«Задача з трыма невядомымі». Дзе браць грошы для пенсій і як не павышаць пенсійны ўзрост


У Беларусі зноў загаварылі пра пенсійную рэформу. У прыватнасці, абмяркоўваецца пытанне павышэння пенсійнага ўзросту для жанчын і павелічэнне выплат у ФСАН саміх працаўнікоў. Аднак падобна на тое, што ўлады на рэальныя рэформы пакуль пайсці не гатовыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Тэма пенсійнай рэформы ўзнікла з падачы публікацыі на партале Zerkalo. У ёй паведамлялася, што з прапановай у чарговы раз павысіць пенсійны ўзрост выступіла дырэктарка Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага (БСПН) Жанна Тарасевіч. Паводле інфармацыі парталу, у бізнес-саюзе лічаць, што ўзрост выхаду на заслужаны адпачынак для жанчын трэба паступова падняць да 63 гадоў і прыкметна падняць памер адлічэнняў у ФСАН саміх работнікаў. Тады як для наймальнікаў іх знізіць.

Аднак у самім саюзе ў размове з карэспандэнтам «Белсату» паведамілі аб памылковасці пададзенай СМІ інфармацыі. У БСПН адзначылі, што саюз нікуды ніякіх прапаноў па пенсійнай рэформе не накіроўваў. Сваімі думкамі пра тое, што рабіць з пенсійнай сістэмай у Беларусі, кіраўніца аб’яднання Жанна Тарасевіч падзялілася ў размове з выданнем MyFin. У ходзе інтэрв’ю яна распавяла аб прапановах, якія бізнес-саюз перадаваў беларускім чыноўнікам яшчэ каля дзесяці гадоў таму. Гаворка ішла пра тое, што адсутнасць прапанаваных рэформаў пагражае чарговым павелічэннем пенсійнага ўзросту.

Што прапануе саюз

У Бізнэс-саюзе прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага, у прыватнасці, прапаноўвалі захаваць дзейную салідарную пенсійную сістэму, падзяліўшы яе на тры ўзроўні:

1. Салідарна-размеркавальны ўзровень. Кожны работнік незалежна ад статусу (самазаняты, індывідуальны прадпрымальнік, наёмны работнік) павінен удзельнічаць у пенсійнай сістэме і адлічваць мінімальны ўзнос у залежнасці ад мінімальнай зарплаты (МЗП).

2. Умоўна-назапашвальны ўзровень. Пры ім памер будучай пенсіі людзей, якія атрымліваюць больш МЗП, будзе залежаць ад памеру зарплаты работніка. Тады ў іх будзе матывацыя ўдзельнічаць у пенсійнай сістэме, бо пакуль сума пенсіі не вельмі моцна залежыць ад узроўню заробку. Акрамя таго, работнік будзе зацікаўлены ў тым, каб не атрымліваць зарплату ў канверце.

«Гэты ўзровень будзе дыферэнцаваць маю пенсію: чым больш я зараблю, тым у старасці я буду большую атрымліваць пенсію», –каментуюць сваю прапанову ў бізнес-саюзе.

БСПН таксама лічыць, што варта выраўноўваць долю адлічэнняў ад работнікаў і працадаўцаў, прыйшоўшы паступова ад сённяшніх 1% і 34% да суадносінаў 50/50.

3. Назапашвальны ўзровень мае на ўвазе, што працаўнік дадаткова і добраахвотна адлічвае грошы на сваю будучую пенсію.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Беларусы будуць зацікаўлены ў тым, каб не атрымліваць пенсію па дасягненні пэўнага ўзросту, а працягваць працаваць, і ў выніку павялічыць яе памер.

Апошняе ўжо рэалізуецца. Акрамя таго, з 2023 года самазанятыя будуць плаціць 10 % ад сваёй выручкі, якія будуць дзяліцца паміж падатковымі органамі і фондам сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН). Дзякуючы гэтаму яны змогуць разлічваць на пенсію па ўзросце, а не на сацыяльную пенсію ў памеры прыкладна 150 рублёў.

«Адкуль будуць брацца пенсіі?»

10 гадоў таму БСПН імя Куняўскага накіраваў свае прапановы ў Міністэрства працы і сацабароны, прафсаюзы і іншыя зацікаўленыя органы, але тады бізнесу-саюзу адказалі, што «гэта зарана». Затым была прынятая пастанова аб павелічэнні пенсійнага ўзросту: з 55 да 58 у жанчын і з 60 да 63 у мужчын.

«Пытанне аб тым, ці будзем мы вяртацца да пенсійнай рэформы, дастаткова сур’ёзнае. Яно і сацыяльнае, і палітычнае. Гэта зноў трэба ствараць працоўную групу, гэта зноў трэба лічыць, зноў трэба шукаць час», – заявілі ў саюзе.

Аб’ектыў
«Нам прыйдзецца вяртацца да чарговай рэформы»: ці ёсць у беларусаў магчымасць дажыць да пенсіі?
2022.06.22 22:50

У БСПН адзначылі, што ўжо цяпер Фонду сацыяльнай абароны не стае грошай для ўсіх выплат і ён вымушаны браць іх з рэспубліканскага бюджэту. Пры гэтым ёсць вялікая верагоднасць зніжэння як падатковых паступленняў, так і долі працаздольнага насельніцтва.

«У нас дэмаграфія памяншаецца. Мы пастаянна минусуем. Калі ў нас частка людзей з’ехала за мяжу і сёння не плацяць пенсійныя адлічэнні, то адкуль будуць брацца пенсіі?» – заявілі ў бізнес-саюзе.

У такой сітуацыі трэба будзе альбо памяншаць памер пенсійных выплат, альбо павялічваць нагрузку на наймальніка, які і так ужо неканкурэнтназдольны, альбо зноў прыходзіць да павышэння пенсійнага ўзросту, у прыватнасці, зраўнаць узрост выхаду на пенсію для мужчын і жанчын. Апошняе можа быць вымушаным варыянтам вырашэння пытання, заявілі ў БСПН імя Куняўскага.

«Прынамсі, мы павінны пачынаць дыскусію, Што рабіць з нашай пенсійнай рэформай. Хто заўтра нашых пенсіянераў забяспечыць пенсіямі? Як нашым наймальнікам забяспечыць канкурэнтаздольнасць? Якім чынам вырашыць два гэтыя невырашальныя пытанні, каб і пенсіі павялічыліся, і нагрузка на наймальніка не вырасла. Пры тым, што працаздольнае насельніцтва ў нас скарачаецца. Гэта задача з трыма невядомымі», – заявілі ў арганізацыі.

Паўмільярда рублёў датацый

Аб тым, што Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі мае пэўныя цяжкасці, сведчыць апошняя статыстыка самога ФСАН.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Фармальна ў студзені-траўні 2022 года бюджэт фонду быў выкананы з прафіцытам: даходы перавысілі выдаткі на Br 302,5 млн.

Аднак даходы ФСАН дапамаглі сфармаваць ўліванні з рэспубліканскага бюджэту ў памеры Br 510,3 млн. Без гэтых сродкаў бюджэт фонду быў бы дэфіцытным у памеры Br 207,8 млн.

«Для мужчынаў далей павышаць узрост ужо немагчыма»

У каментары «Белсату» старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Анастасія Лузгіна, адзначыла, што прапановы па павышэнні пенсійнага ўзросту з’яўляюцца вельмі непапулярнымі сярод насельніцтва, паколькі пагаршаюць умовы жыцця.

«З іншага боку з улікам бягучых рэалій, эканамічных праблем бюджэту і ФСАН, з улікам старэння насельніцтва, хутчэй за ўсё, мы да гэтага [павышэння пенсійнага ўзросту. – Рэд. Belsat.eu] прыйдзем. Пытанне – калі: праз год, праз два альбо праз пяць», – адзначыла эканаміст.

Анастасія Лузгіна нагадала, што працягласць жыцця жанчын у Беларусі большая, чым у мужчын. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя па стану на верасень 2020 года, у жанчын яна складае 78 гадоў, у мужчын – 64 гады.

«Для мужчын павышаць далей узрост ужо немагчыма, таму што сярэдняя працягласць жыцця і так практычна роўная ўзросту выхаду на пенсію. Жанчыны ж жывуць даўжэй, пры гэтым выходзяць на пенсію ў 58 гадоў. Таму я думаю, што гэта будзе рэалізоўвацца», – падкрэсліла эксперт.

Лепш пакуль не прыдумалі

Важным момантам, на думку Анастасіі Лузгіной, можа стаць і дыферэнцыяцыя пенсійных выплат паміж працадаўцам і работнікам. Пры гэтым эканаміст выступае менавіта за «увядзенне элементаў накапляльнай пенсіі, таму што нічога лепш пакуль сусветны вопыт не прыдумаў».

Са слоў суразмоўніцы, менавіта назапашвальны элемент дазваляе захаваць узровень жыцця для тых людзей, якія атрымліваюць высокія заробкі, і пры іх выхадзе на пенсію. Аднак такая рэформа – «гэта не хуткая справа, гэта доўгі перыяд часу».

«Гэта досыць складаны працэс. Яго трэба было пачынаць не зараз і нават не ўчора, а гадоў 10-15 таму. Але ў нас да гэтага часу захоўваецца размеркавальная сістэма, якая на сённяшні дзень паказвае неэфектыўнасць», – падкрэсліла эканаміст.

Анастасія Лузгіна заявіла, што павышэнне пенсійнага ўзросту – гэта тэхнічная мера, а пенсійнай сістэме ўжо даўно патрэбныя якасныя змены. Ды і бясконца павышаць пенсійны ўзрост не атрымаецца, дадала эксперт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Пры гэтым, што тычыцца прыватнай назапашвальнай сістэмы, у святле сённяшняй эканамічнай і палітычнай сітуацыі рызыкі ажыццяўлення доўгатэрміновых укладанняў вельмі высокія. Таму прыватныя пенсійныя назапашванні пакуль не будуць папулярныя праз высокія рызыкі, лічыць эканаміст.

На думку Анастасіі Лузгіной, неабходна ствараць дзяржаўныя назапашвальныя фонды, якія будуць гарантавана праводзіць пастаянную індэксацыю назапашванняў. Пры гэтым гэтыя сродкі павінны быць аддзеленыя ад існых выплат пенсій ФСАН і павінны адкладацца для тых людзей, хто ўжо перайшоў на назапашвальны элемент. Праўда, у гэтым выпадку памяншаецца колькасць сродкаў, якія ёсць у распараджэнні на сённяшні дзень, што «таксама праблематычна з улікам усё той жа эканамічнай і палітычнай сітуацыі».

А што ў суседзяў?

З пяці краін-суседак Беларусі пенсійны ўзрост на сёння павышаюць адразу тры. І толькі Расея па гэтым паказчыку пакуль адстае ад нашай краіны.

У Латвіі і для мужчын, і для жанчын пенсійны ўзрост складае 64 гады і 3 месяцы. Да 2025 годзе ён павінен павялічыцца да 65 гадоў.

У Літве цяпер мужчыны выходзяць на пенсію ў 64 гады і 4 месяцы, жанчыны – у 63 гады і 8 месяцаў. У 2025 годзе іх пенсійны ўзрост зраўнаецца і складзе 65 гадоў.

У Польшчы мужчыны выходзяць на пенсію ў 65, жанчыны – у 60. Яшчэ пяць гадоў таму ў суседняй краіне пенсійны ўзрост складаў 67 гадоў для ўсіх, але потым яго зменшылі.

У Расеі мужчыны выходзяць на пенсію ў 61,5 года, жанчыны – у 56,5 гада. Да 2028 году гэтыя паказчыкі павінны скласці 65 і 60 гадоў адпаведна.

Ва Украіне выйсці на пенсію ў 60 гадоў могуць мужчыны і жанчыны, у якіх ёсць 29 гадоў страхавога стажу. У каго такі стаж ад 19 да 29 гадоў – у 63 гады, а калі толькі 19 гадоў, то ў 65 гадоў. У 2028 годзе ім трэба будзе 35 гадоў афіцыйнага працаўладкавання для выхаду на пенсію ў 60 гадоў.

Макар Мыш / АА belsat.eu

Стужка навінаў