МЗС Беларусі патрабуе скарачэння штату эстонскай амбасады і зменшыць штат сваёй


Беларускае Міністэрства замежных справаў выклікала часовую павераную ў справах Эстоніі ў Беларусі Трыйн Хіесалу і запатрабавала з 1 кастрычніка зменшыць штат амбасады да дваіх асобаў. Будзе скарочаны і штат амбасады Беларусі ў Эстоніі. Пра гэта паведамляе прэсавая служба МЗС. 

Міністэрства замежных справаў Беларусі.
Фота: ua.news

«МЗС Беларусі прааналізавала шэраг нядаўніх наўмысных дзеянняў эстонскага кіраўніцтва, у ліку якіх афіцыйныя спробы прысвоіць права выступаць ад імя беларускага народу і авантуры на пляцоўцы ААН. Яны не могуць быць расцэненыя інакш, як правакацыі ў адносінах суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны», – гаворыцца ў паведамленні.

Беларускі МЗС абвінаваціў не толькі МЗС Эстоніі, але і ўсё кіраўніцтва краіны ў непавазе да асноўных прынцыпаў адносінаў паміж дзяржавамі і ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы Беларусі. І паведаміў, што не пакіне такіх дзеянняў без адпаведнай рэакцыі.

«Ва ўмовах непаважлівага стаўлення да суверэнітэту нашай краіны з боку эстонскага кіраўніцтва Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах не бачыць сэнсу шырокай дыпламатычнай прысутнасці Эстоніі на сваёй тэрыторыі», – паведаміла беларускае МЗС.

Штат амбасады Эстоніі ў Беларусі мусіць быць скарочаны да аднаго дыпламатычнага працаўніка для выканання консульскіх функцыяў і аднаго працаўніка адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу. Аналагічным чынам беларускі бок скароціць сваю дыпламатычную прысутнасць у Эстоніі. Пасол Беларусі ў Эстоніі адклікаецца на кансультацыі ў Менск.

Адзначаецца, што пытанні аднаўлення паўнацэннай дыпламатычнай прысутнасці і поўнамаштабнага дыялогу могуць быць разгледжаныя беларускім бокам пасля таго, як «кіраўніцтва Эстоніі вернецца да цывілізаваных агульнапрызнаных прынцыпаў міждзяржаўных зносінаў і ўзаемапаважлівага дыялогу».

Падрабязнасці інцыдэнту на пляцоўцы ААН не паведамляюцца. На момант рыхтавання гэтага матэрыялу МЗС Эстоніі яшчэ не пракаментаваў заявы МЗС Беларусі.

Як паведамлялася раней, дэлегацыя Беларусі на чале з міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем прыбыла ў ЗША для ўдзелу ў сесіі Генеральнай асамблеі ААН і правядзення шэрагу сустрэчаў «з еўрапейскімі калегамі» і прадстаўнікамі іншых краінаў. Адначасова інтарэсы Беларусі ў ААН прадстаўляе і дэлегацыя на чале з лідаркай дэмакратычных сілаў Святланай Ціханоўскай.

Hавiны
На Генеральную Асамблею ААН ад Беларусі накіраваліся Ціханоўская і Макей
2022.09.19 13:57

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў