У Данецку ракетамі абстралялі будынак адміністрацыі кіраўніка «ДНР»


Будынак Адміністрацыі кіраўніка «ДНР» у цэнтры Данецку 23 жніўня зазнаў ракетны абстрэл. Пра гэта паведамляе Данецкае агенцтва навінаў.

Абстраляны будынак адміністрацыі «ДНР».
Фота: dan-news.info

Снарады трапілі ў фасад, таксама пацярпела правае крыло і верхні паверх. У будынку пачаўся пажар. У акрузе паўсюль раскіданая бітая цэгла, часткі аштукавання і металаканструкцыяў.

Таксама быў пашкоджаны будынак гатэлю, размешчанага на вуліцы Арцёма ў цэнтры Данецку. У гатэль трапіў адзін са снарадаў. Пабілася шкленне, а таксама былі пашкоджаныя аўтамабілі, якія стаялі побач. Па вуліцы Арцёма – галоўнай аўтамагістралі гораду – абарваныя электралініі.

Паведамляецца, што ў выніку абстрэлу загінуў 18-гадовы хлопец. Ёсць параненыя.

Тэлеграм-канал Дзяніса Пушыліна, кіраўніка «ДНР», з раніцы не абнаўляўся. Як паведамілі «Интерфаксу» ў адміністрацыі «ДНР», Пушылін у выніку ўдару не пацярпеў і «знаходзіцца ў бяспечным месцы».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў