Расейскі дэпутат прызнаў, што ўдар па Адэсе нанесла Расея. Але ж Турэччына гэта абвяргала, ці не так?


Расейская прапаганда «няўважліва пераклала» заяву турэцкага міністра абароны і выдала гэта за апраўданне. Усё сапсаваў дэпутат «Единой России». Сачыце за рукамі.

Ліквідацыя пажару ў Адэскім порце. Адэса, Украіна. 23 ліпеня 2022 года.
Фота: Пресцентр сил охорони та оборони Півдня

Раніцай 23 ліпеня Збройныя сілы Украіны паведамілі аб абстрэле Адэскага марскога порту крылатымі ракетамі тыпу «Калібр». Украінскія вайскоўцы і палітыкі адзначалі, што Расея нанесла ўдар па марскім порце на наступны дзень пасля таго, як Расея падпісала з Украінай пагадненне аб бяспечным экспарце ўкраінскага збожжа морам. Паводле ўкраінскага боку, цэліліся ў склады збожжа, але не трапілі. Параненых і забітых у выніку ўдару не было, пажар ліквідавалі.

Удар па Адэскім порце асудзілі і Украіна, і Еўразвяз, і Злучаныя Штаты, і Генеральны сакратар Арганізацыі аб’яднаных нацыяў.

Hавiны
Расея абстраляла Адэскі порт. Украіна назвала гэта «пляўком у твар» Эрдагану і генсеку ААН
2022.07.23 17:16

Спачатку расейскія афіцыйныя асобы ніяк не каментавалі ўдар па Адэсе. Пасля заявы Генеральнага сакратара ААН прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Расеі Марыя Захарава толькі раскрытыкавала яго за тое, што ён «не асуджае, што кіеўскі рэжым забівае дзяцей на Данбасе».

Затое расейская прапаганда (а следам за ёй і беларуская) паведаміла, што Міністэрства абароны Турэччыны нібыта «заявіла, што Расея не мае адносінаў да ўдару па порце Адэсы». На самой справе, такога не было: міністр абароны Турэччыны Хулусі Акар толькі заявіў, што «расейцы сказалі нам, што не маюць абсалютна ніякага адносінаў да гэтага нападу». Ён таксама казаў, што вельмі занепакоены гэтым ударам на наступны дзень пасля пагаднення па збожжы.

Урэшце прагаварыўся дэпутат «Единой России» і вядоўца дзяржаўнага тэлеканалу «Россия-1» Яўген Папоў. У інтэрв’ю BBC ён расказаў:

«Мы атакавалі ваенную інфраструктуру ў адэскім порце. І вам добра знаёмыя назовы ракетаў. Гэта ракеты «Гарпун». Яны базаваліся ў Адэсе, і мы іх знішчылі».

Ён дадаў, што Расея нібыта не парушала пагадненняў па збожжы: «Мы проста разбурылі ваенную інфраструктуру Украіны – і зробім гэта зноў». Ці значыць гэта, што ўдары па Адэскім порце будуць працягвацца, невядома.

Hавiны
Украіна і Расея падпісалі пагадненне з Турцыяй і ААН наконт экспарту збожжа. Што яно прадугледжвае?
2022.07.22 19:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў