Адкрылася рэгістрацыя на канферэнцыю «Новая Беларусь»


У Вільні 8–9 жніўня пройдзе вялікая канферэнцыя «Новая Беларусь». Святлана Ціханоўская запрасіла ахвотных да рэгістрацыі.

«Калі вы аб’яднаецеся? Які план? Што рабіць? – кажа Святлана Ціханоўская на відэа. – Вы часта задаяце мне гэтыя пытанні. І я разумею, што апошнім часам можа скласціся адчуванне, што дэмакратычныя сілы – гэта рух людзей, якія ўжо не ў краіне. Але я лічу, што наш прыярытэт заўсёды мусіць быць накіраваны на вызваленне палітзняволеных, спыненне вайны, пазбаўленне нашай краіны ад дыктатуры».

Ёсць апублікаваная папярэдняя праграма канферэнцыі. У першы дзень – панэльныя дыскусіі пра прыярытэты працы, транзіт улады, ратаванне ад эканамічнага крызісу і рэарганізацыю дэмакратычных сілаў. У другі дзень – сесіі пра прыватны бізнес, медыі і грамадзянскую супольнасць.

Трапіць на канферэнцыю можна, зарэгістраваўшыся ў гэтай форме. Але колькасць месцаў абмежаваная, таму некаторыя заяўкі могуць не задаволіць. Арганізатары просяць пракансультавацца ўнутры структураў наконт таго, каго выпраўляць на канферэнцыю, перад запаўненнем заяўкі, рэкамендацыйныя лісты «будуць перавагай». Удзельнікі не могуць быць ананімнымі. Заяўкі можна падаваць да 31 ліпеня ўключна. Шэраг запрашэнняў ужо разасланы – тым, каму яны прыйшлі, не трэба рэгістравацца.

Канферэнцыі папярэднічала серыя ўзаемных папрокаў і спрэчак між супраціўнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Незадаволеныя працай Офісу Ціханоўскай збіраліся ў Берліне 11–12 ліпеня. Самай гучнай прапановай той канферэнцыі была ідэя Вадзіма Пракоп’ева аб ператварэнні Ціханоўскай у сімвалічную фігуру накшталт брытанскай каралевы і стварэнні пры ёй «прэм’ер-міністра».

Каментар
Ці будзе «Ціханоўская-каралева» і «Чэрчыл-прэм’ер»? Спыталі Офіс Ціханоўскай пра ідэі Пракоп’ева
2022.07.16 21:58

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў