Колькі гадоў беларусу трэба ашчаджаць, каб набыць двухпакаёвую кватэру?

У краінах з развітой эканомікай дастаткова мець пастаянны даход, добрую крэдытную гісторыю і назапасіць 10% ад кошту кватэры. Далей справа за банкам – ён крэдытуе 90% жылля на 30 гадоў, пад 2-4,5%. Ва ўсякім выпадку, такія працэнтныя стаўкі былі да пандэміі і да пачатку вайны ва Украіне. Для параўнання, у Польшчы сярэдняя стаўка па іпатэцы вырасла за апошні год з 3% да 9%. Да пагашэння крэдыту жыллё застаецца ў закладзе ў банка. Беларусы такіх умоў не бачылі ніколі.

Будаўніцтва, пад'ёмныя краны, будаўнічыя працы, будаўнікі, новабудоўля, Менск, Беларусь
Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Белсат

Мінімальная стаўка па крэдытах была 5% гадавых, але толькі для тых, хто ў чарзе. Максімальны тэрмін крэдытавання – 20 гадоў. Практычна заўсёды былі патрэбныя паручальнкі – людзі, якія будуць плаціць за пазычальніка, калі з ім штосьці здарыцца.

Існуюць сусветныя рэйтынгі даступнасці жылля. Іх шмат, методыкі разліку розныя. Глабальная аналітычная платформа Numbeo ў мінулым годзе апублікавала рэйтынг 111 краін свету па даступнасці куплі жылля. Улічвалася суадносіны кошту нерухомасці да агульнага даходу сям’і за год: чым ніжэйшы гэты паказчык, тым лепш — менш часу пойдзе на назапашванне сродкаў. Пры гэтым меркавалася, што ў сям’і працуюць двое, а сярэдняя плошча кватэры складае 90 кв. м.

Беларусь апынулася на 27-м месцы сярод краін, дзе жыллё самае недаступнае. Назапасіць на прасторную кватэру сям’я можа за 16,3 года. Горш на постсавецкай прасторы было толькі ва Узбекістане — 26-е месца (17,42 года). Лепш у Расеі – 30-е (15,31) і ва Украіне – 61-е (11,21).

Іншыя аналітыкі выкарыстоўваюць каэфіцыент даступнасці жылля – у ім ўлічваецца і даступнасць крэдытаў. Тут Беларусь у свежых рэйтынгах наогул не фігуруе. Ды і замучыліся б аналітыкі вызначаць, ад якіх дадзеных адштурхоўвацца пры разліках. Перыядычна ў Беларусі банкі наогул перастаюць крэдытаваць нерухомасць. Нават калі крэдытаванне ёсць – якую стаўку браць у разлік? 1-5% для пэўных катэгорый або максімальную, для ўсіх, якая за апошнія 10 гадоў ўзлятала да 35% гадавых? Мінімальную з тых, што існавалі працяглы перыяд – 16%? Альбо бягучую, для ўсіх – 19,5% гадавых?

Да нас з агульнымі меркамі нельга. Ды і не марыць у нас сям’я аб 90 метрах. І цэны метраў зусім розныя. Напрыклад, 40-метровы дом у глухой вёсцы можна купіць за $1000. Пры гэтым у Менску $1000-1200 каштуе адзін квадратны метр.

Апошнія дадзеныя ад сталічных забудоўшчыкаў – сярэдні метраж кватэры ўпаў да 57 кв. м. Вось яна, наша мерка – звычайная двухпакаёвая кватэра на сям’ю.

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Белсат

Давайце палічым Менск і, напрыклад, Гомель. Для стандартнай сягоння сям’і – два дарослых, адно дзіця. Увесь даход сям’і ў разлік браць не будзем – ні ў каго не атрымліваецца адкладаць усе грошы і гадамі харчавацца паветрам.

Умоўны Менск

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні даход дваіх чалавек, якія працуюць, пасля выплаты падаткаў – каля Br 3900. Калі не купляць старую машыну, не карыстацца платнай медыцынай, не рабіць дарагіх пакупак, не здымаць жыллё, займаць пакой у бацькоў, трое могуць жыць, не эканомячы на харчаванні і не цыруючы шкарпэткі, на Br 1900, і 2000 адкладаць.

Назапасіць у такім рэжыме можна 24 тысячы за год – гэта больш за $9000 паводле цяперашняга курсу. Калі своечасова пераводзіць рублі ў валюту, за чатыры гады рэальна сабраць $36 тысяч. Двухпакаёвая кватэра ў панэльным доме ў спальным раёне Менску каштуе каля $60 тысяч. Можна ўзяць у дзяржбанку крэдыт і пад цяперашнія 19,5% гадавых на астатнія 24 тысячы ў эквіваленце – і пераехаць ва ўласнае жыллё. Тут максімальныя памеры штомесячнага плацяжу будуць Br 1280 – гэта значыць сям’і абслугоўваць крэдыт будзе няцяжка.

Здавалася б, вельмі даступнае жыллё, калі на пераезд ва ўласную кватэру можна назапасіць за чатыры гады. Праблема ў тым, што гэтую сярэднюю зарплату ў рэальнасці мала хто атрымлівае. Медыянная ў Менску практычна па ўсіх галінах прыкметна ніжэйшая.

Выкажам здагадку, у нас сям’я лекара і прараба. Іх агульны даход будзе ўжо каля $3000, а адкладаць яны змогуць максімум $400 за месяц. За год – $4800. Збіраць на кватэру, каб на рэшту далі пад’ёмны крэдыт (тыя ж 24 тысячы ў эквіваленце), трэба ўжо 7, 5 года. Ды і плаціць па даўгах перад банкам рэальнай сям’і будзе больш складана, чым «сярэднестатыстычнай».

Да таго ж складана сабе ўявіць рэальную сям’ю, якая не ездзіць у адпачынак, не купляе новыя гаджэты, абыходзіцца без аўтамабіля. Калі ж ўлічыць гэтыя выдаткі, тэрмін назапашвання расцягваецца на дзесяцігоддзі.

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Белсат

Графік коштаў на жыллё ў Менску дэманструе ўжо два гады запар – «сярэднестатыстычных» мала, для асноўнай масы менчукоў жыллё ўсё яшчэ застаецца недаступным, крэдыты занадта дарагія. Два гады запар, хоць і павольна, але хіліцца крывая цэнаў у рэальных здзелках ўніз.

Умоўны Гомель

У рэгіёнах свае асаблівасці – даходы ніжэйшыя, але і кошты на жыллё таксама. Прыдатную да пражывання двухпакаёвую кватэру ў панэльным дзевяціпавярховіку ў спальным раёне можна купіць за $27 тысяч.

Даход сярэднестатыстычнай сям’і пасля выплаты падаткаў тут ужо каля Br 2500. Харчаванне, камунальныя паслугі, адзенне – не таннейшыя, чым у Менску. Нават сярэднестатыстычная (не кажучы аб рэальнай) сям’я можа адкладаць не больш за Br 600 за месяц. Назапашванні ў валюце за год – $2800.

Банкаўскія працэнты па крэдыце на нерухомасць – тыя ж 19,5 гадавых. Нашай умоўнай гомельскай сям’і крэдыт, дзе штомесячны плацёж вышэйшы за 600 рублёў, пагашаць будзе цяжка. Гэта значыць, што больш за $10 тысяч у эквіваленце лепш у банку не пазычаць.  Разам трэба назбіраць 17 тысяч. Гэта зойме каля шасці гадоў.

Умоўнасці і рэальнасць

Аднак жа нармальныя лічбы вымалёўваюцца, падумае нейкі назіральнік. Цалкам даступнае жыллё ў Беларусі, час назапашвання для звычайнай сям’і ўсяго чатыры-восем гадоў.

Нават з улікам таго, што гэтай звычайнай сям’і прыйдзецца яшчэ доўгія гады выплачваць крэдыт. Праблема ў тым, што мы не ведаем, колькі гэтых звычайных сем’яў з сярэднімі або медыяннымі даходамі. Ёсць і іншыя лічбы. Напрыклад, у Белстата ёсць падлік «наяўных рэсурсаў у разліку на хатнюю гаспадарку». Дык вось, на пачатак года толькі 18,6% грамадзян Беларусі мелі «сярэднедушавы рэсурс» звыш 1000 рублёў у месяц.

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Белсат

Зрэшты, і гэтая лічба не азначае вялікай колькасці людзей без уласнай кватэры (дома). Можна быць бедным, але жыць у спадчынных шматпакаёвых апартаментах. Можна быць бедным і жыць у кватэры, пабудаванай у 2010-м па ільготным пяціпрацэнтным крэдыце. Так што маем нешта сярэдняе паміж «назапасіць за пяць гадоў» і «не назапасіць ніколі». Без дакладных лічбаў.

Дзяніс Бетонны / АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў