Баі пад Ліманам і пагроза акружэння. Што вядома пра працяг наступлення ЗСУ


Збройныя сілы Украіны працягваюць наступальную аперацыю на ўсходзе краіны, ствараючы пагрозу акружэння Ліману – важнага апорнага пункту расейскіх войскаў. Belsat.eu распавядае, што адбываецца на фронце на фоне мабілізацыі ў Расеі і псеўдарэферэндумаў на акупаваных тэрыторыях.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы стаяць у акопе на пазіцыі на перадавой. Запарожская вобласць, Украіна. 21 верасня 2022 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

Пасля маланкавага ўдару ЗСУ пад Балакліяй і вызвалення амаль усёй Харкаўскай вобласці інтэнсіўнасць баявых дзеянняў на гэтым участку фронта заўважна знізіліся. Наступальная аперацыя ўкраінскага войска на паўночным захадзе была лакалізованая дзвюма асноўнымі напрамкамі: раёнам гораду Ліман (Данецкая вобласць) і ракой Аскіл (Харкаўшчына). Расейскія прапагандысцкія рэсурсы часам умоўна называюць увесь гэты ўчастак Аскільскім фронтам.

Аналітыка
Ці працягваецца ўкраінскае контрнаступленне і чаго чакаць далей?
2022.09.14 20:21

Менавіта на рацэ Аскіл расейскія вайскоўцы вырашылі арганізаваць новую лінію абароны пасля адступлення з Ізюму. Паведамлялася, што ЗСУ пачалі фарсіраваць Аскіл яшчэ 14 верасня. Ужо тады аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) адзначалі, што пазіцыі расейцаў тут слабыя і наўрад ці яны здольныя спыніць прасоўванне ўкраінцаў.

Апошнія дні толькі пацвердзілі гэты прагноз. 18 верасня ўкраінскае камандаванне афіцыяльна заявіла, што ЗСУ кантралююць левы бераг Аскілу. У тым ліку была вызвалена ўсходняя частка гораду Купянск, падзеленага ракой. Пра захоп і пашырэнне плацдарму распавядалася і ў зводцы брытанскай выведкі, і ў аглядзе аналітыкаў ISW. Амерыканскія эксперты адзначалі, што гэта стварае пагрозу акружэння расейскіх войскаў у раёне Ліману.

Атакаваць расейскія пазіцыі паўднёвей Асколу, непасрэдна пад Ліманам, украінцы пачалі яшчэ да завяршэння балаклійскага прарыву і вызвалення Ізюму. У апошнія дні сітуацыя ў ваколіцах Ліману для Расеі пагоршылася – падобна на тое, што ўкраінцы нарэшце здолелі ўзламаць расейскую абарону.

Мапа баявых дзеянняў паводле Інстытут вывучэння вайны. Крыніца: understandingwar.org

Украінскае камандаванне пры гэтым захоўвае рэжым інфармацыйнай цішыні: досвед аперацыяў на Харкаўшчыне і Херсоншчыне паказвае, што Кіеў пачынае актыўна распавядаць пра сваё наступленне толькі тады, калі поспех ужо дасягнуты. Аднак прапагандысцкія тэлеграм-каналы расейскіх вайсковых карэспандэнтаў і блогераў (так званыя Z-каналы) перапоўнены цяпер трывожнымі паведамленнямі.

Пагроза акружэння

Цягам дня 22 верасня Z-каналы ў адзін голас распавядалі пра «цяжкія» і нават «разлютаваныя» баі пад Ліманам. Паведамлялася, што ЗСУ спрабуюць абысці горад з поўначы (а па іншых звестках – адразу з некалькіх бакоў), выйсці ў тыл расейскім падраздзяленнямі і акружыць горад.

«Пяхота праціўнка і манеўраныя бронегрупы спрабуюць адрэзаць Ліман і выйсці нам у тыл», – паведаміў «Старше Эдды» 22 верасня

«Праціўнік абыходзіць Чырвоны Ліман (савецкая назва Ліману, якой карыстаюцца расейскія прапагандысты – заўв. belsat.eu) з двух бакоў для таго, каб узяць горад у абцугі, і на асобных участках дамагаецца поспеху», – канстатаваў вайсковы карэспандэнт-прапагандыст Сямён Пегаў (Telegram-канал WarGonzo).

Тэлеграм-канал «Рыбарь» у ранішняй зводцы за 23 верасня паведамляў, што ўкраінцы прарвалі фронт на паўночны захад ад Лімана, уклінілася ў расейскія пазіцыі ў раёне Рэдкадуба і Карпаўкі, а ў пасёлку Дробышава (заходней Лімана) ЗСУ ўдалося адціснуць расейскіх вайскоўцаў да ўскраіны паселішча. Таксама паведамлялася пра прарыў украінскіх вайскоўцаў у раёне сяла Каровій Яр – у 22 км на паўночны захад ад Ліману.

Увечары 22 верасня і раніцай 23-га расейскія вайсковыя карэспандэнты і блогеры спрабавалі супакоіць сваю аўдыторыю, падкрэсліваючы што першапачатковыя планы ЗСУ ўжо сарваныя. Але сур’ёзнасць сітуацыі яны ўсё ж прызнавалі. WarGonzo сцвярджаў, што ў расейцаў ёсць шанец трапіць у «кацёл». «Рыбарь» адзначаў, што без якіх-небудзь дзеянняў з боку Узброеных сілаў РФ акружэнне Лімана «ўжо не за гарамі».

Раніцай 23 верасня канал «Zаписки Vетерана» паведаміў, што расейскі атрад «Барс» трапіў у акружэнне пад Дробышава і з ім цяпер няма сувязі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рэактыўная сістэма залпавага агню БМ-21 «Град» абстрэльвае расейскія пазіцыі ва ўсходняй Украіне. 22 верасня 2022 года.
Фота: Juan Barreto / AFP / East News

Што будзе з Ліманам

Галоўны рэдактар украінскага выдання Цензор.НЕТ Юры Бутусаў пазней удакладніў у сваім Фэйсбуку, што каля Дробышава ў акружэнне трапілі два батальёна расейскіх наймітаў.

«Гэтыя часткі раней былі акружаны ў Ізюме і збеглі з горада без бою, цяпер іх без ратацыі і перафармавання кінулі на абарону чарговага «фестунга» (крэпасці – заўв. belsat.eu).

Дробышава – ключавы вузел камунікацый на поўнач ад Лімана, і вызваленне пасёлку азначае, што неўзабаве расейскія войскі зробяць планавую перагрупоўку і пакінуць Ліман», – прагназуе Бутусаў.

Раней, 22 верасня, дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч заявіў у інтэрв’ю «Фейгин Live», што, на ягоную думку, Ліман можа быць узяты ЗСУ цягам некалькіх дзён.

«Нашыя малайцы, перамагаюць», – адзначыў ён.

У Генштабе ЗСУ ад такіх амбітных заяваў устрымліваюцца. 23 верасня афіцыйна паведамлялася толькі пра вызваленне невялікага пасёлку Яцкіўка Данецкай вобласці, што на левым беразе Аскілу. Ліман у зводцы ўкраінскага Генштабу 23 верасня наогул не згадваўся.

Ліман – важны апорны пункт расейскіх войскаў на Луганшчыне. Z-каналы падкрэсліваць, што ён мае стратэгічнае значэнне для ўсяго Аскільскага фронту. Брытанская выведка адзначае ў зводцы за 23 верасня, што кантроль за гэтай тэрыторыя «неабходны Расеі для выканання сваіх ваенных задач».

Пры гэтым значнымі сіламі там расейцы, імаверна, не валодаюць. Паводле ISW, расейскую абарону пад Ліманам трымаюць добраахвотнікі (найміты) падраздзялення «Барс» і часткі рэгулярнай арміі, што моцна пацярпелі падчас балаклійскага прарыву. Як адзначалі амерыканскія аналітыкі, рэзервы на гэты ўчастак расейскае камандаванне чамусьці не перакідвала, але пры гэтым працягвае  атакаваць пазіцыі ЗСУ ў ваколіцах Бахмуту (Данецкая вобласць).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец патрулюе тэрыторыю на лініі фронту ў Запарожскай вобласці, Украіна. 21 верасня 2022 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

Бессэнсоўным такое рашэнне лічаць не толькі ў ISW. Напрыклад, былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін) яшчэ 14 верасня назваў расейскія атакі пад Бахмутам, «у аператыўнай цені навісаючых з флангаў буйных ударных груповак» украінцаў, «бессэнсоўным, калі не горш, марнаваннем сілаў». 

Дзе ЗСУ нанясе наступны ўдар?

Belsat.eu раней распавядаў, што пасля завяршэння балаклійска-ізюмскай аперацыі сярод расейскіх вайсковых карэспандэнтаў і блогераў актыўна распаўсюджваліся паведамленні пра пагрозу новага наступлення ЗСУ, якое можа распачацца неўзабаве. Сярод магчымых кірункаў удару называліся ваколіцы Вугледару, раён паміж Данецкам і Горлаўкай або Запарожжа. Не на адным з гэтых кірункаў ЗСУ ў наступленне пакуль не перайшлі. Не адбылося і актывізацыі дзеянняў украінскага войска на Херсоншчыне, хаця там ЗСУ працягвае аказваць ціск на расейскія пазіцыі і аналітыкі кажуць пра пэўны прагрэс наступальнай аперацыі.

Што тычыцца Ліману, то пры ўсёй важнасці гэтага населенага пункту, аперацыя ўкраінцаў у гэтым раёне ўсё ж носіць абмежаваны характар. На гэта, у прыватнасці, не раз звярталі ўвагу эксперты ISW у сваіх аглядах. Ці можа перарасці цяперашняя аперацыя ЗСУ ў нешта больш маштабнае пакуль сказаць цяжка.

Аляксей Арэстовіч раней адзначаў, што акружэнне расейцаў пад Ліманам і захоп гораду адкрые ЗСУ аператыўны прастор да Сватава (Луганская вобласць), які з’яўляецца важным вузлом забеспячэння. Расейскі прапагандыст-ваенкор Аляксандр Коц лічыць, што менавіта на Сватава ў выніку плануюць наступаць украінцы. Удары па складах, базах і камандных пунктах расейцаў у Сватава ЗСУ наносяць рэгулярна. Як сцвярджае ўкраінскі Генштаб, на гэтым тыдні там атрымаў раненні расейскі генерал-маёр Алег Цокаў.

Пры гэтым варта не забываць на плацдарм, які ЗСУ стварылі ў раёне Белагораўкі (30 км на ўсход ад Ліману). Гэты пасёлак быў цалкам узяты пад кантроль ЗСУ 19 верасня і стаў першым населеным пунктам Луганскай вобласці, вызваленым ад расейскай акупацыі падчас контрнаступлення. Адсюль ЗСУ ў тым ліку могуць пагражаць Лісічанску, які знаходзіцца ўсяго ў 20 км.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў