Дзе і на якіх умовах могуць прышчапіцца беларусы ў суседніх краінах?


За апошні месяц у Беларусі пачала павялічвацца колькасць заражаных каронавірусам, а ў Міністэрстве аховы здароўя ўжо кажуць пра новую хвалю захворванняў. Аднак беларусы не спяшаюцца добраахвотна рабіць прышчэпкі ад COVID-19: поўны курс вакцынацыі прайшлі толькі 14,7 % насельніцтва. Адна з галоўных прычынаў нізкай вакцынацыі – недавер да расейскай вакцыны «Спутник V» і кітайскай «Sinopharm»: іх дасюль не адобрыла Сусветная арганізацыя здароўя. Праз гэта ў заходніх краінах сертыфікат аб праходжанні вакцынацыі гэтымі прэпаратамі не сапраўдны, а вандроўнікі ўсё роўна мусяць рабіць ПЛР-тэсты або адбываць каранцін.

Каб мець прызнаны сертыфікат аб вакцынацыі і магчымасць свабодна перасоўвацца, некаторыя беларусы адмыслова прыязджаюць у суседнія краіны па дозу вакцыны.

«Белсат» даведаўся, як беларусы могуць прышчапіцца ў суседніх краінах і што для гэтага трэба.

Вакцынацыя ад каронавіруснай інфекцыі. Масква.
Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Літва

Бадай, найпрасцей сярод суседніх краінаў прышчапіцца ад каронавіруса ў Літве.

Масавая вакцынацыя тут пачалася ў траўні і была даступная толькі грамадзянам краіны. Але ў хуткім часе правілы змяніліся, і дзякуючы актыўнай праграме падтрымання вакцынацыі ўрадам зрабіць бясплатную вакцыну можа любы ахвочы: дастаткова мець з сабою пашпарт.

Каб спрасціць пошук цэнтру вакцынацыі, стварылі інтэрактыўную мапу з адрасамі і часам працы ўстановаў, а таксама колькасцю і найменнем наяўных вакцынаў. А для прастаты і масавасці вакцынацыі былі задзеяныя звычайныя аўтобусы, пераабсталяваныя пад цэнтры вакцынацыі. У іх месцяцца адміністратар, які запаўняе звесткі, два медычныя работнікі, якія беспасярэдне робяць вакцынацыю, і кіроўца.

Спецыялізаваны аўтобус для вакцынацыі ў Вільні. Фота для рэдакцыі

На ўсю працэдуру сыходзіць каля гадзіны: трэба прастаяць у чарзе з 20–30 чалавек, а пасля прышчэпкі вычакаць 10–15 хвілінаў, каб пераканацца, што з вамі ўсё ў парадку. Адразу пасля прышчэпкі выдаюць дакумент аб праходжанні поўнай вакцынацыі або адной з яе дозаў.

На дзясяты дзень пасля вакцынацыі на электронную пошту прыходзіць сертыфікат з QR-кодам аб праходжанні курсу вакцынацыі.

Таксама ў Літве можна выбраць, якою з чатырох відаў вакцынаў вы хочаце прышчапіцца: «Moderna», «Janssen», «Comirnaty» («BioNTech»/«Pfizer») або «Vaxzevria» («AstraZeneca»).

Варта адзначыць, што ў Літве і краінах Еўразвязу не прымаюць расейскай вакцыны «Спутник V». Калі яе зрабіць у Беларусі, то трэба будзе пачакаць мінімум два месяцы, каб зрабіць яшчэ адну прышчэпку ў Літве.

Польшча

У Польшчы таксама няма асаблівых умоваў для вакцынацыі, прышчапіцца можа любы ахвочы пры наяўнасці пашпарта. Аднак у залежнасці ад цэнтру вакцынацыі дадаткова можа спатрэбіцца накіраванне ад доктара, што можна зрабіць онлайн, але за гэта давядзецца заплаціць як за візіт да лекара – каля 100 злотых (Br 65). Прышчэпка робіцца бясплатна.

Цэнтр вакцынацыі ў Варшаве.
Фота: nowawarszawa.pl

Замежнік можа выбраць паміж дзвюма вакцынамі: «Pfizer» (2 фазы) і «Johnson & Johnson» (1 фаза). Пры выбары «Pfizer» у пункце аўтаматычна запісваюць на другую дозу вакцыны праз 21 дзень, а пры выбары аднафазнай прышчэпкі «Johnson & Johnson» – адразу ж выдаюць сертыфікат. Аднак ён пачынае дзеяць толькі праз 14 дзён пасля выдачы.

Украіна

Ва Украіне з вакцынацыяй для замежных грамадзянаў усё больш складана. Каб зрабіць прышчэпку, трэба мець мінімум два дакументы – від на жыхарства і асабісты нумар падаткаплатніка. Без іх рабіць прышчэпку адмаўляюцца.

На выбар прапаноўваюцца пяць відаў вакцынаў: «Moderna», CoronaVac, «BioNTech»/«Pfizer», «AstraZeneca» і «Johnson & Johnson».

Расея

На сайце ведамства аховы здароўя Расеі пазначана, што на прышчэпку можа запісацца «любы грамадзянін Расейскай Федэрацыі, каму больш за 18 гадоў». Зрабіць прышчэпку, як раней, толькі пры наяўнасці нацыянальнага пашпарта цяпер нельга. Замежныя грамадзяне, у тым ліку і беларусы, могуць браць удзел у вакцынацыі толькі пры наяўнасці пасведчання на права жыхарства або дазволу на часовае пражыванне. Прычым для замежных грамадзянаў існуюць спецыяльныя цэнтры вакцынацыі, а адна доза вакцыны абыдзецца ў 1300 рублёў (Br 45).

Hавiны
«Ігнаруючы каронавірус, улады дэманструюць, што ім пляваць на простых людзей»
2021.06.19 17:19

Прышчапіцца ў Расеі можна чатырма айчыннымі вакцынамі на выбар: «Спутник V» і аднафазная «Спутник Лайт», якімі прышчапляюць і ў Беларусі, а таксама «ЭпиВакКорона» і «Ковивак».

Аднак варта памятаць, што расейскія вакцыны пакуль не ўхваленыя Сусветнай арганізацыяй здароўя (WHO) і Еўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў (ЕМА): трапіць у заходнія краіны без праходжання каранціну або ПЛР-тэсту не ўдасца.

Латвія

У Латвіі сітуацыя з вакцынацыяй замежных грамадзянаў таксама няпростая: у адрозненне ад Літвы і Польшчы, толькі з пашпартам прышчапіцца не ўдасца.

Прайсці вакцынацыю ад COVID-19 у Латвіі могуць замежнікі, якія вучацца, працуюць або жывуць у Латвіі на сталай аснове, або тыя, хто мае права на пражыванне.

Прышчапіцца ў Латвіі можна вакцынаю на выбар: «Johnson & Johnson», «Moderna», «AstraZeneca» ці «BioNTech»/«Pfizer».

Грузія

Краіна, у якую за апошні год пераехала нямала беларусаў і ў якую дасюль лётаюць самалёты беларускай авіякампаніі, таксама дае магчымасць вакцынаваць замежных грамадзянаў.

Вакцыну робяць бясплатна пры наяўнасці пашпарта ў парадку жывой чаргі. Аднак ёсць умова: прабыць у Грузіі трэба не менш за тры месяцы.

У Грузіі адобраныя наступныя вакцыны: «AstraZeneca», «BioNTech»/«Pfizer», «Sinopharm» і «CoronaVac».

Hавiны
Прымусовая вакцынацыя ў Беларусі: даплаты, пагрозы, звальненні і патрабаванні
2021.08.06 08:30

АД belsat.eu

Стужка навінаў