Студэнтаў БДТУ прымушаюць актуалізаваць дадзеныя ў ваенкаматах?


У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце складаюць спісы паўналетніх студэнтаў у межах праверкі Узброены сіл Беларусі, якая нібыта ініцыяваная Лукашэнкам. Аб гэтым гаворыцца ў абʼяве, размешчанай на сайце ВНУ. 

Аб’ява ад кіраўніцтва БДТУ для студэнтаў і выкладчыкаў. Скрыншот. Крыніца: БДТУ / belstu.by

У тэксце аб’явы пад загалоўкам «Праверка дадзеных студэнтаў у межах уліковых мерапрыемстваў» згадваецца загад Міністэрства адукацыі №576 ад 22.09.2022, быццам бы выдадзены ў межах праверкі той самай боегатоўнасці УС. З тэксам загаду паўналетнія студэнты мужчынскага полу павінны азнаёміцца пад роспіс. Тэкст загаду пры гэтым размешчаны на сайце універсітэту ў адкрытым доступе. Дэканаты павінны былі за 22-23 верасня падрыхтаваць спісы студэнтаў і пракантраляваць, што ўсе студэнты прачыталі загад Мінадукацыі. Да 24 верасня ўсіх студэнтаў мужчынскага полу павінны «праінфармаваць пад роспіс аб адказнасці за ўхіленне ад выканання распараджэння аж да адлічэння».

Апроч таго, усе студэнты мужчынскага полу ўзростам ад 18 гадоў «павінны наведаць ваенкаматы па месцы прапіскі для зверкі персанальных дадзеных».

Тэкст загаду міністра адукацыі. Скрыншот. Крыніца: БНТУ / belstu.by

Нагадаем, сёння Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ніякай мабілізацыі ў Беларусі не будзе.

Hавiны
Лукашэнка распавёў, ці будзе ён абвяшчаць мабілізацыю ў Беларусі
2022.09.23 12:45

На інфармацыю з сайта БДТУ адрэагаваў тэлеграм-канал «МотолькоПомоги», які сцвярджае, што гэта фэйкавае паведамленне, а сайт, верагодна, узламаны:

«Адзначым, што апублікаваны дакумент зʼяўляецца падробленым. На гэта паказвае яго афармленне, якое не адпавядае элементарным патрабаванням справаводства. Таксама ў тэксце загада ўказана, што Кодэкс аб адукацыі зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі. Гэта хлусня, т.я. Кодэкс прымаецца парламентам і зʼяўляецца законам.

Верагодна, сайт універсітэту быў узламаны», – паведамляе тэлеграм-канал «МотолькоПомоги».

Ад рэдакцыі адзначым, што дакумент сапраўды выклікае шмат пытанняў. Апроч таго, згадка пра Кодэкс аб адукацыі ў першым абзацы «загаду» напісана з граматычнай памылкай. Афіцыйных каментароў пакуль няма.

P.S. Амаль апоўначы аб’яву з сайта прыбралі. І цяпер па спасылцы проста адчыняецца ўэб-старонка БДТУ.

Антон Тачняк, belsat.eu

 

Стужка навінаў