Навошта ўладам разбураць польскія могілкі ў Беларусі? Спыталі гісторыка Фрыдмана


У Беларусі руйнуюць пахаванні польскіх жаўнераў. Пакуль улады гэта адмаўляюць, магілы працягваюць знікаць. Навошта беларускім уладам гэта рабіць, калі відавочна, што Польшча абурыцца?

Гісторык з Нямеччыны Аляксандр Фрыдман тлумачыць «Белсату» ў эфіры «Студыі»: гісторыя комплексная, трэба яе разглядаць у першую чаргу ў кантэксце «культуры памяці» ўладаў Беларусі пра Другую сусветную вайну, закону пра «генацыд беларускага народу».

У прапагандысцкіх наратывах сцвярджаецца, што жаўнеры польскай Арміі Краёвай (паўстанцы, якія ваявалі з нацыстамі і часам з саветамі) адыгрывалі выключна негатыўную ролю ў беларускай гісторыі: займаліся нібыта толькі знішчэннем цывільнага насельніцтва і мала чым адрозніваліся ад вермахту і СС.

Hавiны
У Гарадзенскай вобласці знішчылі чарговае пахаванне жаўнераў Арміі Краёвай
2022.07.22 20:08

«Гэта звычайная інструменталізацыя, – кажа Фрыдман пра пазіцыю беларускай прапаганды. – У вывучэнні дзейнасці Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі беларускія ўлады, безумоўна, не зацікаўленыя. Іх задача – намаляваць вобраз польскіх жаўнераў, якія займаліся знішчэннем беларускага цывільнага насельніцтва.

І калі яны гэты тэзіс прасоўваюць і фактычна зводзяць усю дзейнасць Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі да забойства, знішчэння, пераследу насельніцтва, дык наступны крок цалкам зразумелы. Калі гэта былі забойцы, калі гэта былі людзі, якія знішчалі і гвалтавалі, пра якую памяць пра іх можа ісці гаворка?»

Гісторык Аляксандр Фрыдман. Скрыншот: Белсат

Гісторык адзначае, што знішчэнне могілак афіцыйна не прызнаецца: улады «робяць выгляд, што нічога не адбываецца». Улады, мяркуе ён, не жадаюць уступаць у дыскусіі пра гэткія могілкі, бо такая дыскусія «непрыемная». На ягоную думку, у гэтым можа нават не ўдзельнічаць асабіста Аляксандр Лукашэнка – ідэя разбураць могілкі можа паходзіць з ягонай адміністрацыі або ад мясцовых радыкальных актывістаў, але відавочна складаецца ў сістэму, а прапаганда хоць наўпрост не заклікае знішчаць могілкі, але «падводзіць базу», каб гэта рабіць.

Фрыдман параўноўваў лёс габрэйскіх могілак у Беларусі, Украіне і Польшчы пасля Другой сусветнай вайны – і бачыць паўтарэнне гісторыі. Улады Беларусі, кажа ён, «неасавецкія», адпаведна і стаўленне да «непажаданых» могілак у іх савецкае. Каталіцкія, габрэйскія могілкі і могілкі несавецкіх жаўнераў у савецкі час так жа «ціха» і «хуценька» знішчаліся.

Рэакцыя Польшчы, лічыць ён, ужо нецікавая ўладам Беларусі: Польшча ўжо ўвяла ўсе магчымыя санкцыі, «горш, напэўна, не будзе». Знішчэнне могілак не прызнаюць не таму, што баяцца рэакцыі з польскага боку, а таму, што разумеюць: знішчаць помнікі і могілкі – «рэч непрыемная» нават для шмат каго з прыхільнікаў Лукашэнкі. За час вывучэння лёсу могілак, кажа Фрыдман, ён не бачыў нікога, хто б падтрымліваў іх знішчэнне.

Hавiны
Улады Беларусі не спыняцца, пакуль не знясуць усіх «польскіх» помнікаў? Рэч не толькі ў Арміі Краёвай
2022.07.13 18:39

belsat.eu

Стужка навінаў