Макей: Менск з разуменнем ставіцца да рашэння Масквы аб частковай мабілізацыі

Беларусь з разуменнем ставіцца да рашэння Расеі правесці частковую мабілізацыю, заявіў расейскай агенцыі ТАСС міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей 22 верасня падчас 77-й Генасамблеі ААН.

Уладзімір Макей. Фота: МЗС Беларусі

«Таму ўсе меры, якія будуць накіраваныя на ўмацаванне, на тое, каб забяспечыць бяспеку сваёй дзяржавы, на тое, каб дасягнуць тых мэтаў, якія ў прынцыпе пераследуе спецыяльная вайсковая аперацыя, то я думаю, што абсалютна правільна, – сказаў Уладзімір Макей. – Не таму, што мы саюзнікі і знаходзімся ў Саюзнай дзяржаве, але абсалютна здаровая логіка, здаровы сэнс дыктуе любое рашучае дзеянне, калі гэта звязана з неабходнасцю забеспячэння бяспекі сваёй дзяржавы».

Макей зазначыў, што Расея сёння ваюе з «калектыўным Захадам».

«Улічваючы, што адбываецца цяпер, калі ідзе сапраўды накачка Украіны зброяй, заходняй зброяй, калі Расея, правільна кажуць, сёння ваюе з калектыўным Захадам, то, натуральна, у дадзенай сітуацыі можна зразумець заклапочанасці Масквы адносна неабходнасці забеспячэння сваёй бяспекі», – заявіў кіраўнік Беларускага МЗС.

Як расейская мабілізацыя закране Беларусь? Юрыдычна – ніяк, але ёсць нюанс

Адначасова Макей падкрэсліў, што Беларусь зацікаўленая ў хутчэйшым спыненні канфлікту ва Украіне:

«Канешне, хацелася б, каб канфлікт ва Украіне спыніўся як мага хутчэй. Я думаю, што ў гэтым зацікаўленыя ўсе бакі. І мы сёння на паседжанні Рады бяспекі таксама выказалі сваю пазіцыю. Мы як сусед насамрэч хацелі б, каб гэты канфлікт быў спынены як мага хутчэй».

21 верасня Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб правядзенні ў Расеі частковай мабілізацыі. Ён заявіў, што саюзныя сілы супрацьстаяць «фактычна ўсёй ваеннай машыне калектыўнага Захаду», які пагражае самому існаванню РФ.

У РФ мабілізуюць 1 млн чалавек: беларусы баяцца мабілізацыі ў РБ. Вечаровы эфір за 22 верасня

Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што будуць прызваныя 300 тысяч рэзервістаў. Пазней стала вядома, што ў сакрэтным пункце ўказу гаворка ідзе пра адзін мільён чалавек, якіх збіраюцца прызваць. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў назваў гэтую інфармацыю хлуснёй.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны