Радзівілы: 7 стагоддзяў беларускага роду ваяроў і мецэнатаў


Эльжбета Радзівіл каля палацу ў Ружанах.
Фота: Глеб Лабадзенка для Еўрарадыё

20 ліпеня, маючы 103 гады, памерла княгіня Эльжбета Радзівіл, дачка перадапошняга гаспадара Нясвіжскага замку Альбрэхта Радзівіла. Яна нарадзілася ў 1917-м і сталася апошняю з Радзівілаў, для якіх Нясвіж быў родным домам. З 1993 года княгіня неаднаразова прыязджала ў Беларусь, дапамагала рэстаўратарам адрадзіць былы выгляд замку.

Хоць час панавання вайсковай арыстакратыі даўно мінуў, такія прозвішчы, як Радзівілы, Сапегі і Алелькавічы, выклікаюць у свядомасці кожнага беларуса рамантычныя вобразы рыцараў у даспехах і прыгожых паннаў у багатых строях.

Кім жа ёсць Радзівілы для беларускай гісторыі?

Сівыя легенды і дакументы

Прозвішча роду мае два варыянты паходжання: ад славянскага «парадзіць» і балцкага «знаходзіць». Летапісы пераказваюць легенду пра тое, што продкам Радзівілаў быў вярхоўны паганскі жрэц Ліздзейка, які, з аднаго боку, быў малым выпадкова знойдзены ў лесе князем Віценем, а з другога – параіў князю Гедзіміну заснаваць Вільню і зрабіць яе сваёй сталіцаю.

Вяшчун Ліздзейка тлумачыць сон вялікага князя Гедзіміна. 1882 год. Мастак: Міхал Эльвіра Андрыёлі

Упершыню ж у дакуменце прозвішча Радзівіл сустракаецца ў грамаце князя Свідрыгайлы Альгердавіча за 1436 год, падчас грамадзянскай вайны ў Вялікім Княстве Літоўскім, у сувязі з тым, што ён аказаўся ворагам Свідрыгайлы. Гэта быў Радзівіл Осцікавіч, які і лічыцца афіцыйным пачынальнікам роду.

Далей род багацеў, займаў вышэйшыя пасады, атрымліваў новыя тытулы, рос у колькасці і дзяліўся на галіны – адзнака вельмі высокай паспяховасці ў феадальным свеце. Гербам Радзівілаў сталіся «Трубы». А ў 1518 годзе, калі Мікалай Радзівіл атрымаў ад імператара тытул князя Святой Рымскай імперыі, да шчыта з трыма трубамі дадаўся чорны імперскі аднагаловы арол.

Рыцары і войны

Хіба найбольш вядомыя Радзівілы як ваяры і ўладары вялікіх абшараў: яны валодалі землямі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, Латвіі ды Расеі. Агулам маёнткі роду ў XVI–XVII стагоддзях плошчаю былі роўнымі не самай малой еўрапейскай дзяржаве.

Пры гэтым Радзівілы стараліся абараняць самастойнасць ВКЛ ад Польскай Кароны: у прыватнасці, выступалі супраць заключэння Люблінскай уніі.

Блакітным пазначаныя абшары, якія належалі Радзівілам. Аўтар: Мацей Шчэпаньчык

На даходы з гэтых земляў Радзівілы будавалі гарады і замкі, а таксама ўзбройвалі значныя вайсковыя кантынгенты, што не толькі ахоўвалі радавыя ўладанні, але і бралі ўдзел у абароне ВКЛ. Гэтак, вядомы Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка выстаўляў у поле да 539 узброеных коннікаў, а таксама 386 пешых жаўнераў. Гэта вельмі значны атрад для таго часу, калі некалькі соцень коннікаў маглі вызначыць лёс нават самай значнай бітвы.

Са сваймі ваярамі Радзівілы бралі ўдзел бадай што ўва ўсіх войнах, якія вяла нашая дзяржава, і многія з іх былі таленавітымі военачальнікамі.

Даведка
Герб Радзівілаў з граматы 1547 года. Крыніца: archiwa.polska.pl

Асветнікі і хрысціяне

Час Адраджэння і запачаткавання сучаснай навукі – XVI стагоддзе – быў адначасова часам вельмі высокай рэлігійнай актыўнасці ў еўрапейскім грамадстве. Сярод Радзівілаў зʼявіліся зацятыя прыхільнікі каталіцтва і пратэстантызму, але да нейкіх рэлігійных войнаў у ВКЛ справа не дайшла: змаганне ў асноўным было ў сферы адукацыі ды заканатворчай дзейнасці.

Гэтак, Мікалай Радзівіл Чорны стаўся кальвіністам, заснаваў друкарні ў Берасці і Нясвіжы, выдаў Радзівілаўскую Біблію, будаваў цэрквы і школы. Менавіта дзякуючы ягоным высілкам у Нясвіжы надрукавалі кнігу на старабеларускай мове – «Катэхізіс». Стрыечны брат Чорнага – Мікалай Радзівіл Руды – не толькі разбіў маскоўскія войскі ў бітве на Уле ў 1564 годзе, а быў таксама мецэнатам і фундатарам хрысціянскай літаратуры ды адукацыі.

Мікалай Радзівіл Сіротка. Партрэт з прыватнай калекцыі Мацея Радзівіла

У той жа час сын Мікалая Радзівіла Чорнага, ужо згаданы камандзір 539 коннікаў Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, не толькі ваяваў, але і атрымаў цудоўную адукацыю ў Еўропе. Сіротка стаўся перакананым каталіком і заснаваў Нясвіжскі езуіцкі калегіум – адну з найлепшых адукацыйных установаў у ВКЛ і Усходняй Еўропе. Там жа ён збіраў творы мастацтва і кнігі.

Сіротка вандраваў па Італіі, а ў 1583 годзе быў у Палестыне, пра што напісаў кнігу на лаціне «Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю».

Беларуская княгіня

Шмат стагоддзяў Радзівілы змагаліся за інтарэсы Вялікага Княства Літоўскага, бралі ўдзел у войнах за адраджэнне ВКЛ – і пасля таго, як Рэч Паспалітую падзялілі Расея, Аўстрыя ды Прусія.

У пачатку ж ХХ стагоддзя да культурніцкага адраджэння Беларусі далучылася Магдалена Радзівіл (у дзявоцтве – Завіша), якая вырасла ў Беларусі і зрабілася патрыёткаю роднага краю.

Магдалена Радзівіл у маладосці

«Лічу сябе беларускаю літоўскага паходжання. Як і муж мой, полькаю сябе не прызнаю», – пісала арыстакратка ў 1912 годзе.

Вацлаў Мікалай Радзівіл, ейны другі муж, таксама жыў у Беларусі і цікавіўся беларускім фальклорам. На жаль, смелы афіцэр (удзельнік англа-бурскай вайны, войнаў на Балканах, расейска-японскай вайны) загінуў на 8-м годзе шлюбу на фронце ў першыя месяцы Першай сусветнай вайны.

Даведка
Першае выданне «Вянка» Максіма Багдановіча фундавала Магдалена Радзівіл

Дзякуючы намаганням Магдалены Радзівіл адкрываліся беларускія школы ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі, фінансаваліся выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, каталіцкая газета «Беларус», таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы.

Мецэнатка плаціла стыпендыю студэнтам-беларусам, якія вучыліся ў Пецярбурзе, падтрымлівала тамтэйшую беларускую бібліятэку. Ейны маёнтак у Кухцічах наведвалі Вацлаў Іваноўскі, Іван і Антон Луцкевічы, Раман Скірмунт ды іншыя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху.

У 2016 годзе сям’я Радзівілаў і беларускія актывісты сталі абмяркоўваць перапахаванне спачылай Магдалены Радзівіл у Беларусі.

«Яна лічыла сябе беларускай, марыла жыць у Менску. Таму гэта будзе вельмі сімвалічна, калі мы пахаваем прах Магдалены тут, бо яна марыла пра вольную дэмакратычную Беларусь», – казаў тады Мацей Радзівіл. У 2018 годзе парэшткі беларускай княгіні былі ўрачыста перапахаваныя ў менскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў