«Глядзела на надпіс «Free Maxim» і бегла хутчэй». Вялікае інтэрв'ю з першаю беларускай, якая пераадолела «Otillo»


33-гадовая беларуска Вікторыя Кавальска родам з Жабінкі, з 2006 года жыве ў Варшаве. 6 верасня з мужам, палякам Томашам Кавальскім, Вікторыя ўзяла ўдзел у чэмпіянаце свету па сўімране. Гонку «Otillo», што праходзіць у Швецыі, называюць самым жорсткім спартовым выпрабаваннем на цягавітасць у свеце. Удзельнікі пераадольваюць 75 кіламетраў бегма і ўплаў, прычым бегчы даводзіцца па ўзгорках і камянях Стакгольмскага архіпелагу, а плыць – у халоднай вадзе Балтыкі. Сёлета ў спаборніцтвах узялі ўдзел 400 спартоўцаў з 20 краінаў. Кавальскім удалося пераадолець дыстанцыю за 10 гадзінаў 31 хвіліну. Спартовае дасягненне сужэнства прысвяціла Максіму Знаку. У інтэрв’ю «Белсату» Вікторыя распавяла пра рыхтаванне да гонкі і ўласна спаборніцтва.

Сўімран – мультыспартовая гонка на свежым паветры, якая ўлучае бег па перасечанай мясцовасці і заплывы ў вадаёмах.

– Віка, ці мінула ўжо хваляванне пасля спаборніцтва?

– Узбуджанасць не прайшла, бо арганізатары амаль штодзень посцяць у Facebook фота ці відэа са спаборніцтва, мы з мужам глядзім іх – і эмоцыі вяртаюцца.

Вікторыя і Томаш Кавальскія на фінішы гонкі «Otillo». Фота для рэдакцыі

– Якія гэта эмоцыі?

– Завяршыўшы гонку, мы адчулі і задаволенасць, што намаганні былі не марныя, і здзіўленне добрым вынікам: мы прыйшлі на цэлую гадзіну хутчэй, чымся я разлічвала. А яшчэ я адчула вялікую ўдзячнасць і да мужа, і да ўсіх, хто мяне падтрымліваў: да сям’і, сяброў, трэнераў.

– Распавядзі, як рыхтаваліся да «Otillo».

– Так выйшла, што рыхтаванне расцягнулася на 2 гады, хоць мусіла заняць каля сямі месяцаў. Мы збіраліся браць удзел у чэмпіянаце ў 2020 годзе, але тады праз ковід спаборніцтва адмянілі. Я трэнавалася па 5–6 дзён за тыдзень: у асноўным гэта бег і плаванне, але таксама функцыянальныя трэнаванні, якія дапамагаюць напрацаваць цягліцы, расцяжка і заняткі з ролам (адмысловым валікам для масажу цягліцаў). Я супрацоўнічала з трэнерам, які распісваў графік трэнаванняў, улічваючы мой працоўны расклад.

Вядома, такі рэжым прадугледжвае сур’ёзныя самаабмежаванні: адмову ад сустрэчаў з сябрамі, адпачынкаў у звычайным разуменні – вольныя ад працы тыдні мы прысвячалі зборам і трэнаванням. Апошнімі месяцамі перад спаборніцтвамі мы таксама адмовіліся ад прысмакаў і алкаголю. Ды што казаць – за гэтыя некалькі гадоў я прачытала ўсяго адну кніжку, і тое мімаходзь, хоць раней чытала даволі шмат. Я спартоўка з невялікім стажам, і мне трэба было падысці да трэнавальнага працэсу асабліва старанна.

Гонка «Otillo» ў Швецыі.
Фота: Jean-Marie Gueye, flickr.com

– Атрымліваецца, ты прыйшла ў спорт адносна нядаўна, але ўжо дасягнула значных поспехаў. Як гэта выйшла?

– Так, я пачала займацца трыятлонам тры гады таму, а потым захапілася сўімранам. Я заўсёды любіла фізічную актыўнасць, а фізкультура была маім любімым прадметам у школе, хоць і ў астатніх я паспявала добра. І ў школе, і потым ва ўніверсітэце я наведвала спартовую секцыю па валейболе і гуляла даволі добра. Пасля ўніверсітэту ў мяне быў перыяд поўнага спартовага застою, бо я вельмі шмат працавала.

Але пазней, змяніўшы працу, пачала бегаць – проста ў адзін цудоўны дзень адчула такую патрэбу і выйшла на прабег. Я так і бегала, пакуль сяброўка не паклікала мяне пазаймацца ў Варшаўскі міжнародны клуб трыятлону. Мне спадабалася. У гэты ж перыяд я трапіла на трэнаванне па сўімране, і спадабалася яшчэ больш. У тым ліку і таму, што ў клубе па сўімране я пазнаёмілася з будучым мужам.

Вікторыя і Томаш Кавальскія на фінішы гонкі «Otillo». Фота для рэдакцыі

– А ў чым адрозненне сўімрану ад трыятлону, акрамя адсутнасці ровара?

– У сўімране я адчуваю больш свабоды. Гэта не бег па асфальце: спаборніцтвы праходзяць у найпрыгажэйшых мясцінах на дзікай прыродзе. А яшчэ ў трыятлоне змена фізічнай актыўнасці адбываецца ўсяго тройчы: спачатку ты плывеш, потым едзеш на ровары, а затым бяжыш. У сўімране ты то бяжыш, то плывеш, то зноў бяжыш. Напрыклад, на «Otillo» было 46 зменаў актыўнасці: 24 бегавыя адцінкі і 23 заплывы! Гэта вельмі шмат. Прычым за ўвесь час ты не змяняеш ні касцюму, ні экіпавання. Сўімранэры плаваюць проста ў красоўках, але не выкарыстоўваюць падчас заплываў ног, замест гэтага ўзмацняючы рухі рук адмысловымі плавальнымі лапаткамі.

Але ўсё гэта мне ў радасць. Прыйшоўшы ў спорт, я выявіла, што люблю доўгія дыстанцыі. На кароткіх я толькі паспею разагнацца – як вось ён, фініш. А мне трэба яшчэ!

– На чэмпіянаце вы перасягнулі папярэдні рэкорд пары з Польшчы на 10 хвілінаў, а ты стала першаю беларускай, якая пераадолела Стакгольмскі архіпелаг. Гэта вялікі поспех. Ці плануеце вы паўтарыць у наступным годзе?

– Такіх планаў няма. Больш за тое, я пакуль не планую і ўдзелу ў іншых сур’ёзных спаборніцтвах. Як я ўжо згадала, рыхтаванне вымагае шмат ахвяраў, а я хачу пажыць нармальным жыццём. Да таго ж у мяне было некалькі траўмаў, хочацца цалкам аднавіць арганізм.

Гонка «Otillo» ў Швецыі.
Фота: Pierre Mangez, flickr.com

А яшчэ ўдзел у спаборніцтвах такога ўзроўню – гэта вялікія грашовыя выдаткі. Мы не рабілі падлікаў, але калі груба прыкінуць, толькі на маё рыхтаванне і ўдзел пайшло 7-8 тысяч долараў. Сам удзел у спаборніцтвах – гэта мінімум 5 тысячаў злотых (каля 1300 долараў), плюс 4 тысячы злотых (каля 1000 долараў) на экіпаванне, плюс паездкі на іншыя чэмпіянаты (якія дазваляюць атрымаць кваліфікацыю для ўдзелу ў «Otillo»), паходы ў басейн, праца трэнера, масаж, фізіятэрапія і заняткі для мабільнасці суставаў, неабходныя з увагі на траўмы.

– Віка, вы прысвяцілі свой удзел у «Otillo» Максіму Знаку. Чаму менавіта яму? Як да гэтай ідэі паставіўся Томаш?

– Я цікавілася палітыкай заўсёды, заўсёды была супраць рэжыму, даўно бяру ўдзел у арганізацыі канцэртаў «Салідарныя з Беларуссю» ў Варшаве. Таму падзеі ў Беларусі не маглі не паўплываць на мяне. У жніўні 2020 года, пасля выбараў, я практычна не магла спаць начамі, думала пра тое, што адбываецца ў Беларусі. У гэты ж час «Otillo-2020» адмянілі праз ковід, я перастала трэнавацца.

Але калі стала вядома, што чэмпіянат пераносяць на восень 2021 года, я пастанавіла ўзяць сябе ў рукі і аднавіла падрыхтоўку. У сакавіку я пайшла да псіхолага, гэта вельмі дапамагло, як і часовая адмова ад сацыяльных сетак ды чытання навінаў з Беларусі. Мне патрэбная была поўная псіхалагічная перазагрузка.

Даведаўшыся пра тое, што чэмпіянат усё-ткі будзе, я практычна адразу запрапанавала мужу прысвяціць наш удзел Максіму Знаку. Томаш, вядома, пагадзіўся, ён і сам усёю душою – за Беларусь. А праз некалькі месяцаў, даведаўшыся, што прысуд Максіму і Машы вынесуць 6 верасня, я здранцвела: менавіта на гэты дзень прызначылі чэмпіянат.

Гонка «Otillo» ў Швецыі.
Фота: Pierre Mangez, flickr.com

Я захапляюся Максімам: будучы паспяховым у сваёй прафесійнай дзейнасці, ён таксама здолеў дамагчыся поспехаў у трыятлоне [Максім Знак браў удзел у розных спаборніцтвах па трыятлоне, у тым ліку ў «Ironman» – гонцы, што ўлучае заплыў на 3,86 км, роварны заезд на 180,25 км і забег на 42,195 км – заўв. Belsat.eu], а яшчэ я ведаю, што ён дапамагае сукамернікам, падтрымлівае іхны маральны дух, піша вершы.

Перад «Otillo» я напісала на адной лапатцы для плавання «Free Maxim», на другой – «Free Belarus». І калі падчас гонкі было асабліва цяжка, дранцвелі цягліцы, з’яўляўся боль – погляд падаў на гэтыя надпісы, і я думала: «Так, Віка, трымайся, давай наперад. Тое, што ты робіш, – вялікі прывілей, у іх гэтага ўсяго няма». Мяне гэта вельмі матывавала.

Вікторыя і Томаш Кавальскія. Фота для рэдакцыі

Дарэчы, Максіму ўжо перадалі, што мы прысвяцілі яму старт, гэта ўдалося зрабіць праз агульнага знаёмага. Спадзяюся, гэта яго падтрымае.

МВ/АА belsat.eu

Стужка навінаў