«Пастанову суддзі нельга прызнаць законнай». Гарадзенскі абласны суд адмяніў штраф журналістцы


Гарадзенскі абласны суд накіраваў на новы разгляд справу рэдактаркі спецпраектаў парталу «Hrodna.life» Ірыны Новік за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі. Пастанову суда Ленінскага раёну Горадні аб штрафе адмянілі. Ліст з абласнога суда Ірына Новік атрымала 20 ліпеня.

«Пастанову суддзі нельга прызнаць законнай, яна падлягае адмене, а справа – накіраванню на новы разгляд», – журналістка працытавала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» ліст з подпісам суддзі Гарадзенскага абласнога суда Віктара Сянька.

Рэдактарка спецпраектаў «Hrodna.life» Ірына Новік.
Фота: Hrodna.life

Ірыну Новік затрымалі 1 чэрвеня. 3 чэрвеня яе асудзілі на 25 базавых велічыняў (Br 725) паводле адміністратыўнай справы нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Да суда яна была ў ІЧУ. Ёй забаранялі сядзець удзень, яна нічога не ела.

Рэдакцыі пазней прысудзілі другі штраф у гэтай жа справе. Цяпер ён максімальна магчымы – Br 14 500.

Ірына падала скаргу на пастанову суда, у якой адзначыла, што суддзя парушыў ейнае права на абарону: за дзве гадзіны да суда ейная адвакатка накіравала ў суд хадайніцтва аб удзеле ў працэсе, але яе не запрасілі на пасяджэнне. Суддзя абласнога суда пагадзіўся, што недапушчэнне адваката – істотнае парушэнне нормаў Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях, таму пастанову суда Ленінскага раёну адмяніў і накіраваў на новы разгляд.

«Я амаль упэўненая, што ён/яна вынесе той самы прысуд і дасць той самы штраф. Але трымаючыся ўсіх патрэбных фармальнасцяў», – пракаментавала Ірына Новік гэтую адмену на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

Аляксей Шота, галоўны рэдактар «Hrodna.life». Горадня, Беларусь. 7 ліпеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

«Hrodna.life» ужо некалькі разоў судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Першы працэс адбыўся 19 сакавіка. Тады суд Ленінскага раёну прызначыў рэдактару Аляксею Шоту штраф 400 базавых велічыняў (Br 11 600) як прадстаўніку арганізацыі і 25 базавых велічыняў (Br 725) як фізічнай асобе. Гарадзенскі абласны суд 26 красавіка пакінуў у сіле рашэнне раённага. Выплаціць штраф Br 11 600 у растэрміноўку на шэсць месяцаў рэдакцыі не дазволілі.

18 чэрвеня прысудзілі другі штраф. Цяпер ён максімальна магчымы – Br 14 500. У рэдакцыі ёсць яшчэ некалькі тыдняў, каб выплаціць яго. Таксама 20 чэрвеня рэдактар атрымаў папярэджанне ад пракурора Горадні Уладзіміра Клішына.

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў