Стала вядома, паводле якога артыкулу затрымалі журналіста «Белсату» Ігара Ільяша


У Менскім гарадскім судзе 23 ліпеня разглядалі апеляцыйную скаргу на пастанову суда Партызанскага раёну, які 21 ліпеня вырашыў пакінуць журналіста «Белсату» Ігара Ільяша за кратамі. Скаргу не задаволілі, але стала вядома, што нашага калегу арыштавалі паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ («Арганізацыя ці актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).

Справу разглядалі ў судовай калегіі Менскага гарадскога суда. Суддзя – Максім Лапко.

Спіс справаў для разгляду ў Менскім гарадскім судзе.
Фота: Белсат

У спісе справаў, прызначаных да разгляду калегіяй, пазначана: Ігар Ільяш праходзіць паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ. Абвінавачвання журналісту не выставілі. У панядзелак 26 ліпеня ў Ігара канчаецца дзесяцідзённы тэрмін затрымання.

Артыкулы
«Не спыняцца і не апускаць рук!» Распавядаем пра Ігара Ільяша – затрыманага журналіста «Белсату»
2021.07.22 14:30

Ігара Ільяша затрымалі 16 ліпеня пасля ператрусу. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем.

Брат Ігара распавядаў «Белсату», што 21 ліпеня скаргу на затрыманне журналіста разглядаў суддзя Партызанскага раёну Менску Міхаіл Макарэвіч і не задаволіў яе.

«Будзем абскарджваць гэтую адмову», – казаў тады «Белсату» брат Ігара.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў