Вялізныя чэргі, адсутнасць месцаў у шпіталях і змаганне за тэсты. Чытачы – пра сітуацыю з каронавірусам у Беларусі


У Беларусь прыйшла чацвёртая хваля каронавіруса. Міністэрства аховы здароўя паведамляе пра рэкордныя лічбы захварэлых за содні, аднак адмаўляе надзвычайнае становішча. Мы запыталі чытачоў belsat.eu, як, паводле іхных назіранняў, выглядае сітуацыя з COVID-19 у краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АК / Белсат

Менск

Пацыенты паліклінікі № 39 у Менску скардзяцца на вялізныя чэргі і нежаданне медыкаў рабіць тэсты на каронавірус тым, хто быў у кантакце.

– Да доктара трапіла толькі на другі дзень, бо ў паліклініцы вялікія чэргі. Узялі тэст, вынік аказаўся станоўчы, але ў маёй сям’і тэст адмовіліся браць, сказалі, што робяць гэта толькі паводле паказанняў.

Але неахвотна ў паліклініцы робяць тэсты і тым, хто мае сімптомы.

– Праз нейкі час захварэла і мая мама, мы выклікалі лекара дамоў. Доктар прыйшоў, назначыў лячэнне як хворым на каронавірус і сказаў, што ў першы працоўны дзень прыедуць і возьмуць тэст. Прайшлі тры дні, але так ніхто і не прыйшоў да нас. Мы пазванілі ў паліклініку – звестак на ўзяцце тэсту ў нас ніхто не перадаваў. Званілі яшчэ потым, і пастаянна нам давалі нумары, па якіх ніхто не адказвае, а ў даведцы ніхто нічога не ведаў і не мог нам дапамагчы. Выходзіць такая сітуацыя, што пенсіянераў лячыць не трэба, яны не цікавыя нікому. У выніку тэст узялі толькі тады, калі я змагла дазваніцца і палаяцца з імі.

Hавiны
Пакуль улады не бачаць надзвычайнай сітуацыі ў сувязі з пандэміяй, лекары працуюць на мяжы сваіх сіл і магчымасцяў
2021.09.21 22:44

Іншыя чытачы скардзяцца, што хворым школьнікам не робяць тэстаў на каронавірус. Дзяцей проста адпраўляюць на звычайны бальнічны, а калі праходзіць тэмпература, яго закрываюць.

– Спярша захварэла пляменніца, якая вучыцца ў чацвёртым класе. Відаць, са школы яна і прынесла хваробу. У школе ніякіх антыковідных захадаў з тымі, хто быў у кантакце, не робяць. Але шмат дзяцей «прастылі». Лекары пішуць усім вострую рэспіраторную вірусную інфекцыю (ВРВІ), дзяцей проста адпраўляюць на колькі дзён дамоў, але тэсты на каронавірус не праводзяцца. Калі праходзіць тэмпература – адпраўляюць у школу.

Пасля гэтага захварэла маці. Тэмпературы не было, хваробу перанесла лёгка, але запатрабавала зрабіць тэст. Пра станоўчы вынік спачатку ніяк не паведамілі, яна прыйшла на прыём, сядзела ў агульнай чарзе. І толькі на прыёме доктарка сказала, што тэст станоўчы. Пасля гэтага ўжо зрабілі тэст пляменніцы – таксама станоўчы, хаця яе ўжо адпраўлялі назад у школу, бо тэмпературы не было.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

У выніку людзі пачынаюць хварэць сем’ямі.

– Потым захварэла сястра. Учора ёй рабілі КТ. Як і ў маці, у яе 20 % паражэння лёгкіх. Аніякай самаізаляцыі блізкім дактары не прапануюць нават. Могуць параіць пасядзець тыдзень удома, аднак бальнічны на гэта не даюць. З працай у гэтым выпадку развязаць пытанне вельмі складана. Бацька і далей працягвае хадзіць на працу, бо ў яго няма сімптомаў.

Берасце

Чытачы з Берасця паведамляюць пра вялікую колькасць памерлых ад каронавіруса, якіх уначы патаемна выносяць з палатаў.

– Берасцейскі абласны шпіталь перапоўнены, людзі ляжаць у калідорах, кіслароду не стае. Мой бацька ляжыць у інфекцыйным аддзяленні. Паводле яго, уначы ў цемры ў мяхах выносяць целы памерлых у морг. Знаёмая медсястра пацвердзіла, што быў адпаведны загад кіраўніцтва, каб не падымаць панікі сярод хворых, – піша чытач belsat.eu.

Вялізныя чэргі назіраюцца і ў мясцовых паліклініках.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

– Брат захварэў у суботу 11 верасня. У панядзелак пайшоў у паліклініку, але, адстаяўшы некалькі гадзінаў у чарзе, вярнуўся дамоў. Давялося пазваніць на працу і напісаць заяву за свой рахунак. У аўторак ён прыйшоў раней, каб заняць чаргу. І толькі праз 4,5 гадзіны ў яго змаглі ўзяць мазок, які даў станоўчы вынік. Чэргі проста вялізныя, і лекары з імі не спраўляюцца.

Віцебск

Чытачы з Віцебску сцвярджаюць, што дактары не звяртаюць увагі на адсутнасць нюху і смаку ў хворых, а знойдзеныя на КТ плеўрыт і пнеўмафіброз пазначаюць як ВРВІ.

– Мы захварэлі разам з маім маладым чалавекам яшчэ 6 верасня. Былі звычайныя сімптомы: тэмпература, балела горла, быў насмарк. 7-га я паехала ў паліклініку, у мяне ўзялі мазок на каронавірус і аформілі бальнічны. Мой хлопец на бальнічны не пайшоў, бо працуе з дому, але лячыўся разам са мной. У выніку мой тэст аказаўся адмоўны, мне закрылі бальнічны, і я вярнулася на вучобу.

Недзе праз тыдзень мой хлопец перастаў адчуваць пахі, тэмпература ў яго не спадала і з’явіліся болі ў грудзях, таму мы выклікалі хуткую. Яго паслухалі, зрабілі ЭКГ, праверылі ўзровень кіслароду і памералі ціск. Болі ў грудзях спісалі на працяглую павышаную тэмпературу і параілі не ехаць рабіць КТ у інфекцыйную больніцу, бо там вялікія чэргі ды яшчэ больш шанцаў заразіцца. Паслухалі і мае лёгкія – заўважылі хрыпы.

На наступны дзень у дзяўчыны паднялася тэмпература і з’явіліся болі ў грудзях. У паліклініцы віцяблянцы зноў адкрылі бальнічны, назначылі антыбіётыкі, аднак КТ не сталі рабіць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ВM / Белсат

– Цягам тыдня мне не стала лепш, я таксама перастала адчуваць пахі, таму па хуткай я паехала рабіць КТ у тубдыспансер. На КТ знайшлі плеўрыт і пнеўмафіброз з правага боку, сказалі, што гэта пройдзе, але ў дыягназе напісалі проста ВРВІ. У дыспансеры не зрабілі ПЛР-тэсту, а толькі спыталі, калі я яго рабіла. Я сказала, што 7 верасня. На гэтым усё. Хаця зразумела, што ў нас з хлопцам каронавірус, але ніякіх запісаў нідзе пра гэта не зрабілі. Проста ВРВІ.

Дзяўчына заўважае, што ў Віцебску таксама няма вольных месцаў у шпіталях для хворых на COVID-19:

– Калі я там сядзела ў чарзе на КТ, побач быў мужчына, у якога выявілі каронавірус. Доктарка званіла некаму праз тэлефон і цікавілася, куды яго падзець, бо ўсе больніцы занятыя і месцаў няма. Але, як я зразумела, ёй параілі адправіць мужчыну лячыцца дамоў, хаця ў яго была пнеўманія.

  • Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі зарэгістраваныя больш за 500 тысяч выпадкаў інфікавання каронавірусам. Агулам з пачатку пандэміі ад COVID-19 памерлі больш за 4 тысячы чалавек, сведчыць афіцыйная статыстыка.
Hавiны
Новая хваля каронавіруса ў Беларусі: чэргі, нястача дактароў і абмежаванні ковідных выплатаў
2021.09.17 16:00

ВК belsat.eu

Стужка навінаў