Да тысячы рублёў: як сабраць дзіця ў школу і застацца з грашыма


Чым бліжэйшы верасень і пачатак новага навучальнага года, тым большы ажыятаж можна назіраць на рынках і ў крамах са школьнымі таварамі. У краме каля палічак з пластылінам, фарбамі і фламастарамі – засяроджаныя жанчыны з паперкамі ў руках спраўджваюць пункты спісу таго, што трэба набыць.

У гэтым годзе папулярныя карычневыя сарафаны з фартухом, што насілі яшчэ ў савецкі час.
Фота: Белсат

«Якія кошты, ашалець», – з вялікімі вачыма выварочвае з-за рага павільёну з адзеннем малады мужчына. З ім за руку ідзе маленькі хлопчык, які з цікаўнасцю азіраецца на суседні павільён з машынкамі і самалётамі.

Карэспандэнты «Белсату» далучыліся да перадшкольнага шалу і паглядзелі, колькі каштуе сабраць дзіця ў школу ў гэтым годзе.

Яшчэ ў ліпені сціхлыя на час школьных канікулаў бацькоўскія чацікі раптам ажылі: стаў вядомы спіс таго, што трэба набыць вучням пачатковай школы. У пераліку – 30 пунктаў: першыя чатыры – адзенне і абутак, астатняе – школьныя прылады. Калі збірацца ў апошні момант, можна звар’яцець, асабліва калі дзіця ідзе першы раз у першы клас. Таму лепей набываць усё паэтапна.

Што нам трэба:

  • адзенне дзелавога стылю і абутак,
  • форма для заняткаў фізкультурай,
  • заплечнік і мяшок для абутку,
  • канцылярскія тавары.

Школьная і спартовая форма

Патрабаванні да школьнай формы могуць быць розныя – іх вызначае адміністрацыя. Але агульнае патрабаванне – дзелавы стыль. Колеры: белы, чорны, шэры, сіні. На рынку можна знайсці адзенне беларускай, расейскай і турэцкай вытворчасці, шмат дзе са зніжкай. Паглядзіце, напрыклад, што прапаноўвае ў гэтым годзе Беллегпрам. Штосьці больш стылёвае і брэндавае трэба шукаць у гандлёвых цэнтрах у фірмовых крамах, але і кошт будзе адпаведна вышэйшы.

Белыя блузкі на дзяўчынак каштуюць ад 50 да 90 рублёў. на некаторыя мадэлі прапануюць зніжкі.
Фота: Белсат

Насамрэч дзелавы стыль – гэта не абавязкова штосьці сумнае і фармальнае, «белы верх – чорны ніз». Пры жаданні можна знайсці сімпатычныя недарагія рэчы, а калі вы зазірняце ў калідоры якой-небудзь гарадской гімназіі і пагледзіце на стылёвых дзяўчат старэйшых класаў, то зразумееце, што сучасныя дзеці абы-што на сябе не надзенуць, і можна знайсці моднае выйсце з любой сітуацыі.

Вядома, варта набываць вырабы добрай якасці, аддаваць перавагу натуральным тканінам, бо сінтэтыка хутчэй забруджваецца, парушае цеплаабмен і паветрапранікальнасць. Яна можа прысутнічаць у складзе, але лепей не звыш 30–40 %. На якасць варта звярнуць увагу і пры выбары спартовага адзення. Касцюм павінен быць лёгкім і камфортным.

Даведка

Камплект для дзяўчатак:

пінжак (ад 40 руб.), сукенка (32–45 руб.) або сарафан (ад 40 руб.), спадніца (ад 23 руб.), нагавіцы (ад 38 руб.), камізэлька або кардыган (ад 40 руб.), блузкі з доўгім і кароткім рукавом (30–45 руб.), вадалазка для халоднага часу года (25 руб.), туфлі (ад 42 руб.) і/ці зменны абутак, калготы (ад 6 руб.).

Камплект для хлопчыкаў:

гарнітур з пінжака, нагавіцаў і камізэлькі (60 руб.), нагавіцы на змену (ад 30 руб.), рознакаляровыя кашулі з доўгім і кароткім рукавом (ад 20 руб.), вадалазка (ад 20 руб.), швэдар (ад 30 руб.), туфлі і/ці зменны абутак (ад 59 руб.)

Заўважым, што лепей выбіраць адзенне разам з дзецьмі. Інакш вы рызыкуеце не толькі пралічыцца з памерам, але і пачуць сакраментальнае: «Ну што гэта за адстой вы мне купілі? Я не буду гэтага насіць!»

Школьная форма для дзяўчатак каштуе ў сярэднім 250 руб., для хлопчыкаў – 200 руб.

Спартовы касцюм (вятроўка, майка, штаны, для дзяўчатак можна яшчэ легінсы) і красоўкі мусяць быць якаснымі і камфортнымі, але не варта пераплочваць за штосьці моднае і брэндавае. У сярэднім на адзенне для фізкультуры выдаткуеце рублёў 75, плюс красоўкі ад 50 руб.

Абутак

Калі па правілах дзеці павінны хадзіць у зменным абутку, купіце зручную «зменку» і мяшок для яе. Мяшок павінен быць ёмістым, каб ваш школьнік мог захоўваць у ім восеньскія туфлі і зімовыя боцікі (каштуе ў сярэднім 10 руб.).

Фота: Белсат

Эканоміць на абутку не варта. Дзіцяці павінна быць зручна і камфортна. А ў якаснага абутку ёсць больш шанцаў перажыць школьны год з прабежкамі на пераменках па калідорах і спатыканнем аб парогі.

Канцтавары

Даведка

Нам спатрэбяцца: сшыткі ў клетку і лінейку на 12 аркушаў, вокладкі для сшыткаў, вокладкі для кніг, шарыкавыя асадкі, набор алоўкаў, лінейка, гумка, пенал, дзённік, нажніцы, каляровая папера, каляровы і белы кардон, клей і клей-аловак, акварэльныя фарбы, гуаш, пэндзлік, пластылін, альбом для малявання, фламастары і іншыя дробязь.

Тут ёсць свае нюансы. Якасныя алоўкі з асадкамі знайсці праблематычна. Можна купіць танныя, але яны ломяцца і крышацца. З уласнага досведу скажам, што адныя з самых якасных алоўкаў вырабляе брэнд «Mаped». Тое ж самае і з пластылінам – танны смярдзіць і не камечыцца. Лепш за ўсё браць «Прамень». На пэндзліках вас можа здзівіць подпіс кшталту «поні» ці «каза». Гэта тып ворсу, з якога яны зробленыя. Выбірайце «вавёрку» – не прагадаеце.

У сярэднім на поўны камплект трэба выдаткаваць рублёў 90.

Заплечнік/ранец

Заплечнік уплывае на паставу дзіцяці, таму ўважліва да гэтага паставімся. Не купляйце партфелі – сумкі прамавугольнай формы без шлеек, якія нельга насіць за спінай. Педыятры рэкамендуюць купляць навучэнцам малодшых класаў ранцы, а вучням 5–11 класаў – заплечнікі.

У адрозненне ад заплечніка ў ранца заўсёды ёсць дзве шлейкі, жорсткі корпус, артапедычная спінка з мяккімі накладкамі. Усё гэта вельмі важна, каб не сапсаваць паставу вашага школьніка.

Фота: Белсат

Пры выбары ранца ўлічвайце яго вагу, памер, камплектацыю і наяўнасць святлоадбівальных элементаў (каб яго ўладальнік быў больш прыкметны на дарозе). Дзецям ва ўзросце 6–8 гадоў купляюць ранцы вагой не больш за 2 кг. Ёсць і ўніверсальнае правіла – вага заплечніка павінна складаць прыкладна дзясятую частку ад вагі дзіцяці. Ранец павінен шчыльна прылягаць да спіны, не выходзіць за лінію плячэй і не звісаць ніжэй за ўзровень крыжа (паясніцы).

Кошт: ад 45 рублёў.

І яшчэ некалькі парадаў напрыканцы

Кошт канцылярыі ад сеткі гіпермаркетаў куды ніжэйшы, чым у дзіцячых крамах і на прылаўках рынку. У інтэрнэце сшыткі, пеналы, алоўкі каштуюць танней, таму сучасныя бацькі часта купляюць рэчы онлайн (зірніце на oz.by, 3kota.by, darvish.by). Многія крамы прапаноўваюць да новага навучальнага года зніжкі да 10 % на канцылярскія тавары.

Маніторыць цэны на школьнае адзенне і абутак можна на сайтах дзіцячых крамаў buslik.by, kupalinka.com, marusya.by і marko.by. Некаторыя крамы прапаноўваюць апрануцца па зніжаным да 40 % кошце, а абутак можна знайсці на ліквідацыі са зніжкай у 50 %. Рынкавы ж цэннік звычайна ў паўтара, а то і ў два разы меншы за крамны.

Фота: Белсат

Можна выйграць ад пакупак больш, калі сачыць за акцыямі ў крамах і гандлёвых цэнтрах, звычайна ў асобныя дні там робяцца зніжкі менавіта на школьныя рэчы.

Зазірайце таксама ў інтэрнэт-барахолкі.

Колькі каштуе сабраць дзіця ў школу: афіцыйна

Чыноўнікі кожны год падлічваюць, колькі грошай бацькі аддадуць на рыхтаванне дзіцяці да школы. У гэтым годзе афіцыйныя лічбы такія: для малодшых класаў ад 266 да 804 руб., старэйшых – ад 349 да 978 руб.

У гэтую суму ўваходзяць адзенне, абутак, галантарэя і школьныя прылады. У 2020 годзе «партфель школьніка» каштаваў бацькам 221–879 руб.

СП belsat.eu

Стужка навінаў