Як падтрымаць беларускі бізнес у выгнанні – у Вільні прайшоў XX Менскі форум


У памяшканні стартап-хаба «Імагуру» у Вільні, 22 ліпеня адбыўся XX Менскі форум. Гэты форум ладзіцца з 1997 года і гэтым разам ён адбыўся ўжо ў 20 раз.

Падчас Віленскай часткі форуму (у верасні ён чакаецца ў Варшаве), беларускія і міжнародныя эксперты абмяркоўвалі перспектывы развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, а таксама пытанні адукацыі ў новых умовах. Адна з тэматычных панэляў была прысвечана бізнесу ў выгнанні і шляхам яго развіцця.

Павел Данэйка на Менскім форуме ў Вільні. 22 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Павел Данэйка, адміністрацыйны дырэктар даследчага цэнтру BEROC звярнуў увагу на гісторыю рэлакацыі беларускага бізнесу.

«Працэс рэлакацыі беларускага бізнесу адбываецца не ўпершыню, першая хваля была заўважана яшчэ ў 90-ыя гады, потым у 2005-м годзе, таксама ў 2014-м, 2012-м. А зараз самая магутная хваля».

Тыя беларускія кампаніі, якія выехалі за мяжу, адчуваюць патрэбу захаваць сваю беларускасць. Па меркаванню Данэйкі, калі ты беларус і будзеш будаваць камунікацыю з іншымі беларускімі бізнесамі за мяжой, то такім чынам можна захаваць сваю беларускую ідэнтычнасць.

Павел Данэйка засяродзіў увагу на разгроме беларускіх стартапаў ва Украіне, і з якімі праблемамі беларускія стартапы сутыкаюцца ў Літве і Эстоніі. Для паспяховай рэлакацыі беларускіх кампаній патрэбныя праграмы адаптацыі, стварэнне беларускіх бізнес-асацыяцый у кожнай краіне і таксама далучэнне да нацыянальных асацыяцый.

Фота: Белсат

Былы кіраўнік ПВТ Валеры Цапкала распавёў пра асноўныя фактары, якія вымушаюць беларускія кампаніі выязджаць з Беларусі: «Па-першае, шмат хто з супрацоўнікаў не хоча плаціць падаткі рэжыму Лукашэнкі і па гэтай прычыне з’язджае за мяжу. Па-другое, патрабаванні замоўцы трымаць не толькі фронт-офіс, але і распрацоўнікаў, каб не падвяргаць іх патэнцыйнай рызыцы арыштаў, затрыманняў і тым самым не ставіць пад пытанне будучыню шматмільённых праектаў».

Яшчэ адной прычынай рэлакацыі спецыялістаў і кампаній па-за межы Беларусі і Расеі з’яўляюцца іміджавыя і рэпутацыйныя страты як для кампаніяў, так і для замоўцаў, калі ўся інфраструктура знаходзяцца ў Беларусі ці Расеі.

Фота: Белсат

Паводле заснавальніцы бізнэс-прасторы «Imaguru» Таццяны Марыніч, асноўныя праблемы стартапаў з Беларусі падчас рэлакацыі – гэта пытанне легалізацыі, фінансавання, доступу да інфармацыі і нэтворкінгу. Пасля пачатку вайны ва Украіне «нават тады, калі беларускія стартап-кампаніі былі зарэгістраваныя ў Еўропе, але заснавальнікі мелі беларускія карані, ім абмяжоўвалі доступ да праграм акселерацыі ў Еўропе. Гэтую практыку трэба выкараняць, і для гэтага трэба задзейнічаць усе дэмакратычныя сілы. Проста дазвольце чалавеку пераехаць, легалізавацца і дапамажыце матэрыяльна. Усе гэтыя праблемы вырашаюцца. Вырашаюцца ў супрацы з Еўрапейскім банкам развіцця, з еўрапейскімі інвестыцыйнымі фондамі. Ёсць арганізацыі, з якімі можна супрацоўнічаць, патрэбная палітычная воля», – падсумавала Марыніч.

У рамках ХХ Менскага форума таксама пройдуць мерапрыемствы ў Варшаве (23.09), адбудзецца круглы стол у Бруселі (24.10) і канферэнцыя ў Берліне (01.12).

Інтэрв’ю
Айцішнікі з’язджаюць, за імі паехаў стартап-хаб «Imaguru». Што будзе далей з беларускім IT?
2021.08.01 10:18

ГР belsat.eu

Стужка навінаў