Чачэнія, КНДР ці Данбас. Да каго больш падобная лукашэнкаўская Беларусь – 2021?


Беспрэцэдэнтныя палітычныя рэпрэсіі і міжнародная ізаляцыя рэжыму Аляксандра Лукашэнкі прымушаюць палітолагаў і публіцыстаў усё часцей асэнсоўваць досвед Беларусі-2021 праз паралелі з іншымі краінамі і рэгіёнамі. Звычайна лукашэнкаўскую Беларусь спрабуюць параўноўваць з Чачэніяй, Паўночнай Карэяй і ЛДНР. Belsat.eu вырашыў параўнаць іх паводле чатырох параметраў (палітычная і эканамічная самастойнасць, рэпрэсіі і сітуацыя са СМІ) і разабрацца, дзе падабенства можна знайсці больш.

Палітычная самастойнасць

Чачэнская рэспубліка – гэта адзін з суб’ектаў Расейскай Федэрацыі, аднак па факце палітычная аўтаномія рэгіёну выходзіць далёка за межы, акрэсленыя ў расейскім заканадаўстве. Фактычна стасункі Масквы і Грознага будуюцца на асабістай уніі Уладзіміра Пуціна і Рамзана Кадырава. Клан Кадырава ў абмен на агульную лаяльнасць атрымаў ад Крамля выключныя прэферэнцыі і фактычна поўную свабоду дзеянняў ва ўнутранай палітыцы. Кадыраў дэманстрацыйна выказвае пагарду да прававых нормаў РФ, дэ-факта паводзячы сабе як кіраўнік суверэннай дзяржавы з асабістай арміяй. Спроба парушыць «суверэнітэт» кадыраўскага царства заўсёды выклікае рэзкую рэакцыю: у 2015 годзе Кадыраў загадаў адкрываць агонь на паражэнне па расейскіх сілавіках, якія спрабуюць правесці ў Чачэніі якую-небудзь спецаперацыю без узгаднення з мясцовымі калегамі. Абсалютна неймаверна, каб хтосьці яшчэ з кіраўнікоў расейскіх рэгіёнаў дазволіў сабе такія скандальныя заявы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Алена Афоніна / ТАСС / Forum

Групоўкі ДНР і ЛНР – гэта марыянеткавыя квазідзяржавы, цалкам пазбаўленыя міжнароднай суб’ектнасці і палітычнай самастойнасці. Масква фактычна прызначае і прыбірае кіраўнікоў гэтых груповак. Незалежнасці самаабвешчаных сепаратысцкіх утварэнняў не прызнала ніводная краіна свету, Украіна лічыць падкантрольныя баевікам тэрыторыі «часова акупаванымі».

У адрозненне ад Чачэніі і ЛДНР, Паўночная Карэя – цалкам незалежная краіна, якая мае дыпламатычныя стасункі з больш чым 160 дзяржавамі. Аднак яшчэ прыкладна з 30 краінамі афіцыйных двухбаковых стасункаў няма – напрыклад, з ЗША і Японіяй. Праз вельмі агрэсіўную, мілітарысцкую палітыку на міжнароднай арэне КНДР лічыцца краінай-ізгоем і ўжо працяглы час застаецца пад санкцыямі.

Паралелі з Беларуссю. У плане міжнароднай суб’ектнасці і палітычнай самастойнасці лукашэнкаўскую Беларусь мае сэнс параўноўваць перш за ўсё з КНДР – у абодвух выпадках гаворка ідзе пра незалежныя дзяржавы, якія застаюцца чальцамі ААН. Аднак варта прызнаць, што Пхеньян карыстаецца большай свабодай у выбары курсу ў вонкавай і ўнутранай палітыцы. У адрозненне ад рэжыму Лукашэнкі Пхеньян не ўваходзіць у шчыльныя інтэграцыйныя аб’яднанні з больш моцным суседам і не вымушаны шукаць у яго пацверджання сваёй легітымнасці або падтрымання падчас унутрыпалітычных крызісаў.

Кітай, несумненна, мае пэўны ўплыў на Пхеньян: КНР лічыцца адзіным саюзнікам і галоўным гандлёвым партнёрам КНДР, краіны нават звязаныя дамовай, якая прадугледжвае вайсковую дапамогу ў выпадку вонкавай агрэсіі. Аднак пра шчыльную каардынацыю палітыкі Пхеньяну і Пекіну на міжнароднай арэне гаворкі няма. Дастаткова сказаць, што Кітай падтрымлівае міжнародныя санкцыі супраць КНДР – сітуацыя, якую абсалютна немагчыма ўявіць у стасунках Расеі і Беларусі.

Адносіны Лукашэнкі і Пуціна часта параўноўваць з адносінамі Пуціна з Кадыравым: у абодвух выпадках ідзе абмен агульнай лаяльнасці на прэферэнцыі і свабоду дзеянняў ва ўнутранай палітыцы. Аднак у выпадку Кадырава гаворка ідзе ўсё ж пра суб’ект РФ, а не суверэнную дзяржаву, якая апрыёры мае права на незалежную ўнутраную палітыку. Таму ўнія Пуціна з Лукашэнкам выглядае для расейскага боку больш выгаднай, чым унія з Кадыравым – прынамсі пакуль афіцыйны Менск не падпісаў дакументаў аб паглыбленай інтэграцыі.

Аналітыка
Што з дарожнымі мапамі? Тлумачым, на якой стадыі цяпер інтэграцыйныя перамовы
2021.08.20 08:10

Эканамічная самастойнасць

Падкантрольныя ЛДНР тэрыторыі выжываюць толькі за кошт Расеі. Паводле некаторых крыніцаў, бюджэт ЛДНР на 70 % складаецца з расейскіх датацыяў. Нямецкае выданне «Bild» у 2016 годзе сцвярджала, што каля $ 1 млрд долараў ідзе толькі на заробкі бюджэтнікаў і сацыяльнае забеспячэнне (гэта каля 60 % усіх выдаткаў баевікоў на сацыяльную сферу). Акрамя таго, Масква забяспечвае сепаратыстаў энерганосьбітамі, харчамі і, натуральна, бярэ на сябе вайсковыя выдаткі.

Чачэнія – гэта звышдатацыйны рэгіён, які рэгулярна ўваходзіць у топ-3 суб’ектаў Расеі паводле аб’ёмаў бязвыплатных трансфертаў. Напрыклад, у 2021 годзе бюджэт Чачэніі на 83,4 % складаецца з федэральных датацыяў і толькі на 15,8 % – з уласных даходаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Tingshu Wang / Reuters / Forum

КНДР лічыцца адной з самых закрытых эканомік свету. З крахам сацыялістычнага лагеру Паўночная Карэя пазбавілася велізарных датацыяў з боку Масквы, што толькі ўзмацніла адданасць карэйскага кіраўніцтва дзяржаўнай ідэалогіі самазабеспячэння («Чучхэ»). Да таго ж Паўночная Карэя ўжо даўно вымушаная існаваць ва ўмовах моцных міжнародных санкцыяў, што істотна абмяжоўвае магчымасці вонкаваэканамічнай дзейнасці.

Паралелі з Беларуссю. У плане эканамічнай сітуацыі Беларусь немагчыма параўнаць з ніводнай з гэтых трох мадэляў. Датацыі з боку Расеі, безумоўна, маюць вялікае значэнне для рэжыму Лукашэнкі, але яны ніколі нават блізка не дасягалі такіх маштабаў, як у Чачэніі ці ЛДНР, дзе расейская бязвыплатная дапамога складае аснову бюджэту. З іншага боку, эканоміка Беларусі не мае моцных ізаляцыянісцкіх тэндэнцыяў, уласцівых КНДР.

Рэпрэсіі, гвалт і прававая сістэма

Тэрор і гвалт на падкантрольных баевікам тэрыторыях Данбасу з самага пачатку набыў шырокі маштаб: пазбаўленне волі без аніякіх падставаў, выкраданні, катаванні і забойствы сталі паўсюднай практыкай. У першую чаргу баевікі «зачышчалі» людзей з праўкраінскімі поглядамі, але стаць ахвярай тэрору фактычна мог любы чалавек, які не спадабаўся баевікам.

У 2014–2015 годзе тэрор меў хаатычны характар, самавольны гвалт чыніўся кожнай асобнай групоўкай, якія часам нават канфліктавалі паміж сабой. Пачынаючы з 2016 года рэпрэсіі набылі ўжо цэнтралізаваны характар: яны праводзяцца паводле палітычных (праўкраінскія погляды), рэлігійных (ганенні зазнаюць хрысціянскія грамады, якія не падпарадкоўваюцца РПЦ) і эканамічных (пераследуюць бізнесоўцаў, што не дамовіліся з баевікамі) прыкметаў. Мясцовыя спецслужбы выдумваюць і выкрываюць міфічныя змовы з удзелам замежных агентаў, за што людзі атрымліваюць гіганцкія тэрміны зняволення. Нават цывільных часам судзяць вайсковыя трыбуналы – фактычна тыя ж «тройкі» сталінскіх часоў. Душыцца любая праява свабоднай думкі, якая супярэчыць афіцыйнаму курсу. Звычайнай практыкай сталі даносы на «падазроных асобаў».

У Чачэніі сістэматычна пераследуюць журналістаў, праваабаронцаў і проста іншадумцаў. Любая крытыка таго, што адбываецца ў краіне, або каментары, якія адхіляюцца ад афіцыйнай лініі (нават непублічныя), могуць мець самыя сур’ёзныя наступствы. Кадыраўцы практыкуюць не толькі незаконныя арышты, але і выкраданні, утрыманне ў сакрэтных турмах, масавыя катаванні і забойствы. Асаблівую ўвагу міжнароднай супольнасці прыцягваюць беспрэцэдэнтныя ў сваёй жорсткасці аблавы на геяў: напрыклад, паводле звестак «Новай газеты», у студзені–лютым 2017 года кадыраўскія сілавікі выкралі і забілі каля трох дзясяткаў чачэнцаў, якіх западозрылі ў нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі.

Атмасферу феадальнай дэспатыі ў Чачэніі цудоўна ілюструе «мода» на пакаяльныя відэа, якія кадыраўцы прымушаюць запісваць іншадумцаў. Адзін з першых такіх выпадкаў адбыўся ў снежні 2015 года, калі ў сацсетках зʼявіўся ролік, на якім чачэнец Адам Дзікаеў са спушчанымі штанамі прасіў прабачэння перад Кадыравым за крытыку і прызнаў, што не меў рацыі. З таго часу публічныя пакаянні сталі сістэматычнай з’явай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

У КНДР дзяржава кантралюе абсалютна ўсе сферы жыцця, любая праява іншадумства ці хаця б падазрэнне ў іншадумстве можа стаць падставай для расправы. У ААН заяўляюць, што ў КНДР здзяйсняюцца злачынствы супраць чалавечнасці: масавыя забойствы, рабскія ўмовы ў канцлагерах, катаванні, прымусовае перасяленне і выкраданне людзей. Іншадумцаў часта караюць у пазасудовым парадку. Існуе і прынцып калектыўнай адказнасці: часам разам з дысідэнтамі ў канцлагер змяшчаюць іхныя сем’і. Звычайнай практыкай з’яўляецца публічнае пакаранне смерцю.

Паралелі з Беларуссю. Рэпрэсіі ў Беларусі маюць шмат агульных рысаў з тэрорам у ЛДНР пасля 2015 года ў плане метадаў і формаў. Розніца палягае на тым, што на Данбасе часцей за ўсё ігнаруюцца нават фармальныя прававыя працэдуры (ды і сама прававая сістэма з’яўляецца апрыёры нелегітымнай, бо гаворка ідзе пра самаабвешчаныя «рэспублікі»).

Ёсць агульныя рысы і з Чачэніяй: менавіта ад кадыраўцаў лукашэнкаўскія сілавікі перанялі «моду» на пакаяльныя відэа затрыманых. Аднак узровень гвалту ў Чачэніі ўсё ж вышэйшы: выпадкаў масавых забойстваў арыштаваных у Беларусі, на шчасце, не было.

З КНДР паралеляў менш: за час існавання паўночнакарэйскага рэжыму рэпрэсіўная практыка набыла значна больш сістэмны і татальны характар, чым нават у ЛДНР ці Чачэніі.

СМІ і інтэрнэт

З самага пачатку канфлікту на Данбасе баевікі ЛДНР імкнуліся ствараць інфармацыйны вакуум на падкантрольных тэрыторыях. Трансляцыя ўкраінскіх каналаў спынялася, замест іх паказвалі расейскае тэлебачанне. Журналістаў мясцовых медыяў пераследавалі: баевікі збівалі і выкрадалі рэпарцёраў, палілі або захоплівалі офісы рэдакцыяў. Шэраг рэдакцыяў незалежных выданняў яшчэ ў 2014 годзе амаль у поўным складзе з’ехалі з Данбасу (аналагічныя працэсы цяпер назіраюцца ў Беларусі). Даволі хутка баевікі ЛДНР татальна зачысцілі медыяпрастору, цалкам зліквідаваўшы незалежную прэсу. Як і ўлады Беларусі, баевікі Данбасу блакуюць сайты незалежных медыяў – пераважна ўкраінскіх.

Аб’ектыў
Рэпрэсіі прымушаюць журналістаў задумвацца аб эміграцыі
2021.07.10 22:44

На падкантрольных баевікам тэрыторыях застаюцца фрылансеры, якія супрацоўнічаюць з украінскімі выданнямі, але робяць яны гэта ананімна і сваю журналісцкую дзейнасць хаваюць, каб не трапіць пад пераслед. Самы вядомы прыклад «падпольнай» журналістыкі – гісторыя Станіслава Асеева. Падчас акупацыі ён супрацоўнічаў з украінскай службай радыё «Свобода» і газетай «Зеркало недели», публікаваўся пад псеўданімам Станіслаў Васін. Аднак у 2017 годзе яго вылічылі, арыштавалі, абвінаваціла ў шпіянажы і пакаралі 15 гадамі зняволення (у снежні 2019 года журналіста вызвалілі ў межах абмену палоннымі).

Незалежных медыяў у Чачэніі няма, мясцовая прэса выконвае выключна прапагандысцкую функцыю. Часта тыя чачэнскія журналісты, якія не задаволеныя такім станам рэчаў, проста баяцца змяніць працу, бо гэта можа быць успрынятая Кадыравым як здрада. Паколькі Чачэнія застаецца часткай Расеі, поўны інфармацыйны вакуум Кадыраў стварыць пакуль не можа. Шэраг расейскіх выданняў адкрыта пішуць пра злачынствы кадыраўскага рэжыму. Аднак і самі журналісты, і іх крыніцы ў Чачэніі падвяргаюць сябе смяротнай небяспецы.

У КНДР насельніцтва цалкам пазбаўленае доступу да альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі. За спробу настроіць радыёпрыёмнік або тэлевізар на хвалю замежных праграмаў, за чытанне замежных газетаў можна трапіць у канцлагер. Жыхары КНДР фактычна не маюць доступу да сусветнага інтэрнэту – ім можа карыстацца толькі абмежаванае кола прадстаўнікоў улады. Адначасова ў КНДР існуе ўнутраная сетка інтэрнэту «Кўанг-мюнг», але там можна знайсці толькі прапагандысцкія матэрыялы, а таксама навуковую і культурную інфармацыі, што прайшла цэнзуру.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Паралелі з Беларуссю. Нягледзячы на ўсе захады рэжыму Лукашэнкі для абмежавання доступу да незалежных крыніцаў інфармацыі, сітуацыя ў Беларусі пакуль што выглядае істотна лепшай, чым у ЛДНР, Чачэніі і тым больш КНДР.

Больш за ўсё падабенства можна знайсці з сітуацыяй на Данбасе – медыяпрастору тут зачышчалі метадамі, падобнымі на тое, што мы бачым у Беларусі. Калі курс на тэрор захаваецца, то цалкам магчыма, што ў будучыні беларускія журналісты будуць вымушаныя працаваць у тых жа падпольных умовах, што і фрылансеры ў ЛДНР.

Менш за ўсё падабенства можна заўважыць з КНДР, дзе свабоднай прэсы не існуе ўжо больш за 70 гадоў – беларусы нават не могуць уявіць сабе ўзровень інфармацыйнага вакууму, у якім жывуць карэйцы.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў