Былы следчы ГУБАЗіКу – пра спецаперацыі, сакрэтную базу звестак і заробкі сілавікоў


У першым паўгоддзі 2021га ў Беларусі за карупцыю асудзілі на траціну асобаў менш у параўнанні з такім жа перыядам 2020-га. Гэткія справы – асноўны кірунак Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю і карупцыяй. Аднак былы супрацоўнік ведамства Аляксандр Азараў мяркуе, што гэта не сведчыць пра паспяховасць працы ўпраўлення.

Аляксандр Азараў. Стоп-кадр з праграмы “Шчыра кажучы”

Была следчы ГУБАЗіКу Аляксандр Азараў распавядае: калі ў 2020 годзе ў Беларусі пачаліся выбары, асноўнаю працаю ведамства зрабілася назіранне за перадвыбарчаю кампаніяй. Усё пачалося са спецаперацыі затрымання Сяргея Ціханоўскага ў траўні летась.

«Гэтую справу сфабрыкавалі. Знайшлі агентку, якую адправілі ў Горадню. Яна здзейсніла правакацыю на ўказанне ГУБАЗіКу – і Ціханоўскага затрымалі, распачалі крымінальную справу ды арыштавалі. Пасля гэтага ГУБАЗіК пачаў займацца пратэстамі, стаў займацца тым жа Бабарыкам. Паставілі заданне прыбраць лідараў, якія могуць выйграць прэзідэнцкую гонку», – распавядае Аляксандр Азараў.

Абноўлена
У Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Людзі прыйшлі да міліцыі. ВІДЭА
2020.05.29 21:10

Азараў сцвярджае, што раней на аднаго супрацоўніка ГУБАЗіКу прыходзіліся прыблізна тры справы аператыўнага ўліку. Цяпер упраўленне шукае дэманстрантаў. Створаная нават база звестак «Беспарадкі» з каля 40 тысячамі асобаў. То бок на аднаго сілавіка прыпадае больш за паўсотні беларусаў.

«У гэтай базе – усе асобы, каго затрымлівалі за ўдзел у пратэстах або хто прайшоў паводле крымінальных ці адміністратыўных справаў. Нават калі кагосьці і не затрымлівалі, але была нейкая інфармацыя пра тое, што ён мае дачыненне да дзейнасці якіх-кольвек арганізацыяў ці не лаяльны да рэжыму, усіх гэтых людзей заносілі ў гэтую базу, і цяпер бярэцца кожная асоба па чарзе і адпрацоўваецца, – сцвярджае былы супрацоўнік ГУБАЗіКу. – Акрамя таго, ёсць масіў здымкаў, атрыманых падчас пратэстаў. Гэта або журналісты здымалі, або аператыўныя здымкі. Паводле гэтых фота з дапамогаю розных базаў звестак высвятляюцца асобы, іх намагаюцца прыцягнуць да адказнасці».

Шчыра кажучы
Каго пакрывае ГУБАЗіК у справах, звязаных з наркотыкамі? Прызнанні былога следчага
2021.09.15 19:54

Перагружанасць супрацоўнікаў ГУБАЗіКу прывяла да таго, што пасля выбараў іхную колькасць павялічылі з 500 да 600 чалавек. Каб заманіць і захаваць на працы міліцыянтаў, ім на 11 % паднялі заробак. Акрамя гэтага, часта заплюшчваюць вочы на правапарушэнні самых сілавікоў.

Паводле былога следчага, цяпер ёсць негалоснае ўказанне міліцыянтаў не чапаць. Ён ведае выпадкі, калі іх не затрымлівалі нават за злачынствы. П’яны міліцыянт адабраў тэлефон – пацярпелы звярнуўся ў міліцыю, але там адмовіліся распачаць крымінальную справу.

«Гэты супрацоўнік дасюль працуе. Раней гэта быў нонсэнс, такога быць не магло», – паціскае плячыма Аляксандр Азараў.

Якім чынамі сілавікі звязаныя з ростам колькасці злачынстваў? Як іх правяраюць па заявах ад пацярпелых ад міліцэйскага гвалту? Чаму расце колькасць ДТЗ і якія новыя абавязкі ўчастковых? Глядзіце ў праграме «Шчыра кажучы» (відэа вышэй).

Фота на прэв’ю: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Стужка навінаў