Ужо паўгода ў СІЗА на Валадарскага сядзяць шасцёра берасцейцаў, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах 4-гадовай даўніны


Больш за шэсць месяцаў за кратамі застаюцца берасцейцы Аляксей Галаўко, Аляксандр Казлянка, Андрэй Марыч, Мікіта Дранец, Данііл Чуль і Павел Шпетны.

Усім выставілі абвінавачанне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 2 арт. 285 («Стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй»).

Берасцейцаў вінавацяць ва ўдзеле 5 сакавіка 2017 года ў Маршы абураных недармаедаў, калі група людзей у чорным прайшла па Берасці з расцяжкаю «Чыноўнік – галоўны дармаед» і нават ненадоўга перакрыла праезную частку. Тады ніякіх крымінальных справаў не заводзілі, але людзі адбылі содні. А прадстаўнікі руху анархістаў зазналі значны ціск.

Анархісты падчас акцыі пратэсту ў Берасці, 5 сакавіка 2017 года. Фота belsat.eu

Другі выпадак – 5 траўня 2018 года, тады на знак пратэсту супраць будоўлі акумулятарнага заводу былі перакрытыя тры паласы трасы М1 на заездзе ў Берасце. Тады міліцыя не знайшла ўдзельнікаў акцыі. Цяпер уся віна шасцёх маладзёнаў, якія сядзяць на Валадарцы, – у тым, што яны нібыта маюць дачыненне да руху анархістаў. Следчыя пагражаюць, што пасадзяць хлопцаў на 7 гадоў. Інфармацыі, што адбываецца з імі за кратамі, мала, сваякам не даюць магчымасці пабачыцца, а адвакаты выходзяць з ізалятару з падпіскаю пра нераскрыццё звестак.

Алена Галаўко: Майму сыну працягнулі меру стрымання яшчэ на чатыры месяцы, але мы не лічым, што ён вінаваты

Мы паразмаўлялі з маці Аляксея Галаўка, якому яшчэ на 4 месяцы працягнулі меру стрымання пад вартаю.

– Майго сына затрымалі сёлета 5 сакавіка каля дому. Ужо пасля да мяне прыйшлі з ператрусам, аднак пра затрыманне сына нічога не паведамілі. Як не паведамілі, дзе яго трымаюць. 9 сакавіка я сама прыехала на Акрэсціна і знайшла яго. 10 сакавіка яго перавялі з Акрэсціна на Валадарскага, і я змагла перадаць яму першую перадачу, – кажа спадарыня Алена ў размове з «Белсатам».

Аляксей Галаўко, фота з сямейнага архіву

Жанчына адзначае, што падрабязнасці затрымання і ўтрымання сына на Акрэсціна ёй невядомыя.

Афіцыйная прычына затрымання – пратэсты ў Берасці ў 2017–2018 гадах супраць дэкрэту аб дармаедах і будаўніцтва акумулятарнага заводу. Выстаўленыя абвінавачанні паводле артыкулаў 285 і 342. Аднак 7 гадоў яму паабяцалі яшчэ ў самым пачатку. Адвакат цяпер пад падпіскай аб нераскрыцці. Таму пра тое, што адбываецца ў справе, нічога не вядома. Аляксей адмовіўся даваць паказанні. Адзін допыт быў пасля затрымання, пазней следчых дзеянняў з Лёшавым удзелам не праводзілі. Толькі працягваюць тэрміны ўтрымання пад вартаю. Апошні раз падоўжылі яшчэ на 4 месяцы, да студзеня 2022 года, – распавядае Алена Галаўко.

Маці Аляксея кажа, што ёй не дазваляюць спаткацца з сынам, бо, на думку следчых, для іх няма падставаў. Але жанчына піша скаргі, бо не лічыць Аляксея ў нечым вінаватым.

У СІЗА на Валадарскага Лёшу трымаюць ужо больш за шэсць месяцаў. Фактычна яго затрымалі не за дзеянні, а за меркаванае дачыненне да анархістаў, за думкі і перакананні. Ліст ад Васкрасенскага Лёшу прыходзіў. Ён на яго не адказваў, бо не лічыць сябе вінаватым. Як можна прасіць памілавання за тое, чаго не рабіў? – адзначае спадарыня Алена.

Артыкулы
«У 2010-м было цяжэй». Маці анархіста Аляксандра Францкевіча не бачыла сына ўжо 13 месяцаў
2021.09.12 14:25

Аляксею цяпер 20 гадоў, ён толькі пачынаў самастойны шлях у жыцці, вызначаў, якою сцежкаю пайсці. Летась скончыў політэхнічны каледж і паступіў у Берасцейскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на завочнае навучанне. Паспеў здаць адну сесію. На мінулым тыдні прыйшоў ліст, што дамову аб навучанні скасавалі. У армію Лёша не пайшоў паводле стану здароўя. Узімку ўладкаваўся на завод токарам, «звычайны рабацяга», як піша пра сябе ў лістах. Аднак нават не паспеў патраціць заробленага.

Таксама Аляксей мае музычную адукацыю (клас акардэона), быў бубначом у музычным ансамблі. Грае на гітары.

Даведка
Аляксей Галаўко, фота з сямейнага архіву

Маці распавядае, што Аляксей вельмі адкрыты, лёгка сыходзіцца з людзьмі рознага ўзросту. Абаяльны, душа кампаніі, мае пачуццё гумару. Усе сябры адзначаюць яго як вельмі добрага чалавека, які заўсёды прыходзіў на дапамогу, нават малазнаёмым ці тады, калі яму было нязручна. Любіць ездзіць за стырном, а таксама «круціць машыны». Увесь пакой у аўтазапчастках. Апошнія гады быў вегетарыянцам. Мае свой погляд на амаль усе падзеі. Калі ён у нечым упэўнены, пераканаць яго ў іншым вельмі складана. Выбары 2020 года былі для яго першымі. Аднак не меў веры, што яны могуць быць справядлівымі, не бачыў там свайго кандыдата.

Уся сувязь з сынам цяпер толькі праз лісты і адваката. Апошнія тры тыдні лістоў няма зусім. Першыя лісты, вядома, былі досыць сумныя і дэпрэсіўныя, пэўна, як і мае. Я яшчэ верыла нейкі час, што вось зараз адпусцяць, цяпер жа такога спадзеву няма, – кажа жанчына.

Аляксей адразу ж стаў разлічваць на 7 гадоў і ўжо раздаў свае невялікія пажыткі сябрам. У лістах часта піша, што нічога не адбываецца, усе дні аднолькавыя. А калі нешта здараецца – цэнзар вяртае. З сябрамі ў ліставанні размаўляе пераважна пра аўтамабілі. А дзяўчатам-сяброўкам калі-нікалі скардзіцца на дрэнны настрой або на здароўе.

Спачатку ў камеры была толькі радыёстанцыя, і Аляксей не мог слухаць той музыкі, казаў, што выйдзе і будзе ўвесь час слухаць тое, што яму падабаецца. Праз пэўны час меркаванне змянілася: з’явілася жаданне пабыць у цішыні і на самоце. З цяжкасцямі ўдалося перадаць у камеру тэлевізар (склалася ўражанне, што ў ягонай камеры забаронена амаль усё), дык пісаў, як праз пяць хвілінаў пашкадаваў, што прасіў яго перадаць, і пайшоў чытаць кнігу. Дарэчы, купіць кнігі праз краму так і не ўдалося. Пра побыт і людзей піша рэдка, бо, відаць, не прапускаюць цэнзары. Аднак калі-нікалі інфармацыя з’яўляецца, напрыклад, быў ліст з апісаннем працэсу галення раз на тыдзень.

Некаторыя лісты даюць мне магчымасць пасмяяцца. Называе мяне непрабіўной аптымісткаю, хоць аптымізму ўсё менш, засталася толькі вера ў цуд, – кажа Алена Галаўко.

Як і Аляксея Галаўка, палітычным вязнем прызналі 37-гадовага Аляксандра Казлянку, У Берасці мужчыну ведаюць як добрага і сціплага чалавека, які шмат дапамагаў людзям вакол. Журналіст «Белсату» ніводнага разу не чуў пра Аляксандра дрэннага слова. З Валадаркі мужчына здолеў перадаць ліст, у якім распавёў пра сваё затрыманне і катаванні.

Аляксандр Казлянка: Сказалі, што на 7 гадоў паедзем у лагер

Раніцаю 2 сакавіка ў кватэру, дзе жыў Казлянка з бацькамі і братам, уварваліся людзі ў чорным. Аляксандра пад крыкі «Мордой в пол, работает ОМОН!» паклалі на падлогу. Як аказалася, мужчыну затрымліваў берасцейскі АМАП і менскі ГУБАЗіК.

Аляксандра адвезлі ў берасцейскі аддзел ГУБАЗіКу, там з яго пачалі здзекавацца.

«Мяне прыкулі ў дзяжурным памяшканні да кратаў, задзерлі рукі за спінаю. Каб стаяць у больш-менш зручнай паставе, даводзілася падымацца на дыбачкі. У такім стане вытрываў каля гадзіны і адзін раз амаль знепрытомнеў. Затым падышоў адзін з менскага ГУБАЗіКу і сказаў, што будзе мяне катаваць, як Мікалая Дзядка, калі не дам пароляў ад ноўтбука і «Тэлеграму». Я падумаў, што не гатовы да катаванняў дзеля гэтых пароляў і пагадзіўся іх даць (потым яшчэ даў пароль ад кнопкавага тэлефона). Агулам у берасцейскім ГУБАЗіКу прабыў паўтары гадзіны. Затым мяне завялі ў бус і пасадзілі на падлогу, рукі былі ў кайданках за спінай. У гэты ж бус завялі і гэтак жа пасадзілі Андрэя Марача ды траіх не вядомых мне людзей. Нас пяцярых павезлі ў Менск у Следчы камітэт. Агулам у мяне рукі за спінай у кайданках былі гадзінаў сем, потым я месяц вялікага пальца левай рукі не адчуваў», – змог напісаць Аляксандр Казлянка.

Аляксандр Казлянка.
Фота: dzedzich.org

У Менску здзекі з Аляксандра працягнуліся, усім затрыманым пагражалі, што яны паедуць у лагер на 7 гадоў.

Як толькі перад СК мяне вывелі з буса, кіраўнік следчай групы Цыбульскі пачаў пагражаць, што паеду ў лагер на 7 гадоў, калі не пайду на супрацу са следствам. Я адмовіўся супрацоўнічаць. У прыбіральні СК два супрацоўнікі ГУБАЗіКу знялі мяне на відэа. Я адмовіўся называць на камеру свае звесткі і казаць пра сябе, тады адзін з іх ударыў мяне кулаком у грудзі. Я для сябе пастанавіў, што не буду на камеру нічога казаць, нават калі будуць катаваць. Мне трохі пагразілі, але больш не білі, хоць я так нічога і не сказаў, – успамінае палітычны вязень.

На Казлянку склалі два пратаколы паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу і на 10 содняў адвезлі на Акрэсціна, а пасля перавялі ў менскае СІЗА № 1 на Валадарскага. Пасля гэтага Аляксандру спынілі магчымасць ліставацца: што цяпер з ім адбываецца, невядома. У кастрычніку яго павінен наведаць адвакат, сябры прадчуваюць, што палітзняволенаму маглі таксама працягнуць меру стрымання.

Праваабаронца Раман Кісляк: Яны сядзяць за свае перакананні

Гэтых маладзёнаў арыштавалі не за іхныя канкрэтныя дзеянні, а за іхную прыналежнасць, на думку ўладаў, да анархічнага руху. Відавочна, што яны сядзяць за свае погляды, – кажа ў размове з «Белсатам» праваабаронца Раман Кісляк.

Гэтая справа яшчэ не разгледжаная ў судзе?

Арышты анархістаў і тых, каго ўлады лічаць анархістамі, сталіся першым эпізодам татальнай зачысткі палітычных груповак. Тое, што гэтай справы дасюль не разгледзеў суд, сведчыць, найхутчэй, пра тое, што ўлады на гэтых хлопцаў нічога не маюць. Раней розныя групы анархістаў стваралі органам масу непрыемнасцяў, іхныя акцыі былі дзёрзкія і нечаканыя, таму яны аднымі з першых трапілі пад каток рэпрэсіяў.

Хлопцаў затрымалі і змясцілі ў СІЗА за падзеі 2017–2018 гадоў, чаму ўлады надумалі караць людзей цяпер?

– Бо для ўладаў яны небяспечныя. Улады пачалі татальную зачыстку ўсіх групаў, якія іх крытыкуюць. У тым ліку і рэтраспектыўна. Усіх, хто крытыкаваў і ствараў непрыемнасці ўладам мінулымі гадамі.

Артыкулы
«Каб ведаў, што нас шмат!» Мама палітвязня Іллі Лабацэвіча – пра бунтоўны Наваполацк, непрытомнасць на судзе і шклоўскую «зону»
2021.09.21 13:29

belsat.eu

Стужка навінаў