«Адразу відаць, хто нядаўна прыехаў: яны баяцца бусаў, паліцыі». Як жыве беларуская дыяспара ў Батумі

Наталля Мілеўская на акцыі ў Батумі. Фота: асабісты архіў Наталлі

Наталля Мілеўская – мянчанка, якая прыехала ў Батумі некалькі гадоў таму. Калі сёлета ў Грузію пачалі рэлакавацца і эміграваць беларусы, пацярпелыя ад рэпрэсіяў, жанчына ўзялася дапамагаць ім адаптавацца – у побыце, камунікацыі з дзяржаўнымі органамі, пошуках працы. У размове з «Белсатам» Наталля распавядае, у якім стане прыязджаюць беларусы ў Грузію, якая дапамога ім патрэбная, а таксама пра акцыі ды ініцыятывы дыяспары.

«Жыву ў Грузіі, але думкамі – у Беларусі»

Наталля Мілеўская калісьці прыляцела ў Батумі паправіць здароўе – у жанчыны праблемы са шчытападобнай залозай. На ўзбярэжжы Чорнага мора мянчанка заўсёды адчувала сябе лепш і ў нейкі момант вырашыла застацца ў Грузіі назусім. Але ў той жа час сувязі з Беларуссю не згубіла.

– У Беларусі ў мяне сябры, блізкія, калегі. Я штодня з імі на сувязі, таму ведаю пра ўсё, што адбываецца на радзіме. Усе навіны беларускія чытаю. Часта ў мяне адчуванне, што я яшчэ там, бо жыву беларускімі падзеямі і думкамі пра Беларусь, – кажа Наталля.

Жанчына ўважліва сачыла за леташнімі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Ілюзіяў наконт выніку нашая суразмоўца не мела, хоць крыху надзеі на перамены з’явілася, калі яна пабачыла, колькі людзей нарэшце супраць. Да таго ж, 80-гадовая Наталліна мама, якая не хадзіла раней на выбары, летась пайшла і з белым бранзалетам на руцэ.

Наталля моцна перажывала тое, што адбывалася пасля выбараў.

– Было вельмі трывожна яшчэ напярэдадні, бо Лукашэнка ж сам папярэджваў, што ўладу не аддасць, але той генацыд уласнага народу, які распачаўся – гэта жудасна, – кажа жанчына.

Паводле Наталлі, беларусы сталі масава прыязджаць у Грузію, калі ўвесну знялі лакдаўн, – 30 сакавіка прыляцеў першы самалёт з Менску ў Батумі.

– Беларусаў станавілася ўсё больш. Яшчэ ў гадавіну чарнобыльскай катастрофы нас стаяла пяць чалавек з плакатамі, а ўжо праз тыдзень на акцыю прыйшлі 75 новых удзельнікаў, – распавядае Наталля.

«Грузіны слухалі пра катаванні ў Беларусі – і не верылі»

Наталля Мілеўская на акцыі ў Батумі. Фота: асабісты архіў Наталлі

Наталля Мілеўская перакананая, што важна выходзіць на акцыі і казаць пра сітуацыю ў Беларусі нават за мяжою.

– На нас звяртае ўвагу ўвесь свет, акцыі асвятляюць мясцовыя і сусветныя медыі. Я думаю, гэта дае надзею, падымае дух тым, хто застаўся ў Беларусі, – мяркуе жанчына.

Беларусы Батумі адзначылі гадавіну рэвалюцыі ў Беларусі

Хоць спачатку на беларусаў, якія выходзілі ў горад са сцягамі і плакатамі, мясцовыя жыхары глядзелі з неразуменнем, а медыі не вельмі ахвотна ішлі на кантакт.

– Грузіны не ведалі, што насамрэч адбываецца ў Беларусі, – тлумачыць такое стаўленне Наталля. – Калі мы распавядалі пра арышты, катаванні, яны слухалі і не верылі. Мы зрабілі адмысловыя ўлёткі на расейскай і грузінскай мовах, дзе коратка апісалі беларускія падзеі. Раздавалі іх звычайным людзям, паліцэйскім. І на нас звярнулі ўвагу. Грузінскія СМІ і палітыкі пачалі казаць пра нас.

Паводле прыблізных звестак, у Аджарыі (аўтаномная рэспубліка ў Грузіі, сталіца якой – Батумі) цяпер каля 5 тысяч беларусаў. Але афіцыйных запытаў па дакладную лічбу ніхто не рабіў. Цяжка падлічыць, зазначае Наталля, бо шмат для каго Грузія – часовы прыпынак перад эміграцыяй у Еўропу.

«У Батумі псіхалагічную дапамогу аказвае сама прырода – мора, горы»

Наталля Мілеўская. Фота: асабісты архіў Наталлі

У дапамогу новапрыбылым беларусам Наталля ўключылася выпадкова – так атрымалася, бо яна добра ведае асаблівасці мясцовага жыцця. У той жа час, зазначае жанчына, сярод беларусаў шмат і іншых актыўных людзей, якія адгукаюцца на просьбу аб дапамозе. Як прыклад салідарнасці ў батумскай дыяспары Наталля распавядае гісторыю:

– Мужчына, які нядаўна прыляцеў у Батумі, захварэў на ковід і трапіў на ШВЛ. Праз некалькі тыдняў ён ачуняў, але яму яшчэ быў патрэбны кіслародны апарат. З лякарні яго выпісалі, сродкаў набыць гэтую прыладу ў сям’і не было. Тады жонка гэтага мужчыны звярнулася ў наш чат. Вельмі хутка людзі сабралі грошы і набылі апарат.

Наталля зазначае, што так развязваюцца і іншыя пытанні ў дыяспары – праз добраахвотныя ахвяраванні. Ніякага адмысловага фінансавання няма. Таму і грашовую падтрымку эмігрантам дыяспара аказваць не можа.

Дапамогі беларусы, якія прылятаюць у Батумі, патрабуюць шмат, кажа Наталля – і побытавай, і псіхалагічнай.

– Людзі, якія сюды прыязджаюць, часта траўмаваныя. Асабліва тыя, што ўдзельнічалі ў мітынгах, прайшлі праз арышты, перажылі жорсткі стрэс, – кажа жанчына. – У першую чаргу шмат каму патрэбная псіхатэрапія, і нават з медыкаментамі. У Батумі, дзякуй богу, сама прырода аказвае псіхалагічную дапамогу – мора, горы. Гэта вельмі добры рэлаксант. Але шмат каму патрэбныя дактары.

«За кожным эмігрантам – паламаны лёс»

Акцыя беларусаў у Батумі. Наталля Мілеўская – пад парасонам злева. Фота: Белсат

Магчымасць атрымаць якасную псіхалагічную дапамогу ў беларусаў Батумі ёсць. Паводле Наталлі, крызісныя псіхолагі выдзелілі для рэпрэсаваных пэўную колькасць бясплатных гадзінаў.

– Яны самі выйшлі на нас і прапанавалі дапамогу, – кажа Наталля. – Гэта тыя псіхолагі, якія працуюць з людзьмі, што прайшлі вайну. А шмат якія беларусы ў сябе ўдома перажылі амаль вайну.

Паводле Наталлі, вельмі лёгка адрозніць беларусаў, якія толькі што прыляцелі, – яны напружаныя, напалоханыя.

– Баяцца мікрааўтобусаў. Кідаецца ў вочы, як людзі напружваюцца, а некаторыя нават спрабуюць адысці, схавацца за дрэвам. Гэта страшна і балюча бачыць, – распавядае Наталля. – Таксама баяцца паліцыі. Хоць гэта хутка праходзіць, бо людзі разумеюць, што паліцыя тут дастаткова міралюбная.

Наталлі давялося выслухаць шмат гісторыяў эмігрантаў. Кожная кранае жанчыну да глыбіні душы.

– Нясцерпна балюча чуць, праз якія жахі ў Беларусі праходзяць людзі. За кожным чалавекам – вельмі сумная гісторыя, – кажа прадстаўніца беларускай дыяспары ў Батумі. – Гэта паламаныя лёсы. Людзі працавалі, нажывалі гаспадарку, і ў адзін момант былі вымушаныя ўсё кінуць. І нехта паспеў падрыхтавацца, а нехта збягаў цягам гадзіны – з пашпартам і заплечнікам, у якім толькі майткі ды шкарпэткі. Мне ад гэтага вельмі балюча.

Грузіны разам з беларусамі супраць пагаднення з КДБ

Акцыя ў Батумі супраць пагаднення паміж КДБ Беларусі і СБГ Грузіі. Фота: Белсат

Паводле Наталлі, моцна напружыла беларусаў у Грузіі падпісанне пагаднення паміж грузінскай СДБ і беларускім КДБ.

– Мы ведаем метады працы беларускага КДБ, яны страшныя і непрадказальныя, – кажа спадарыня Мілеўская. – А з беларускіх дзяржаўных СМІ яшчэ і пастаянна чуем пагрозы. Яны ж адкрытым тэкстам кажуць: бойцеся, бо можаце загінуць у сваіх жа аўтакатастрофах. І ты разумееш, які гэта жах, бо яны могуць гэта зрабіць. А смерць Віталя Шышова ў Кіеве пры незразумелых абставінах? Мы разумеем, што сапраўды ёсць чаго баяцца.

Беларусы Батумі правялі некалькі мітынгаў супраць пагаднення – пад будынкамі ўраду Аджарыі і СДБ. Мітынгі, паводле Наталлі Мілеўскай, арганізоўваў не толькі беларускі бок, алеі лідары грузінскіх апазіцыйных партыяў, якія падтрымліваюць беларусаў і таксама выступаюць супраць пагаднення спецслужбаў.

– Грузія цяпер у працэсе падпісання дамоваў з Еўразвязам і NATO. Еўропа моцна падтрымлівае Грузію, у першую чаргу матэрыяльна. І такое пагадненне, асабліва пасля ўвядзення санкцыяў у дачыненні Беларусі, напружыла грузінскіх палітыкаў не менш, чым нас. Тут нашыя зацікаўленасці супалі, – тлумачыць нашая суразмоўца.

Беларусы выходзяць на пратэст у Грузіі і патрабуюць скасаваць дамову паміж спецслужбамі дзвюх краін

Паводле Наталлі, сяброўства Грузіі з беларускімі спецслужбамі ў той час, як іншыя, ЕЗ і ЗША, уводзяць санкцыі, выглядае дзіўна.

– Магчыма, грузіны апасаюцца, каб Лукашэнка не прызнаў незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, – мяркуе жанчына. – Але ж калі ўлада зменіцца, усё падпісанае за гэтыя гады прызнаюць несапраўдным. Таму вельмі хацелася б, каб Грузія перагледзела свае дачыненні з уладамі Беларусі.

«Грузінам падабаецца, як працуюць беларусы: прыгожа і ахайна»

Пасля ўступлення пагаднення ў сілу некалькі беларускіх сем’яў з’ехалі ў Еўропу, кажа Наталля. Але задумвацца пра іншыя краіны для жыцця беларусаў змушае не толькі палітыка.

– У Грузіі недахоп месцаў у расейскамоўных школах, – называе адну з прычынаў Наталля. – Мы звярталіся ў аддзел адукацыі Аджарыі, але ў іх і так перапоўненыя школы – для нас не могуць стварыць дадатковых месцаў у класах. Таму мы думаем пра адкрыццё свайго дзіцячага садка, але гэта пакуль на ўзроўні ідэі. Акрамя таго, актыўныя беларусы стварылі беларускамоўны гурток для дзяцей.

Тым, хто ўсё ж вырашае на нейкі час застацца, Наталля дапамагае знайсці таннейшае жытло, падказвае, дзе шукаць працу. Асноўная маса рэлакантаў, паводле жанчыны, працуюць дыстанцыйна. Але ёсць і такія, якія былі вымушаныя літаральна ўцякаць і кінуць удома ўсё, і ў Батумі не маюць ніякай крыніцы даходу. Пры гэтым, падкрэслівае нашая суразмоўца, у Грузію прыехалі ў асноўным інтэлігентныя адукаваныя беларусы – айцішнікі, медыкі, настаўнікі, кандыдаты навук.

Грузія (не)бяспечная для беларусаў

Уладкавацца на працу ў Батумі ўдаецца і без ведання грузінскай мовы. Напрыклад, кажа Наталля, беларусы ідуць працаваць адміністратарамі ў гатэлі, казіно, дзе асноўнае патрабаванне – англійская мова. Медыкі ўладкоўваюцца ў прыватныя медычныя цэнтры. Шмат беларусаў працуюць кіроўцамі, некаторыя ўжо стварылі свае будаўнічыя брыгады, аказваюць камп’ютарныя паслугі, рамантуюць тэхніку. Наталля зазначае, што грузінам падабаецца, як працуюць беларусы: «прыгожа і ахайна».

«Большасць хоча вярнуцца пры першай жа магчымасці»

Акцыя беларусаў у Батумі. Наталля Мілеўская – трэцяя справа. Фота: Белсат

– Грузія хутка зразумее, які падарунак лёсу атрымала, – мяркуе Наталля. – Сюды столькі айцішнікаў прыехала, а нашыя праграмісты лічацца аднымі з самых моцных. Яны ўжо прапаноўваюць грузінам дапамогу, нават бясплатна. Думаю, грузінскі ўрад вельмі хутка ацэніць такі прыток адукаваных працаўнікоў.

Сама ж Наталля, хоць і радуецца актыўнасці беларусаў у Грузіі, але адначасова вельмі засмучаная вымушанай эміграцыяй землякоў.

– Вельмі дрэнна для Беларусі, што з’язджае столькі адукаваных, актыўных людзей, – кажа жанчына. – Але я бачу, што большасць хоча вярнуцца пры першай магчымасці, як толькі зменіцца ўлада, і гэта абнадзейвае.

А пакуль вяртанне не магчымае, беларусы ў Батумі працягнуць ладзіць акцыі і прыцягваць увагу свету да сітуацыі на радзіме. Акрамя палітычнай дзейнасці, у планах дыяспары – культурныя ініцыятывы.

– Мы будзем спяваць свае песні, адзначаць свае святы, рабіць усё, каб захаваць уласную культуру нават на чужыне, – кажа Наталля Мілеўская.

Ганна Ганчар belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны