Беларускія банкі абавяжуць прымаць расейскія плацежныя карткі «Мір»


У сувязі з завяршэннем міжсістэмнай інтэграцыі плацежных сістэмаў Белкарт і «Мір» для банкаў-удзельнікаў сістэмы Белкарт з 1 студзеня 2022 году ўсталёўваецца патрабаванне абслугоўваць карткі «Мір».

Рашэнне аб абслугоўванні ў Беларусі расейскіх картак «Мір» утрымліваецца ў пастанове Праўлення Нацбанку Беларусі ад 5 ліпеня 2021 году №197 «Аб звароце банкаўскіх плацежных картак і функцыянаванні аб’ектаў праграмна-тэхнічнай інфраструктуры».

Банкі-удзельнікі плацежнай сістэмы Белкарт з 1 студзеня 2022 году будуць абавязаныя прымаць плацежныя карты «Мір» ва ўсіх плацежных тэрміналах у арганізацыях гандлю (сэрвісу), пунктах выдачы наяўных грашовых сродкаў, банкаматах і тэрміналах самаабслугоўвання.

З 1 студзеня 2023 году абавязаныя прымаць карткі «Мір» будуць таксама банкі, якія аказваюць паслугі інтэрнэт-эквайрынгу. Гэта дазволіць пашырыць магчымасці суб’ектаў гаспадарання па рэалізацыі тавараў (працаў, паслуг) на інтэрнэт-сайтах у беларускім сегменце Інтэрнэту трымальнікам картак «Мір», сцвярджае Нацбанк.

Плацежная сістэма «Мір» працуе ў Расеі, разлікі ў ёй ажыццяўляюцца ў расейскіх рублях. Карткі «Мір» абслугоўваюцца таксама ў Арменіі, Кыргызстане, В’етнаме, на тэрыторыі Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Карткі «Мір» не прывязваюцца да РayPal і WebMoney, імі нельга карыстацца ў Google Play, рабіць пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах Amazon і Ebay.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў