Як змянялася тактыка Масквы ў войнах за апошнія 300 гадоў?


Знішчэнне гарадоў і ўсяго, што немагчыма захапіць, рабункі, гвалт і паланенне мірных жыхароў. Прайшло тры з паловай стагоддзя, а тактыка Масквы ў войнах з суседзямі зусім не змянілася.

Войскі Рэчы Паспалітай. Крыніца: postavyiokrestnosti.blogspot.com

Вайна за «ўз’яднанне»

У траўні 1654 года Маскоўскае царства пачала вайну супраць Рэчы Паспалітай, што расцягнулася на 13 гадоў. У часы Расейскай імперыі і СССР вайну тую называлі не інакш як «ўз’яднанне Украіны і Беларусі з Расеяй». Гісторыкі пісалі пра некарыслівую дапамогу малодшым братам – беларусам і ўкраінцам – з боку расейцаў. Сцвярджалі, што цар маскоўскі Аляксей Міхайлавіч вайны не жадаў, але Маскоўскаму царству яе навязалі. Шматтысячныя паланенні мясцовых жыхароў, іхнае прымусовае перасяленне ў Маскоўскае царства тлумачылі добраахвотным жаданнем. Карацей, з боку Масквы нават праз стагоддзі ў стаўленні да суседзяў нічога не мяняецца: любая вайна ператвараецца ва «ўз’яднанне» і «вызваленне» (да гэтага шэрагу дадалася яшчэ і «спецаперацыя»).

Вайна за «правільны» тытул

Маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч з мянушкаю «Цішайшы» рыхтаваўся некалькі гадоў, але рыхтаванне прыйшлося прыспешыць, каб найлепш скарыстаць унутраныя цяжкасці, з якімі сутыкнуўся заходні сусед – Рэч Паспалітая. Тут з 1648 года трывала сялянска-казацкая вайна, падчас якой Багдан Хмяльніцкі ў студзені 1654 года ў Пераяславе склікаў сход прадстаўнікоў запарожскага казацтва. Тое пастанавіла пайсці на звяз з Маскоўскім царствам. Зачэпкаю ж для пачатку паходу маскоўскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі стала напісанне пасламі Рэчы Паспалітай царскага тытулу, які таму не спадабаўся.

Палкоўніцкі чын за здраду

У траўні 1654 года маскоўскія войскі, што з улікам запарожскіх казакоў Івана Залатарэнкі налічвалі каля 90 тыс. асобаў, трыма арміямі ўдарылі па Вялікім Княстве Літоўскім. Пасля трохдзённай аблогі 29 чэрвеня здаўся Полацк. Пры гэтым шматтысячнае варожае войска стрымлівалі 36 абаронцаў гораду, якія дамагліся выгадных умоваў капітуляцыі. У канцы жніўня пад уладу цара перайшоў Магілёў, за здачу якога шляхціч Канстанцін Паклонскі атрымаў чын палкоўніка, 40 собаляў і 50 рублёў грошай. Усяго праз год гэты «палкоўнік беларускі» здрадзіць цару, ізноў пяройдзе на бок Рэчы Паспалітай і будзе змагацца супраць маскоўскіх войскаў на чале атраду беларускіх казакоў.

Гісторыі
Ад каліноўцаў да Пазняка: вандруем па месцах беларускага нацыянальнага руху. Частка 1
2022.07.23 12:00

«Мсціслаўскія недасекі»

Тыя ж гарады, што супрацьстаялі ворагу, чакаў незайздросны лёс у выпадку захопу. Напрыклад, 22 ліпеня пасля працяглай аблогі быў захоплены Мсціслаў, у якім была ўчыненая «трубяцкая разня» (на імя кіраўніка маскоўскага войска). Розныя крыніцы называюць розныя лічбы стратаў – ад некалькіх соцень да пятнаццаці тысяч мсіцслаўцаў. Тых, хто застаўся жывым, прадалі ў палон. У кармэліцкім касцёле захоўвалася фрэска пра «мсіцслаўскіх недасекаў».

Паказальнае таксама пакаранне Дуброўні, якая трымалася з чэрвеня да 12 кастрычніка: горад быў спалены, а гараджане высланыя ў розныя куткі Маскоўскага царства. За першы год вайны маскоўскія войскі авалодалі 33 гарадамі Беларусі і занялі тэрыторыю на ўсход ад Дняпра, дзе супраціў працягваў Стары Быхаў. Ён так і не быў захоплены пасля адзінаццаці месяцаў аблогі.

8 жніўня 1655 года расейскія войскі авалодалі сталіцай Вялікага Княства Вільняю. Пачалося рабаванне гораду, у першую чаргу храмаў і могілак. Сталіца Княства гарэла сямнаццаць дзён.

Не можаш утрымаць – знішчай

Утрымаць агромністую тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага, якой маскоўскія войскі амаль цалкам завалодалі цягам года, яны не маглі. Таму цар Аляксей Міхайлавіч загадвае спустошыць тыя землі, што не атрымліваецца захапіць. Рабілася гэта дзеля таго, каб рэсурсаў не скарысталі войскі Княства.

Справаздача Аляксея Трубяцкога пра вынішчальны паход ад Клецку да Слоніму і назад у жніўні – верасні 1655 года / Акты Московского государства, изданные Императорской Академией наук. Т. 2«Великий князь Литовский и Белыя России»
Справаздача Аляксея Трубяцкога пра вынішчальны паход ад Клецку да Слоніму і назад у жніўні – верасні 1655 года / Акты Московского государства, изданные Императорской Академией наук. Т. 2«Великий князь Литовский и Белыя России»
Справаздача Аляксея Трубяцкога пра вынішчальны паход ад Клецку да Слоніму і назад у жніўні – верасні 1655 года / Акты Московского государства, изданные Императорской Академией наук. Т. 2«Великий князь Литовский и Белыя России»
Справаздача Аляксея Трубяцкога пра вынішчальны паход ад Клецку да Слоніму і назад у жніўні – верасні 1655 года / Акты Московского государства, изданные Императорской Академией наук. Т. 2«Великий князь Литовский и Белыя России»

Справаздача Аляксея Трубяцкога пра вынішчальны паход ад Клецку да Слоніму і назад у жніўні – верасні 1655 года / Акты Московского государства, изданные Императорской Академией наук. Т. 2«Великий князь Литовский и Белыя России»

Пасля таго, як у канцы жніўня 1655 года была захопленая Горадня, а гарады і вёскі на Нёмне зрабаваныя, цар маскоўскі 3 верасня выдаў адмысловы загад аб перапынку ў рабунках і паланеннях. Ён нават так і называўся: «Царский указ ратным людям, чтобы 3-го сентября полону не имали и людей не секли». А ўсё таму, што гэтым днём Аляксей Міхайлавіч пастанавіў дадаць да свайго тытулу словы «Великий князь Литовский и Белыя России, Волынский и Подольский». У загадзе адзначалася: «Мы, великий государь, наше царское величество, взялі у польского короля предков наших государских, великих государей, князей российских, великого княжества литовского стольной город Вильну, и иные многие города и места поимали и заступили, также и Белую Русь».

Даведка
Царский указ ратным людям, чтобы 3-го сентября полону не имали и людей не секли / Акты Московского государства, изданные Императорской Академией наук. Т. 2

Амаль уся тэрыторыя Беларусі да восені 1655 года апынулася ў руках маскоўскага цара, у той час як у Польшчы гаспадарылі шведы, якія авалодалі Варшавай і Кракавам. Здавалася, Рэч Паспалітая знікне зусім з карты Еўропы. Але ў гісторыю «ўмяшалася» геапалітыка (Маскоўскае царства пачало вайну са Швецыяй) і прырода (пачалася пошасць мору). Расчараваўся ў «вызваліцелях» і просты люд. На захопленых тэрыторыях пачаліся прыніжэнні не толькі каталікоў, уніятаў і юдэяў, але і праваслаўных, якіх таксама выпраўлялі ў палон, пра што цару накіроўваліся шматлікія скаргі. Той, у сваю чаргу, дасылаў «абаронныя граматы», але яны не ратавалі ад рабункаў, гвалту і, найперш, ад палону з боку маскоўскіх вайскоўцаў і запарожскіх казакоў. Шматлікія беларусы за час вайны сталі «халопством пленным» і былі накіраваныя ўглыб Маскоўскага царства. Тыя, хто не згаджаўся пайсці ў палон і аддаваць маёмасць ворагу, бралі ў рукі зброю і станавіліся «шышамі» (партызанамі).

А тым часам на Берасцейшчыне збіраліся рэшткі войскаў Кароны і Княства, каб распачаць вызваленчы паход. У выніку большая частка страчаных земляў будзе вернутая. Аднак вайна 1654–1667 года з Маскоўскім царствам будзе каштаваць Беларусі (дастасоўна да яе сучасных межаў) паловы насельніцтва, якое скарацілася з 2,9 млн да 1,35 млн.

Больш падрабязна пра тую вайну можна прачытаць у кнізе Генадзя Сагановіча «Невядомая вайна: 1654–1667»

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў