Міністры замежных справаў краінаў Еўразвязу абмяркуюць забарону на візы для расейцаў


Міністры замежных справаў 27 краінаў Еўразвязу на нефармальным паседжанні 30 жніўня ў Празе абмяркуюць пытанне выдачы візаў грамадзянам Расеі. Пра гэта паведаміла прадстаўніца Еўракамісіі Дана Спінант.

Дана Спінант.
Фота: flickr.com

«На наступным тыдні будзе нефармальнае паседжанне кіраўнікоў МЗС, дзе вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у знешняй палітыцы, а таксама міністры замежных справаў будуць абмяркоўваць гэтае пытанне з мэтай дасягнуць скаардынаванай пазіцыі», – сказала Дана Спінант.

Таксама прадстаўніца Еўракамісіі падкрэсліла, што краіны ЕЗ павінны выконваць міжнароднае права і выдаваць візы як мінімум чальцам сем’яў грамадзянаў ЕЗ, журналістам, дысідэнтам, гуманітарным работнікам.

Калі забарона на візы для расейцаў не будзе падтрыманая на ўзроўні ЕЗ, то яе могуць рэалізаваць асобныя краіны.

Гэтак, кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што Літва разгледзіць прапанову забараніць выдачу візаў расяянам на рэгіянальным узроўні, калі Еўразвяз не пагодзіцца на ўсеагульнае рашэнне.

«Перадусім мы будзем імкнуцца да еўрапейскага рашэння, бо яно самае ўстойлівае, самае дакладнае з прававога пункту гледжання. […] Калі такога не будзе, мы не выключаем магчымасці пошуку рэгіянальнага развязання, якое ўключала б краіны Балтыі, Польшчу і патэнцыйна Фінляндыю», – сказаў міністр.

У МЗС Літвы падкрэслілі, што грамадзяне Расеі не павінны перасякаць межаў Еўразвязу.

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль 22 жніўня выступіў супраць ідэі поўнай забароны на выдачу шэнгенскіх візаў расейцам. Ён назваў гэтую ідэю «вельмі супярэчлівай прапановай» з той прычыны, што розныя краіны Еўразвязу маюць розную пазіцыю на гэты конт.

Раней некалькі краінаў Аб’яднанай Еўропы выказваліся аб неабходнасці поўнай забароны на выдачу шэнгенскіх візаў расейцам на ўзроўні ўсяго Еўразвязу. Сярод іх Эстонія, Латвія, Літва, Фінляндыя, Польшча, Чэхія і Славаччына. Аднак некаторыя краіны ЕЗ выступілі супраць, у тым ліку Нямеччына, Францыя і Нідэрланды.

Hавiны
Літва хоча абмежаваць выдачу візаў расейцам, нават калі Еўразвяз гэтага не падтрымае
2022.08.23 15:40

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў