Купал будслаўскага касцёлу ў аварыйным стане. Што яшчэ выявілі спецыялісты пасля пажару?


Расколіны ў купале святыні павялічваюцца і таму патрэбнае ўсталяванне страховачных канструкцыяў і ўмацаванне.

Будслаўскі касцёл пасля пажару.
Фота: catholic.by

Пад пагрозай – славутыя будслаўскія «аптычныя алтары»

20 ліпеня была прадстаўлена справаздача па выніках абследавання стану будслаўскай базілікі пасля пажару, які здарыўся ў Нацыянальным санктуарыі 11 траўня, піша Сatholic.by

Рэпартаж
«Гэта трагедыя, я плакала». Як жыве Будслаў, дзе гарэў адзін з галоўных касцёлаў Беларусі
2021.05.16 19:28

Па выніках абследавання будынку касцёла спецыялісты адзначылі, што ад уздзеяння высокіх тэмператураў найбольш пацярпелі цагляныя канструкцыі купалу цэнтральнай навы: у ім з’явіліся расколіны, была страчаная верхняя абмазка, пачаў адслойвацца тынк на ўнутранай паверхні.

Тэхнічны стан купалу будслаўскай базілікі прызнаны аварыйным, расколіны ў ім павялічваюцца і таму патрэбнае ўсталяванне страховачных канструкцыяў і ўмацаванне.

Будслаўскі касцёл пасля пажару.
Фота: catholic.by

Павялічваюцца расколіны таксама ў скляпенні правай навы.

Адсутнасць даху і ўмовы надвор’я выклікаюць насычэнне вільгаццю цаглянай кладкі скляпенняў і сценаў пад імі, што можа ў далейшым прывесці да страты атынкоўкі з каштоўным фрэскавым жывапісам. Гаворка ідзе пра славутыя будслаўскія «аптычныя алтары».

Аб’ектыў
У Будславе гарэў «беларускі Нотр-Дам». Што вядома?
2021.05.11 22:37

Каб перадухіліць гэтыя працэсы, была зроблена абарона будынку ад дажджу з падручных матэрыялаў з арганізаваным водаадводам за межы будынку.

Гэта знізіла магчымасць далейшых пашкоджанняў, але не выключыла яе цалкам.

Будслаўскі касцёл пасля пажару.
Фота: catholic.by

Не хапае архіўных матэрыялаў па будынку касцёла

Адна з цяжкасцяў, з якой у ходзе працы сутыкнуліся спецыялісты, – гэта практычна поўная адсутнасць архіўных матэрыялаў па будынку касцёла. Раней не праводзілася яго комплекснае навуковае вывучэнне, у тым ліку і архітэктурна-рэстаўрацыйныя абмеры. Неабходныя інжынерныя абмеры пачалі рабіцца толькі цяпер. Акрамя таго, спецыялісты даследавалі падмуркі касцёла і грунт пад імі, у выніку чаго была зроблена выснова пра неабходнасць умацавання падмуркаў, паколькі іх зношанасць складае 55%, а агульны стан прызнаны незадавальняючым.

Выяўлены таксама шэраг іншых праблемаў, прычым не ўсе з іх звязаныя з нядаўнім пажарам. Але іх, тым не менш, так ці інакш давядзецца вырашаць для захавання будслаўскай базілікі.

Будслаўскі касцёл пасля пажару.
Фота: catholic.by

Колькі грошай сабралі і колькі трэба

У сувязі з гэтым у бліжэйшы час прадугледжваюцца наступныя выдаткі:

  • 44 561,43 руб. – аплата па дамове з праектнай арганізацыяй
  • 102 848,55 руб. – комплексныя навуковыя доследы, неабходныя для правядзення далейшых рэстаўрацыйных прац.
  • Аплата падраднай арганізацыі.

Збор сродкаў на аднаўленне Будслаўскага касцёлу распачаўся ў дзень пажару.

З 11 траўня па 20 ліпеня было сабрана 963 584,44 беларускіх рублёў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў