Ковідныя надбаўкі паменшацца. Мінздароўя змяніла парадак кампенсацыі за працу ва ўмовах інфекцыі


Цяпер, калі медык больш за траціну працоўнага часу кантактаваў з каронавірусам, ён атрымае даплату толькі за гэтыя гадзіны, а не за ўвесь месяц працы.

Загадам ад 20 ліпеня былі ўнесеныя змены ў Метадычныя рэкамендацыі для ўжывання ўказу Лукашэнкі № 131 ад 16 красавіка 2020 года аб матэрыяльным стымуляванні працаўнікоў аховы здароўя, паведамляе Міністэрства аховы здароўя ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале.

З рэкамендацыяў прыбралі пункт, што зацвярджаў атрыманне надбаўкі ў поўным аб’ёме, калі ў кантакце з каронавірусам медык адпрацаваў траціну гадзінаў ці зменаў. Гэтую змену ўводзяць з 1 жніўня 2021 года.

Вакцына ад каронавіруснай інфекцыі.
Фота: AMANDA PEROBELLI / Reuters / Forum

Міністэрства аховы здароўя тлумачыць сэнс змяненняў на прыкладзе:

Тэрапеўт адпрацаваў 160 гадзінаў (20 працоўных дзён ці зменаў). З іх цягам сямі працоўных дзён/зменаў (а гэта больш за траціну працоўнага часу) даваў медычную дапамогу пацыентам з COVID-19 цягам 1-2 гадзінаў за дзень. Надбаўка цяпер будзе выплачвацца за гэтыя сем працоўных дзён ці зменаў (за 56 гадзінаў), а не за ўвесь адпрацаваны час (160 гадзінаў), як гэта было дасюль.

Мінздароўя паведамляе, што за амаль 7 месяцаў 2021 года на надбаўкі за працу ва ўмовах, звязаных з COVID-19, вылучылі Br 589,4 мільёна са сродкаў кансалідаванага бюджэту. За травень гэтага года выплаты атрымалі амаль 69 тысячаў працаўнікоў аховы здароўя.

Надбаўкі былі скарэктаваныя з улікам эпідэмічнай абстаноўкі, колькасці захворванняў на COVID-19 і вакцынацыі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў