Магілёўскага журналіста аштрафавалі на Br 725. На судзе ён заявіў, што прыпыняе сваю працу


Суд Ленінскага раёну Магілёва прызнаў былога журналіста БелаПАНу Алеся Асіпцова вінаватым у супрацы з замежным СМІ без акрэдытацыі за размяшчэнне матэрыялу на сайце радыё «Свабода» і пастанавіў спагнаць з яго 25 базавых велічыняў. Асіпцоў сцвярджаў, што рыхтаваў матэрыял для іншага выдання, а «Свабода» яго проста перадрукавала.

Алесь Асіпцоў.
Фота: «Белсат»

Паводле магілёўскага тэлеграм-каналу MAYDAY, Алеся Асіпцова прыцягнулі да адказнасці за тое, што ён 25 траўня падрыхтаваў матэрыял пра вынікі суда над Паўлам Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі» ды апублікаваў яго на сайце радыё «Свабода», чым парушыў арт. 23.5 КаАП РБ.

На судзе Асіпцоў патлумачыў, што матэрыял ён рыхтаваў для інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, карэспандэнтам якога на той момант ён быў. Перадрукоўка з’явілася на сайце расейскай службы радыё «Свабода», з якой магілёўскі журналіст ніяк не звязаны. Спасылка ў матэрыяле была на беларускую службу радыё «Свабода», але яе сайт ужо доўгі час недасяжны ў Беларусі.

Алесь Асіпцоў падаў дакументы, якія пацвярджалі, што ён быў карэспандэнтам БелаПАНу, а таксама раздрукоўку арыгінальнага артыкулу. Яе нават не далучылі да матэрыялаў справы. Суддзя Ленінскага раёну Аксана Ратнікава аштрафавала журналіста на 25 базавых велічыняў.

Падчас паседжання Асіпцоў заявіў, што часова прыпыняе сваю журналісцкую дзейнасць.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў