«Для сілавікоў беларуская мова – маркер для выяўлення чужых»


Пра моўны генацыд у Беларусі ў эфіры «Белсату» распавяла старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

Яна зазначае, што калі няма магчымасці атрымліваць спецыяльнасць на беларускай мове, дык і вучыць беларускую ў школах робіцца пытаннем волі, а не неабходнасцю. Акрамя таго, знікае магчымасць распрацоўвання адпаведнай лексікі:

«Сёння сітуацыя такая: калі чалавек заканчвае школу на расейскай ці беларускай, а пасля мусіць вучыцца ва ўніверсітэце на расейскай – гэта ўсё ж такі праблема. Адсутнасць адукацыі на беларускай мове спрыяе таму, што і тэрміналогія не распрацоўваецца, ні юрыдычная, ні медычная… То бок распрацоўваецца, але не ў належным памеры».

Экспертка адзначыла, што ў новай Беларусі не мусіць быць ніякага прымусу, каб гвалтоўна насаджваць ужыванне беларускай мовы:

«Мусіць быць здаровае заахвочванне. Дзяржава можа рабіць прэферэнцыі для выкладчыкаў, спецыялістаў, бо гэта вымагае большай падрыхтаванасці, вывучэння матэрыялаў, тэрміналогіі і г. д.».

Таксама яна раіць ужо цяпер карыстацца ў побыце беларускай мовай, каб прасцей было потым перанесці яе на іншыя ўзроўні дзейнасці грамадства.

«Часам людзі не могуць адразу знайсці патрэбнага слова, накшталт «патэльні». Але гэта прыходзіць з часам. Тут не варта саромецца, можна «лупіць трасянкай», – раіць Нядбай.

Яна падкрэсліла, што палітычная дзяячка Святлана Ціханоўская дэманструе волю пры пераходзе на беларускую мову – гэта добры прыклад для тых, хто ўсё жыццё раней размаўляў па-расейску:

«Нам усім хочацца быць дасканалымі, асабліва публічным асобам не хочацца рабіць нешта, за што могуць крытыкаваць. А крытыкаваць у нас ёсць каму і гэтая крытыка [у любым выпадку] увесь час здараецца».

Тым часам попыт на беларускую літаратуру расце. І хаця дакладнага даследавання ў Беларусі правесці немагчыма, Нядбай адзначыла, што працэс усё адно відавочны:

«Варта толькі адпусціць гэтыя гайкі, даць магчымасць мове развівацца. З іншага боку, маюць быць прэферэнцыі для выдавецтваў, бо мы ўсё ж жывём у прасторы расейскага кніжнага рынку. Кнігі на расейскай мове таннейшыя, бо выдаюцца значна буйнейшымі накладамі і больш дасяжныя. Беларускія кнігі ідуць меншымі накладамі, бо і Беларусь меншая, тут нікуды не пераскочыш. Таму мае быць зняты падатак на дадатковую вартасць, каб кніга магла быць таннейшай. А не так, як адбылося з кнігарняй «Кнігаўка», якая паспрабавала адкрыцца і не прапрацавала ў публічнай прасторы нават дня».

Праз беларускую мову людзі цярпяць нават падчас зняволення. Старшыня Беларускага ПЭНу адзначыла, што гэта, на жаль, сістэмная з’ява:

«Для сілавікоў беларуская мова – маркер для выяўлення чужых, нелаяльных. Сёння мова – не толькі інструмент камунікацыі, але і сродак дэманстравання пэўнай пазіцыі. А гэтага сілавікі не любяць і хочуць, каб усе людзі замаўчалі».

Аналітыка
Што глядзець на беларускім YouTube? Вялізны гід па каналах: ад навінаў і гутарак да катоў і гародаў
2022.07.23 08:30

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў