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Хатынь 23 верасня 2022 года.
Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

Паводле Лукашэнкі, амністыю ці памілаванне ўлады Беларусі абвяшчаюць не з мэтамі гандлю.

«Я не гандлюю людзьмі. Я ніколі не гандляваў людзьмі. Я заўсёды гатовы кідацца ў агонь і полымя, каб абараніць чалавека. Таму ніякага гандлю тут няма і быць не можа. Я ніколі гэтага не рабіў і рабіць не збіраюся. Таму ніякага гандлю не будзе. Я не буду гандлявацца, нават калі за гэтым будзе нейкая там выгада. Я ніколі на гэта не пайду. Яны павінны за гэта адказваць, таму што калі будзе патуранне, гэта паўтарыцца зноў. Але там, дзе можна пайсці на нейкі кампраміс, трэба ісці. Гэта ж нашае грамадства, яны рана ці позна ўсё роўна выйдуць», – перадае словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба.

Лукашэнка лічыць, што прабачыць можна толькі тым, хто быў «заблуканы». Астатнім прыйдзецца адбываць тэрміны пакарання.

«Нельга быць «дубаватымі» – вось мы ўсталі ў позу і ўсё, нікога не бачым. Бо былі людзі, якія насамрэч заблукалі. Некаторыя так-сяк: напэўна, улада не ўтрымаецца, і я пайду. Але той, хто павінен сядзець, будзе сядзець. Я лёсамі людзей не гандлюю. Я да гэтага не прывучаны. Чужога не бяры і не крыўдзі чалавека. Справядлівасць, справядлівасць, наколькі гэта магчыма, і яшчэ раз справядлівасць», – сказаў ён.

На пачатку верасня Лукашэнка абвесціў, што да 17 верасня – даты, якую ўлады назвалі «днём народнага адзінства», будзе прымеркаваная маштабная амністыя – з турмаў выйдуць нібыта да 8,5 тысяч чалавек. Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед дапусціў, што пад амністыю могуць трапіць і палітвязні. Аднак 17 верасня ніякай амністыі не адбылося, і Лукашэнка маўчаў пра яе да 23 верасня. 20 верасня адкрылася новая сесія Палаты прадстаўнікоў, а законапраект аб амністыі на разгляд дэпутатам дагэтуль не паступіў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў