За перыяд знікнення Паліна Шарэнда-Панасюк 20 содняў правяла ў ШІЗА


Сваякам не даслалі апавяшчэння наконт прыбыцця Паліны ў калонію, паведамляе «Вясна».

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк

Больш за месяц Паліну шукалі праз адваката. Яна знайшлася ў жаночай папраўчай калоніі № 24 (Зарэчча), куды яе перавялі з СІЗА № 3 Гомля. Муж Паліны Андрэй Шарэнда паведаміў, што ў калоніі яна 20 содняў правяла ў ШІЗА.

Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам, на працягу трох содняў з дня прыбыцця асуджанага ва ўстанову адміністрацыя ўстановы накіроўвае ягоным блізкім сваякам паведамленне. Аднак сваякі Паліны яго не атрымлівалі.

«Пасля апеляцыі ў Гомельскім абласным судзе, што была 8 чэрвеня, Паліну этапавалі з СІЗА № 3. Гэта адбылося 13 чэрвеня. З гэтага часу месцазнаходжанне Паліны невядомае. Некалькі дзён мы спрабавалі даведацца ейнае месцазнаходжанне, але і ў Магілёўскай турме, і ў Гомельскай жаночай калоніі адмаўляюцца даць інфармацыю. Зварот маці Паліны ў Дэпартамент выканання пакаранняў таксама застаўся без адказу. Фактычна Паліна знікла», – заявіў «Белсату» муж жанчыны Андрэй Шарэнда.

Нагадаем, што 7 красавіка Паліне дадалі яшчэ 1 год калоніі да асноўнага тэрміну. Так вырак прызначыў суддзя суда Чыгуначнага раёну Гомля Мікалай Крупадзёраў. Жанчыну судзілі ў закрытым рэжыме за нібыта парушэнне ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

У няволі Паліна застаецца ўжо больш за год. Яшчэ летась суддзя Яўген Брэган прысудзіў Паліне 2 гады зняволення паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»).

Са жніўня 2021 года Паліна заставалася ў жаночай калоніі Гомля, дзе яна зазнала ўсе магчымыя варыянты ціску. Жанчыну доўга трымалі ў карцары, яе пазбавілі сустрэчаў і перадачаў, якіх нельга пазбавіць паводле закону, да яе не пускалі адваката, але так і не змаглі зламаць. Пазней яе перавялі ў СІЗА № 3. Паліна працягвае лічыць сябе захопленай у палон.

Супраць Андрэя Шарэнды таксама завялі некалькі крымінальных справаў, але яму ўдалося збегчы з Беларусі. Сям’ю пазбавілі арэндавага жытла.

Артыкулы
Андрэй Шарэнда змог вывезці з Беларусі сваіх сыноў, якіх не бачыў паўгода
2022.05.25 18:24

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў