У Беларусі затрымалі грамадзяніна Латвіі і накіравалі яго ў псіхіятрычную бальніцу на экспертызу, заявіла парламенцкі сакратар МЗС Латвіі Занда Калніня-Лукашэвіч, перадае латвійскае выданне La.lv.
Паводле інфармацыі латвійскага боку, мужчына быў затрыманы пасля праверкі мабільнага тэлефона. Нагодай для затрымання сталі паведамленні, якія «не падтрымлівалі дыктатара Лукашэнку», заявіла сакратар Міністэрства замежных справаў.
Супрацоўнікі латвійскага консульства не змаглі сустрэцца з затрыманым.
«Мы неадкладна запыталі сустрэчу для консульскай дапамогі. Калі нашыя працаўнікі консульства хутка выехалі ў пазначанае месца, чалавека ўжо не было пад вартаю, яго змясцілі ў псіхіятрычны шпіталь», – распавяла Занда Калніня-Лукашэвіч.
У шпіталі на псіхіятрычнай экспертызе затрыманы будзе заставацца на працягу месяца.
Таксама ў МЗС Латвіі заклікалі грамадзянаў краіны ўстрымацца ад паездак у Беларусь без неабходнасці і папярэдзілі, што грамадзянаў Латвіі могуць спыняць і арыштоўваць на вуліцы.
Алена Рувіна belsat.eu