Украіна пакідае расейцам адзін шлях: да адступлення. Спыталі экспертаў, навошта ЗСУ разбурае Масты


Збройныя Сілы Украіны абстрэльваюць масты ў Херсонскай вобласці і паступова адразаюць акупантаў ад шляхоў забеспячэнняў. Расія застаецца з магчымасцю для адступлення.

Кіеў разлічвае, што, як і ў выпадку з востравам Змяіны, Масква даспее да жэсту добрай волі і адвядзе свае войскі з Херсоншчыны. У адваротным выпадку ім пагражае знішчэнне.

Сем варонак у шэраг – гэта вынік ранішняга абстрэлу украінскімі войскамі Дар’еўскага масту ў Херсонскай вобласці. Пераправа праз раку Інгулец – прыток Дняпра не разбурана, але рухацца па ёй можа толькі легкавы транспарт.

Антонаўскі мост у Херсоне ЗСУ абстрэльваюць ужо некалькі дзён. Сёння ўкраінскія вайскоўцы заявілі, што ўзялі найбуйнейшую пераправу праз Дняпро працягласцю амаль у 1,5 кіламетры пад агнявы кантроль. Для акупаванай Херсоншчыну расейскай групоўкі – гэта пэўны знак.

«Сапраўды, гэта знак расейцам, што вам час адступаць. З іншага боку, нашыя вайскоўцы вучацца, засвойваюць новую тактыку падчас баявых дзеянняў – і гэта першая галачка ў магчымым выгнанні ворага з нашай тэрыторыі», – лічыць кіраўнік праграмаў Цэнтра глобалістыкі «Стратэгія» Павел Лакійчук.

На сённяшні дзень групоўку расейскіх войскаў на херсонскім плацдарме аддзяляе ад асноўных сілаў рака Дняпро. Сувязь з левым берагам забяспечваюць тры пераправы – Антонаўскі і чыгуначны масты ў раёне Херсона, а таксама дамба Кахоўскага вадасховішча ў Новай Кахоўцы ў 70 км. Разбурэнне гэтых перапраў адразае акупантаў ад шляхоў забеспячэння.

«Геаграфія той мясцовасці такая, што іншых варыянтаў забеспячэння групоўкі, якая дзейнічае на правым беразе Дняпра, пакуль не існуе фізічна. Можна разглядаць стварэнне пантоннай пераправы праз Дняпро, але гэта вельмі цяжка тэхнічна ажыццявіць», – тлумачыць украінскі вайсковы эксперт Сяргей Грабскі.

Грабскі выказаў здагадку, што ЗСУ спецыяльна не руйнуюць Антонаўскі мост, каб захаваць дзеля расейцаў шлях да адступлення. Дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у інтэрв’ю «Deutsche Welle» заявіў, што Кіеў пакідае акупантам магчымасць для праявы жэсту добрай волі:

«Канкрэтны прыклад добрай волі з востравам Змяіны вы бачылі. Канкрэтны прыклад нумар два, які ўжо можа быць, гэта так званы Антонаўскі мост у горадзе Херсон. Як толькі ён перастане функцыянаваць, Расея зразумее, што неабходна прадэманстраваць жэст добрай волі і пакінуць Херсон».

Hавiны
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 23 ліпеня
2022.07.23 18:43

Сітуацыя на тэатры баявых дзеянняў і геаграфія мясцовасці дазваляе Кіеву разлічваць на развіццё наступу на Херсонскім накірунку, выхад да правага берага Дняпра і ўзяцце пад агнявы кантроль выйсцяў з Крыму, лічыць Сяргей Грабскі: «Калі паставім выйсці з Крыму пад агнявы кантроль, мы значна саслабляем магчымасці групоўкі суперніка, якая дзейнічае на Запарожскім, альбо правільней казаць на Паўночна-Таўрычаскім накірунку».

Напярэдадні дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Аляксей Арэставіч заявіў, што на поўначы Херсонскай вобласці ЗСУ атачылі звыш 1000 расейскіх захопнікаў. Пакуль украінскі Генштаб гэтую інфармацыю не пацвердзіў.

Антон Каменскі / Герон belsat.eu

Стужка навінаў