На «бюджэт» у ВНУ недабралі паўтысячы чалавек. Нават пасля дадатковага набору

У вышэйшыя навучальныя ўстановы ў 2021 годзе планавалі прыняць 55 тысяч чалавек. Прынялі толькі 48 тысяч. Вольнымі засталіся не толькі платныя месцы, а і значна больш бюджэтных месцаў, чым у ранейшыя гады.

Будынак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Фізічны факультэт. Менск, Беларусь. 26 лютага 2021 года. Фота: АВ / Белсат

Прадстаўніца Міністэрства адукацыі Беларусі Рэма Гярлоўская расказала на прэс-канферэнцыі 20 жніўня, што на бюджэтныя месцы ў беларускіх ВНУ пасля дадатковага набору засталося «практычна 490» вольных месцаў. Пры тым яна запэўніла, што «прыйшлі абітурыенты матываваныя, падрыхтаваныя».

На сітуацыю з дадатковым наборам звяртаў увагу сайт Zerkalo.io. Міністэрства адукацыі не давала статыстыкі аб недаборы на бюджэтныя месцы, але журналісты падлічылі па асобных ВНУ, што на «бюджэт» у 2021 годзе засталося не менш за 937 вольных месцаў, хоць у 2020-м такіх заставалася 192, у 2019-м – 86.

Як беларускія студэнты едуць у Польшчу

Міністэрства адукацыі абвясціла дадатковы набор. Журналісты інфармацыйнага рэсурсу «Zerkalo» звярнулі ўвагу на Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова, дзе на «матэматыку і інфарматыку» ды «фізіку і інфарматыку» (дзённую форму за кошт бюджэту) падавалі дакументы абітурыенты са 166–170 баламі з 400 магчымых.

Журналісты звярталі ўвагу таксама на тое, што планы прыёму на «бюджэт» былі ў 2021 годзе вышэйшымі за 2020-ы (27,8 тысячы супраць 26,3 тысячы), тады як паступаюць сёлета дзеці пакалення «дэмаграфічнай ямы» (пасля 2001 года нараджальнасць у Беларусі істотна ўпала), а ў апошнія гады істотна знізілася колькасць выпускнікоў 11 класаў (2019 – 55,4 тысячы, 2020 – 52,5 тысячы, 2021 – 51,8 тысячы).

Настаўнік: Не перашкаджайце вучыць дзяцей, дайце проста працаваць

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны