Беларускі аншлаг. Як беларусы апынуліся на топавых месцах у польскім ВНУ?


Беларускі захоп! Такія думкі прыходзяць у галаву, калі глядзіш вынікі ўступнай кампаніі ў адзін з найбольш прэстыжных польскіх універсітэтаў – ім. Адама Міцкевіча ў Познані. На самыя папулярныя факультэты ў першай 50 лепшых абітурыентаў прыкладна 80% імёнаў – беларускія. belsat.eu спрабаваў разабрацца, як так атрымалася і ці не выклікае такая сітуацыя напружанне паміж палякамі і беларусамі.

«UAM dla polaków!»

Даведка
«Паляк, які марыць добра здаць іспыты, каб паступіць на праграмаванне ў роднай Познані». «Украінец, які купіў вынікі іспытаў за два блока папяросаў»

Такімі жартамі зараз поўніцца польскі Facebook. Прыйшлі вынікі рэкрутацыі ў адным з лепшых польскіх універсітэтаў – познанскага ўніверсітэту ім. Адама Міцкевіча. Сёлета на некаторых спецыяльнасцях, напрыклад на міжнародных стасунках, журналістыцы і паліталогіі, амаль усе імёны ў топ-20 вучняў з лепшымі вынікамі – беларускія. Прычым шмат хто з беларусаў набраў максімальную колькасць балаў. А гэта значыць, што ў саміх палякаў куды меней магчымасцяў паступіць на спецыяльнасць мары.

Гэта не падабаецца польскім абітурыентам. У каментарах яны актыўна абвінавачваюць беларусаў і ўкраінцаў. А некаторыя ад словаў пераходзяць да непасрэдных дзеянняў – у сераду каля галоўнага корпусу познанскага ўніверсітэту вывесілі расцяжку «Універсітэт ім. Адама Міцкевіч для палякаў».

«Мы хацелі звярнуць увагу на відавочную праблему, – гаворыць прэс-сакратар арганізацыі Młodzież Wszechpolska Аркадыуш Яблонскі. – У Беларусі або Украіне значна прасцей здаць выпускныя іспыты, а залічваюцца гэтыя атэстаты так сама як і польскія. Мы ўсцешаныя, што грамадства пачало задумвацца над гэтаю праблемаю. Агулам, мы хочам далей працягваць сваю дзейнасць. Бо зараз міграцыя з усходніх для Польшчы краінаў стала сапраўднаю праблемаю».

Акцыя выклікала жорсткую палеміку ў польскім інтэрнэце. І зараз на месцы таблічкі UAM dla polaków (UAM для палякаў) знаходзіцца іншая – UAM dla wszystkich (УАМ для ўсіх).

Адміністрацыя ўніверсітэту рашуча асудзіла ўсе ксенафобныя заявы.

«UAM ёсць і будзе ўніверсітэтам для ўсіх. Павелічэнне колькасці замежных кандыдатаў – вынік шматгадовых намаганняў па інтэрнацыяналізацыі ўніверсітэту. Сярод іх – нашая дзейнасць у межах праграмы ERASMUS +, павелічэнне колькасці двухбаковых пагадненняў, статус даследчага ўніверсітэту і еўрапейскага ўніверсітэту – уся гэтая дзейнасць спрыяе павелічэнне мабільнасці і колькасці замежнікаў, якія навучаюцца і працуюць ва ўніверсітэце ім. Адама Міцкевіча. З’яўленне лозунга «UAM для палякаў», які вісеў на транспаранце галоўнага корпусу, і некаторыя рэакцыі, апублікаваныя ў СМІ, небяспечна набліжаюцца да мыслення, якое шмат гадоў таму прывяло да стварэння галоўнага гета альбо прынцыпу numerus clausus. Мы ўсе памятаем урок, які дала нам гісторыя тады, і мы ведаем, якую цану трэба было заплаціць усяму чалавецтву, і асабліва нам, палякам. Вось чаму наш універсітэт ёсць і будзе ўніверсітэтам для ўсіх. Толькі такім чынам ён можа служыць грамадству, Польшчы, Еўропе і свету», – гаворыцца ў афіцыйным лісце.

Як адбываецца працэс рэкрутацыі ў польскіх ВНУ?

Замежнікам, якія паступаюць у польскія вучэльні, трэба падрыхтаваць школьны атэстат разам з апастылем. Адзнакі перапісваюцца супрацоўнікамі ВНУ, бо ў Польшчы іншая сістэма ацэньвання ведаў вучняў. У некаторых універсітэтах, напрыклад, Варшаўскім, беларускі атэстат залічваецца толькі на 50 %. Але ў познанскім універсітэце прымаецца цалкам.

На некаторыя спецыяльнасці вымагаюцца дадатковыя ўнутраныя іспыты, прычым яны праходзяць на аднолькавых умовах для замежнікаў і палякаў.

У каментары для belsat.eu Малгожата Рыбчыньска, прэс-сакратарка познанскага ўніверсітэту ім. Адама Міцкевіча, адзначыла, што правілы рэкрутацыі былі прынятыя яшчэ некалькі гадоў таму.

Універсітэт імя Адама Міцкевіча. Познань, Польшча.
Фота: UAM w Poznaniu / Facebook

«Я не заняла чыёсьці месца!»

Маргарыта Казак стала студэнткай, набраўшы самыя высокія балы. Яна кажа, што была абражаная дзеяннямі польскіх нацыяналістаў.

«Пра скандал чула і была вельмі смутная праз гэта. Вельмі хачу мець магчымасць даказаць, што не проста прыйшла заняць чыёсьці месца, а гатовая рупліва вучыцца, каб мець аднолькавы ўзровень з мясцовымі. Такія заявы, як «UAM для палякаў» не падтрымліваю. Я б ніколі так не стала гаварыць пра замежнікаў у беларускіх вучэльнях. Мне было вельмі важна і прыемна прачытаць заяву рэктаркі ўжо на наступны дзень пасля скандалу. Гэта прыклад, як універсітэт не маўчыць, а аператыўна і смела рэагуе».

Маргарыта набрала 100 балаў са 100. Ейны сярэдні бал атэстату пасля школы – 9,8 балаў. Маргарыта падавала дакументы ў іншы польскі ВНУ ў Любліне, але там узніклі непаразумеласці па аплаце [дзяўчына выйграла стыпендыю Каліноўскага, якая пакрывае кошт вучобы – belsat.eu] і яна вырашыла не паступаць туды. А ў познанскі ўніверсітэт прайшла адразу на тры факультэты: журналістыкі, сацыялогіі і фільмазнаўства.

«Я выбрала UAM, бо яшчэ да паступлення чула пра яго. Ён першы, па-за праграмай Каліноўскага, быў гатовы прыймаць беларускіх студэнтаў на бясплатную вучобу. У Познані будзе вучыцца шмат маіх сяброў і знаёмых, таму я не застануся адна», – гаворыць дзяўчына.

Іншая суразмоўца «Белсату», якая пажадала застацца ананімнай (дадзеныя дзяўчыны ёсць у рэдакцыі) – набрала максімальны бал пры паступленні на факультэт псіхалогіі. Дзяўчына кажа, што паступала з дапамогаю агенцтва. Сярэдні бал ейнага атэстату – таксама 9,8. У Варшаве на псіхалогію ёй трэба было здаваць яшчэ ўнутраны іспыт. У лепшы ВНУ Польшчы яна патрапіла ў рэзервовы спіс. Але калі атрымаецца паступіць у Варшаву, то паедзе ў польскую сталіцу.

  • У 2020 годзе ў познанскі ўніверсітэт паступіла 214 беларусаў, сёлета агульная колькасць замежнікаў вырасла на 1000 асобаў.
  • Большасць замежнікаў мусіць вучыцца ў Польшчы платна. Выключэнне робіцца толькі для людзей з картай паляка, тых, хто здаў іспыт на валоданне польскай мовай на ўзроўні C1 ды грамадзянаў Еўразвязу.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў