Спраўдзілі, ці магчыма ў Беларусі прагаласаваць на расейскім «рэферэндуме» ва Украіне


23 верасня на захопленых украінскіх тэрыторыях Данецкай, Запарожскай, Луганскай і Херсонскай вобласцяў улады Расеі распачалі рэферэндумы аб далучэнні да РФ. Паспрабавалі высветліць, ці маюць магчымасць паўдзельнічаць у гэтым галасаванні ўкраінскія ўцекачы ў Беларусі. Вось што адказалі ў беларускім ЦВК і расейскай амбасадзе ў Менску.

Вайсковец «ДНР» праходзіць міма расцяжкі на дзвярах выбарчага ўчастку напярэдадні запланаванага «рэферэндуму» аб далучэнні да Расеі ў Данецку, Украіна, 22 верасня 2022 г.
Фота: ALEXANDER ERMOCHENKO / Reuters / Forum

«Я жыхар Херсонскай вобласці, грамадзянін Украіны, але цяпер жыву ў Менску, бо выехаў сюды пасля пачатку вайны. Хацеў бы сёння ўзяць удзел у «рэферэндуме», але не ведаю, ці магчыма гэта зрабіць у Менску», – тлумачым па тэлефоне прадстаўніцы Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь.

«Калі вы той, хто да нас звяртаўся раней, то мы вам ужо даслалі па пошце афіцыйны адказ. Вы не той?.. Тады, на жаль, я вам нічога не магу сказаць. Пішыце да нас электронны зварот, і на яго адкажа наш юрыст. Бывайце», – адказалі ў ЦВК РБ.

«Пакуль што такой магчымасці няма»

Расчараваныя, тэлефануем у Міністэрства замежных справаў Беларусі, але ўсе спробы безвыніковыя – слухаўку там ніхто не бярэ.

Затое амбасада Расеі ў Беларусі адказвае аператыўна.

«На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь галасаванне на рэферэндумах не праводзіцца», – адчаканіў супрацоўнік расейскай амбасады ў Менску.

«Пакуль не праводзіцца. Як будзе далей – пакуль не вядома. Але на дадзены момант такой магчымасці няма», – дадалі ў амбасадзе.

У арганізацыі «Міжнародны савет расейскіх суайчыннікаў» нам параілі пачакаць.

Паводле ліпеньскіх звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, з пачатку вайны ва Украіне (24 лютага 2022 года) у нашую краіну прыехала больш за 39 тысяч украінцаў. З іх каля 16 тысяч грамадзянаў прыехалі ў Беларусь праз украінска-беларускую мяжу, астатнія – транзітам праз суседнія дзяржавы: праз Літву, Латвію, Польшчу.

Паводле амбасады Украіны ў Менску, часовы або сталы від на жыхарства ў Беларусі пасля анексіі Крыму Расеяй атрымалі 35 157 грамадзянаў Украіны (звесткі за перыяд 2014–2016 гг.).

Паводле перапісу 2019 года, украінцамі сябе назвалі 159 656 чалавек, што складае 1,7 % насельніцтва Беларусі.

Аналітыка
У «ДНР», «ЛНР» і акупаваных украінскіх рэгіёнах праходзяць рэферэндумы аб далучэнні да Расеі. Што пра іх вядома?
2022.09.23 11:32

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў